Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вашынгтоне ўшанавалі загінулых журналістаў


Учора амэрыканская Рада дырэктараў замежнага вяшчаньня (Broadcasting Board of Governors) адкрыла ў Вашынгтоне мэмарыяльную дошку, прысьвечаную памяці журналістаў з Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і Голасу Амэрыкі, якія загінулі, выконваючы свае прафэсійныя абавязкі.


Гэты трагічны сьпісак адкрывае беларус Леанід Карась, які загінуў у Мюнхэне 7 верасьня 1954 году. Сьледзтва заключыла, што Карась, найбольш верагодна, утапіўся ў рацэ Ізар, якая праплывае горадам. Аднак абставіны гэтай сьмерці так і ніколі не былі высьветленыя. Ягоныя калегі зь беларускай службы Радыё Свабода (якое тады называлася Радыё Вызваленьне) не выключалі, што Карась мог стацца ахвярай савецкіх агентаў, пра якіх у той час хадзілі чуткі, што яны палююць на Захадзе на людзей з-за „жалезнай заслоны”. Гэтая вэрсія стала яшчэ больш верагоднай, калі ў гэтым самым годзе ў Мюнхэне быў знойдзены пакалечаны і задушаны журналіст азэрбайджанскай службы Радыё Вызваленьне Абдульрахман Фаталібэй.

Леанід Карась нарадзіўся 20 лістапада 1923 г. у вёсцы Дзямідзінкі Дзісьненскага павету. Пасьля заканчэньня ІІ сусьветнай вайны вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Баварыі. У 1948 годзе, разам зь сябрамі, вядомымі ў гісторыя беларускай эміграцыі як „Дванаццатка”, выехаў на заробкі ў Вялікабрытанію. Потым вучыўся ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі, а ў 1954 г. прыехаў на працу ў Мюнхэн.

Падчас урачыстасьці адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі ў Вашынгтоне, дырэктар Хаакін Блая з Рады дырэктараў замежнага вяшчаньня сказаў:

„Сочачы за падзеямі, слухаючы погляды іншых людзей, ставячы пытаньні і потым дзелячыся інфармацыяй, журналісты змагаюцца зь няведаньнем і дэзінфармацыяй у сьвеце. Але калі прыладамі працы журналіста зьяўляюцца пяро, папера, а часам лэптоп, фотаапарат і мікрафон, дык у арсэнале ворагаў свабоды словы часта выступаюць кулакі, арышты, ордэры на ператрусы і — як выразна вынікае з нашага сёньняшняга ўшанаваньня — забойствы”.

У ганаровы сьпіс Рады дырэктараў замежнага вяшчаньня ўключаныя таксама наступныя журналісты:

-- Георгі Маркаў з баўгарскай службы Радыё Свабодная Эўропа, атручаны ў Лёндане ў 1978;
-- Рыкарда дэ Мэла з Голасу Амэрыкі, застрэлены ў Анголе ў 1995;
-- Іскандар Хатлані з Радыё Свабода, забіты ў Маскве ў 2000;
-- Абдуль-Хусэйн Хазаль, застрэлены разам з сваім 3-гадовым сынам у Іраку ў 2005;
-- Агульсапар Мурадава з Радыё Свабода, памерла ў нявысьветленых абставінах у турме ў Туркмэністане ў 2006;
-- Хамаіл Мухсін Халаф, застрэленая ў Іраку ў 2007;
-- Назар Абдульвахід Аль-Рахдзі, застрэлены ў Іраку ў 2007;
-- Алішэр Саіпаў, карэспандэнт Радыё Свабода і Голасу Амэрыкі, застрэлены ў Кіргістане ў 2007.

На здымку: Хаакін Блая з Рады дырэктараў замежнага вяшчаньня выступае на цырымоніі


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG