Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля выбуху міліцыя схамянулася


Пасьля начнога выбуху ў Менску 4 ліпеня на вуліцах і вакзалах беларускіх гарадоў паболела міліцэйскіх патрулёў, абапал дарог — супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспэкцыі.


Ці надоўга ўсталяваны асаблівы рэжым пільнасьці? Якія высновы зробленыя, каб гарантаваць бясьпеку на будучыню? Як цяпер будуць праводзіцца масавыя акцыі зь вялікай колькасьцю прысутных?

На мінулым тыдні пасажыраў мэтро і грамадзкага транспарту ў Менску пачалі папярэджваць, каб яны ня страчвалі пільнасьці і зьвярталіся да супрацоўнікаў міліцыі, убачыўшы падазроны прадмет. 10 ліпеня пільнасьць аднаго з пасажыраў прывяла да эвакуацыі людзей са станцыі мэтро “Ўручча”. Забыты кімсьці “дыплямат” быў парожні, але псыхалёгія людзей відавочна зьмянілася — раней на безгаспадарную рэч наўрад ці хто зьвярнуў бы ўвагу.

Адчулі зьмены ў стасунках зь сілавымі структурамі аўтакіроўцы, якіх пачалі часьцей спыняць у прафіляктычных мэтах. Цяпер, апроч звыклай праверкі дакумэнтаў, супрацоўнік ДАІ часта зазірае ў салён, у “бардачок”. Інспэктар ДАІ Менску Юры Красноў не хавае, што пасьля 4 ліпеня давялося “актывізавацца”:

“Можна сказаць, што ў зьвязку зь вядомымі падзеямі мы актывізавалі працу. Кіраўніцтва дало нам указаньне зьвяртаць увагу на пакінутыя пакеты, на падазроныя прадметы. Дадатковыя заняткі праведзеныя на выяўленьне выбуховых рэчываў, прайшлі спэцыяльныя мерапрыемствы. Гэта тычыцца і нясеньня службы, калі спыняецца транспарт — правяраюць багажнік, каб нічога ў салёне лішняга не было. Прыкладам, падазроную машыну спыняюць, нешта не спадабалася — абавязкова папросяць багажнік адчыніць. Таксама супрацоўнікі ДАІ ходзяць выступаць у працоўныя калектывы, гутараць з насельніцтвам. Просяць, калі хто будзе сьведкам нестандартных здарэньняў, каб паведамлялі. Таму праца праводзіцца больш узмоцнена”.

Масавыя акцыі ў рамках дзяржаўных і гарадзкіх сьвятаў пакуль карэктаваць не плянуецца. Пасьля Дня незалежнасьці ў Менску самы маштабны — “Славянскі базар” у Віцебску, дзе меры засьцярогі беспрэцэдэнтныя. Да восені падобных сьвятаў ня будзе. Будуць, праўда, лякальныя імпрэзы. 26 ліпеня з нагоды 155-годзьдзя пажарнай службы Беларусі плянуецца парад старой і сучаснай спэцыяльнай тэхнікі па праспэкце Незалежнасьці (ад будынку цырку да плошчы Перамогі ), шэсьце аркестраў і сьвяточнае шоў у Парку Горкага. Прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый Віталь Навіцкі кажа, што сьвята будзе пад кантролем як самога ведамства, так і міліцыі:

“У гэтым годзе будуць самыя маштабныя мерапрыемствы — тысяча чалавек задзейнічаная толькі ў парадзе, то бок можна ўявіць, які калясальны аб’ём. І ў самім парку ўсё будзе на куды цікавейшым узроўні, чым у папярэднія гады. Што да захадаў бясьпекі, то з нашага боку ўсе неабходныя меры будуць выконвацца. Будуць і нашы супрацоўнікі ў патрулях хадзіць па тэрыторыі, і натуральна, што будзе значная прысутнасьць міліцыі на самім сьвяце. Гэта ўжо характэрная рыса ўсіх масавых мерапрыемстваў”.

Наступнае маштабнае сьвяткаваньне ў Менску прыпадае на першую суботу верасьня, калі будзе адзначацца Дзень гораду. Шмат хто лічыць, што, маўляў, да таго часу гісторыя з выбухам паступова забудзецца і народ зноў пацягнецца на бясплатныя канцэрты. А вось улады Гомеля заявілі пра зьмену фармату сьвяткаваньня Дня гораду 13 верасьня. Мясцовы гарвыканкам абвясьціў, што масавага збору на плошчы Леніна ўжо ня будзе, а салютаваньні разьнясуць па мікрараёнах. Такім чынам мяркуецца разгрузіць цэнтар ад натоўпу.

Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, які быў грамадзкім рэдактарам “Свабоды” на мінулым тыдні, кажа, што ўсе вялікія мерапрыемствы павінны адбывацца згодна з дакладна адпрацаваным плянам, які экспэрт параўноўвае з “вайсковай апэрацыяй”:

“Усё ў гэтых плянах павінна быць прадугледжана. Тым больш калі гэтыя пляны ствараюцца на адно мерапрыемства, якое праходзіць кожны год у адным і тым жа месцы. Гэта можа быць адзін плян, але ён удасканальваецца кожны раз, нешта зьмяняецца з улікам абставінаў. Паводле гэтага пляну і адбываюцца ўсе падзеі. Як ажыцьцяўляецца ахова грамадзкага парадку сёньня — сказаць дакладна не магу, але думаю, што і зараз бяз пляну нічога ня робіцца. Гэты плян я параўнаў бы з пэўнай вайсковай апэрацыяй, якая дакладна распрацоўваецца. Зразумела, інфармацыя павінна быць для службовага карыстаньня ці нават засакрэчаная. Трэба, каб яе ведалі тыя, хто яго будзе выконваць, і ня ведалі тыя, хто мяркуе парушаць гэты парадак”.

Учора на чыгуначным вакзале ў Залесьсі на Смаргоншчыне я пабачыў на дошцы аб’яваў фотаробат патэнцыйнага арганізатара выбуху 4 ліпеня ў Менску. Як кажуць мясцовыя жыхары, вісіць ксэракапіяваны партрэт ужо які тыдзень. Паведамляецца, што такія ж партрэты вісяць у розных месцах па ўсёй Беларусі. Між тым высьвятляецца, што выява падробная, і хто займаецца яе тыражаваньнем — у праваахоўных органах ня ведаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG