Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Грыб: «Абвінавачаньне “ворагаў Беларусі” скіроўвае сьледзтва на ілжывы шлях»


З высокіх трыбунаў ужо чуліся розныя вэрсіі адносна таго, хто стаяў за выбухам у ноч на 4 ліпеня ў Менску —выбухам, ад якога пацярпелі больш за паўсотні гледачоў канцэрту на Дзень незалежнасьці. Аднак, як лічыць грамадзкі рэдактар гэтага тыдня, генэрал-лейтэнант у адстаўцы Мечыслаў Грыб, усялякія спробы скіраваць сьледзтва па штучным рэчышчы, якое пракладзена перадусім Аляксандрам Лукашэнкам, — памылковыя.

Нават адхіленьне ад пасадаў дзяржсакратара Віктара Шэймана і кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Генадзя Нявыгласа, якія фармальна не адказваюць за масавыя мерапрыемствы, дадае складанасьцяў апэратыўнікам. Як ужо было ў выпадку з цэлым шэрагам гучных злачынстваў, спушчаны зьверху плян на найхутчэйшы пошук зламысьнікаў прымушае хапаць першых-лепшых падазраваных, не заглыбляючыся ў сутнасьць справы.

Чаму ўлады ў крытычных сытуацыях намагаюцца застацца збоку, а грамадзкую думку скіраваць на віртуальных “ворагаў Беларусі”? І ці нельга заявы з высокіх трыбунаў успрымаць як своеасаблівы ціск на сьледзтва? Вось меркаваньне Мечыслава Грыба:

“Мне здаецца, яшчэ ад часоў савецкай улады кіраўнікі розных рэгіёнаў імкнуліся паказаць, што ў іх усё спакойна, бясьпечна, пад кантролем і г. д. І калі здараліся цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы на той ці іншай тэрыторыі, то ўсе сьпяшаліся запэўніць вышэйшае кіраўніцтва, што насамрэч усё добра, а гэта ўчыніў нейкі “адмарозак”, ці тое здарылася выпадкова, але гэта ніяк ня тычыцца насельніцтва гэтага рэгіёну, і г.д.

Імкненьне паказаць свой твар у лепшым выглядзе, чым ён ёсьць на самой справе — гэта было калісьці і гэта застаецца сёньня. І ад гэтага пазбавіцца вельмі цяжка. Але як чалавек, які ў органах унутраных справаў адпрацаваў 36 каляндарных гадоў на розных пасадах, я хачу сказаць, што ўсялякае ўмяшаньне ў расьсьледаваньне злачынстваў, перадусім асабліва цяжкіх злачынстваў, папярэдняе абвінавачваньне “ворагаў” ці яшчэ кагосьці скіроўвае сьледзтва, можа, не на зусім сапраўдны шлях у вышуку і затрыманьні рэальнага злачынцы.

Я мяркую, што трэба неяк устрымлівацца ад гэтых выказваньняў. Ня трэба рабіць нейкія высновы, асабліва людзям, якія займаюць вельмі высокія пасады. Бо калі чалавек з высокай трыбуны нешта сказаў адназначна, гэта ўспрымаецца ўжо практычна як факт. Як падзея, якая адбылася, і кірунак, у якім трэба працаваць. Можа, інтуітыўна ён і трапіць у тую кропку ў небе, як і належыць, але гэта, на мой погляд, не павінна быць практыкай, бо яно перашкаджае весьці сапраўднае расьсьледаваньне і перашкаджае аб’ектыўна працаваць сьледчым і апэратыўным работнікам. Гэтага, мне здаецца, ня трэба рабіць”.

Мечыслаў Грыб пачынаў у органах унутраных справаў на Віцебшчыне. У 1981 годзе прызначаны начальнікам Упраўленьня аховы грамадзкага парадку МУС БССР. У 1985-м — кіраўнік Упраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму, узначаліў апэратыўна-сьледчую групу для раскрыцьця забойстваў жанчын на тэрыторыі вобласьці.

У 1993 годзе Мечыслаў Грыб першы ў Беларусі быў прадстаўлены да званьня “генэрал-лейтэнант міліцыі”. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

З 1990-га — дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі. Старшыня Вярхоўнага Савету XII скліканьня, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ сліканьня. Пад старшыняваньнем Мечыслава Грыба 15 сакавіка 1994 году беларускі парлямэнт прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году — у штабе тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG