Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: моладзевага актывіста пагражаюць адлічыць з унівэрсытэту


Студэнту Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова, моладзеваму актывісту Расьціславу Панкратаву пагражаюць адлічэньнем. Ён адвучыўся ва ўнівэрсытэце на факультэце замежных моваў адзін год.

Падставай для адлічэньня стала тое, што ён ня здаў трох экзамэнаў летняй сэсіі. Расьціслаў лічыць, што ў экзамэнацыйнай камісіі да яго было перадузятае стаўленьне, бо ён актыўна займаецца апазыцыйнай грамадзкай дзейнасьцю. У рэктараце факультэту сёньня паведамілі, што пакуль студэнт Панкратаў з унівэрсытэту не адлічаны.

Расьціслаў Панкратаў ацэньвае сваю вучобу як здавальняючую. “Асаблівых цяжкасьцяў зь ёй у мяне няма”, – цьвердзіць актывіст.

“Першую сэсію я здаў адразу, без пераздачаў. А вось з другой узьніклі праблемы. Даходзіла да таго, што казалі: “Забірай дакумэнты”. Я адказваў: “Ня буду, адлічвайце”. Не хацелі дапускаць да сэсіі зусім. І вось на сэсіі мне не далі здаць трох экзамэнаў. Завалілі на трох экзамэнах”.

Паводле Расьціслава Панкратава, ва ўнівэрсытэце ведалі, што ён удзельнічае ў акцыях незарэгістраваных моладзевых арганізацыяў. Хлопец кажа, што ўвосень, як толькі ён паступіў ва ўнівэрсытэт, да яго прыходзілі супрацоўнікі КДБ і гутарылі зь ім у пакоі рэктарату.

Трэцяга ліпеня падчас урачыстасьцяў, прымеркаваных да адкрыцьця ў Магілёве ратушы, Расьціслава Панкратава затрымалі разам зь яшчэ сямю актывістамі й тры гадзіны ўтрымлівалі ў Ленінскім аддзеле міліцыі. Нагодай для затрыманьня сталіся майкі, якія апранулі актывісты. На майках былі бел-чырвона-белы сьцяг і надпіс “Жыве Беларусь”.

Актывіст магілёўскага студэнцкага праваабарончага цэнтру Зьміцер Антончык лічыць, што пагрозы адміністрацыі адлічыць Расьціслава Панкратава з унівэрсытэту — гэта спроба запалохаць яго асабіста ды іншых студэнтаў, якія зьбіраюцца ўдзельнічаць у сёлетняй выбарчай кампаніі:

“Моладзь выклікаюць у дэканат, і ідзе ціск на самым высокім узроўні, то бок ад дэкана да рэктара. Яны пагражаюць адлічэньнем і праблемамі са здачай сэсіяў. Такім чынам, адміністрацыі ВНУ і КДБ спрабуюць адхіліць моладзь ад палітычнай актыўнасьці”.

Калі Расьціслава Панкратава адлічаць з унівэрсытэту, гэта будзе другі такі выпадак на Магілёўшчыне. Сёньня ў дэканаце факультэту замежных моваў паведамілі, што Панкратаў пакуль што застаецца студэнтам Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова.

У лютым з Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі адлічылі студэнта трэцяга курсу аграэкалягічнага факультэту Ігара Пажарыцкага. Сваё адлічэньне спадар Пажарыцкі зьвязвае з грамадзкай дзейнасьцю. Ён быў карэспандэнтам недзяржаўнай газэты “Ўзгорак”, рэдагаваў студэнцкую газэту “Студэнцкі гарадок”, а таксама зьбіраў подпісы студэнтаў супраць будаўніцтва ў Горацкім раёне атамнай электрастанцыі.

Ігар Пажарыцкі зьбіраецца працягваць вучобу, аднак цяпер за мяжой — альбо ў Літве ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, альбо ў Эстоніі.

У Магілёве летась у сьнежні ўдалося адстаяць сваё права вучыцца ва ўнівэрсытэце імя Куляшова старшыню моладзевай суполкі беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Станіславу Кавалеўскаму. Да рэктара ўнівэрсытэту Канстанціна Бандарэнкі пісьмова зьвярнуўся сустаршыня агульнабеларускай рады названага прафсаюзу Аляксандар Бухвостаў, і гэта дапамагло. На Магілёўшчыне такі выпадак — адзіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG