Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Бундэстагу: “Спакой і стабільнасьць без свабоды — гэта могілкі”


Сёньня лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька і Аляксандар Мілінкевіч дзьве гадзіны размаўлялі з дэлегацыяй камітэту правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі Бундэстагу. Нямецкія парлямэнтары знаходзяцца зь візытам у Беларусі.


Пасьля заканчэньня сустрэчы Анатоль Лябедзька распавёў “Свабодзе”:

“Для нас вельмі важна было зрабіць акцэнт на непрымальнасьці некалькіх пазыцый з боку міжнароднай супольнасьці: камэрцыялізацыю стратэгіі Эўропы адносна беларускага рэжыму і непрымальнасьць формулы абмену 3—5 месцаў у Палаце прадстаўнікоў для прадстаўнікоў АДС на легітымізацыю рэжыму. Гэта для нас абсалютна немажліва.

І я думаю, што мы дасягнулі сваёй мэты, бо кіраўнік дэлегацыі спадар Гайбах напрыканцы размовы сказаў: нас ня можа асьляпіць сытуацыя, калі 3—5 дэпутацкіх месцаў падменяць свабодныя і справядлівыя выбары. Вельмі важна і тое, што дэпутат Гайбах адзначыў: “Спакой і стабільнасьць без свабоды — гэта могілкі”. Гэта тычыцца таго, што той-сёй у Эўропе лічыць: калі беларуская ўлада пойдзе на нейкія эканамічныя саступкі, дык тады можна прымружыць вочы на сытуацыю з палітвязьнямі, правамі чалавека, свабоднымі выбарамі.

Гэтыя дзьве рэплікі мяне асабіста абсалютна задаволілі”.

А вось Хэльга Шміт — начальнік аддзелу палітыкі Генэральнага сакратарыяту Рады Эўразьвязу, кантактная асоба генэральнага сакратара Хавіера Саляны ў пытаньнях узаемадзеяньняў з Рэспублікай Беларусь — пакінула Беларусь. Апошнім пунктам яе праграмы знаходжаньня ў Беларусі стала сустрэча з намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Пяткевіч. У гэтай дыскусіі таксама бралі ўдзел супрацоўнік аддзелу палітыкі Пірка Тапіёла і амбасадарка Францыі ў Беларусі Мірэй Мюсо — на правах прадстаўніка краіны, якая цяпер ачольвае Эўразьвяз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG