Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч: “Ахова выцягвае першую асобу зь месца здарэньня”


У хуткім часе пасьля выбуху ў Менску А.Лукашэнка наведаў месца здарэньня. Ці можа ахова дазволіць кіраўніку дзяржавы заставацца ў небясьпечным месцы пасьля выбуху альбо страляніны, асабліва калі няма гарантыі, што яны не паўторацца?

Два тыдні таму ў тэль-авіўскім аэрапорце Бэн-Гурыён пад час цырымоніі адлёту прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі адбыўся стрэл (як потым высьветлілася, скончыў самагубствам адзін з паліцыянтаў). Ахова Сарказі імгненна заштурхнула ў самалёт Сарказі і ягоную жонку, а ізраільскага прэм’ера Ольмэрта ягоная ахова запхнула ў аўтамабіль. І толькі калі высьветліўся характар стрэлу, Сарказі і Ольмэрту было дазволена выйсьці і разьвітацца.

Прадстаўнікі адпаведных службаў Украіны і Расеі, якія займаюцца аховай першых асобаў, адмовіліся адказваць на пытаньне пра альгарытм дзейнасьці аховы ў такіх сытуацыях, спаслаўшыся на сакрэтнасьць.

Мы патэлефанавалі першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу, які ў 1991-1994 годзе меў дзяржаўную ахову. Спадар Шушкевіч штогод удзельнічае ў канфэрэнцыях у Сэуле, куды запрашаюцца дзейныя і былыя кіраўнікі дзяржаў.

Шушкевіч: “У такой сытуацыі ахова, што б там ні рабіла гэтая "першая асоба", хапае яе і выцягвае з таго месца, дзе гэта адбылося. І што б ні рабіла гэтая асоба, паўтараю, яе з гэтага месца, дзе такое здарэньне мела месца (таму што там могуць быць паўторы) – выцягваюць. Гэта – адназначна”.

Аляксандар Лукашэнка не ўпершыню апынаецца ў зоне падвышанай небясьпекі. Нагадаем, што фармальнай нагодай для так званай “эвакуацыі” (якая суправаджалася зьбіцьцём) дэпутатаў БНФ у Вярхоўным Савеце ў красавіку 1995 году была інфармацыя пра замінаваньне Авальнай залі. Між тым, паводле сьведкаў, у тую ноч Лукашэнка знаходзіўся ў Доме ўраду ў сваім кабінэце, на адлегласьці некалькіх дзясяткаў мэтраў ад Авальнай залі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG