Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята 3 ліпеня: плюсы і мінусы пампэзнасьці


Афіцыйная Беларусь стварыла новы стыль адзначэньня дзяржаўных сьвятаў, які ў вялікай ступені падобны да савецкіх сьвяткаваньняў, але адзначаецца большай пампэзнасьцю.

Маштабы адзначэньня дзяржаўных сьвятаў у Беларусі з году ў год шырацца. Калі раней буйныя ваенныя парады ды шэсьці вэтэранаў ладзіліся на юбілейныя даты, а ў неюбілейныя гады ўсё выглядала нашмат сьціплей, то цяпер тэхніка, вайсковыя злучэньні і фізкультурнікі праходзяць перад трыбунамі з найвышэйшым кіраўніцтвам краіны штогод. Падаецца, што паступова адыходзіць на задні плян сама дата, да якой прывязваецца тая ці іншая імпрэза, мяркуе аналітык Вадзім Казначэеў.
Ён кажа, што ў сучаснай Беларусі мэтанакіравана ўзнаўляецца тое, што засталося ў спадчыну ад Савецкага Саюзу. Парады вайсковай тэхнікі і фізкультурна-спартовыя шэсьці пад пільным позіркам моцных гэтага сьвету, масавы прагляд салютаваньняў і далейшае хаатычнае адзначэньне на прыродзе — усё гэта ад старэйшага пакаленьня цяпер перадаецца моладзі. Робіцца гэта, на думку экспэрта, у карыкатурным выглядзе:
“Пачынаючы ад трактаваньня самой даты, якая зьяўляецца, пэўна, урачыстай, бо гэта дзень вызваленьня сталіцы. Але гэта ніяк ня ёсьць Дзень незалежнасьці ў зьвязку з тым, што гэта было ўведзена валявым рашэньнем, а ня тое, што засталося ў спадчыну. Адпаведным чынам усё гэта і сьвяткуецца.
Напэўна, тут усё ж у меншай ступені праява комплексу непаўнавартасьці ўлады, які праяўляецца часьцяком, але, відаць, у дадзеным выпадку ня самы яскравы прыклад. Гэта хутчэй працяг вось гэтай лініі, якая праводзіцца пасьлядоўна на аднаўленьне Савецкага Саюзу ў адной, асобна ўзятай Беларусі. Робіцца гэта, як правіла, у карыкатурным выглядзе. І гэта таксама адна з праяваў. Тое ж самае, пачынаючы са сьцягу, гербу, гімну, “лініі Сталіна” і г.д.”
Палітоляг Аляксандар Фядута лічыць, што ў пампэзнасьці, зь якой адзначаецца Дзень незалежнасьці, ёсьць і станоўчы бок. Прынамсі, падкрэсьленае акцэнтаваньне на незалежнасьці беларусаў ад зьнешняга ўплыву здымае балючае пытаньне наконт формаў гіпатэтычнай інтэграцыі ў іншыя дзяржаўныя альянсы:
“Я ня бачу нічога дрэннага ў пампэзным адзначэньні галоўнага сьвята краіны, якім павінен зьяўляцца Дзень незалежнасьці. Незалежнасьць у нас усталявалася ня так даўно, і кожны год, калі ўлада вось так пампэзна адзначае гэтае сьвята, яна тым самым умацоўвае ў галовах тых людзей, якія яшчэ мелі нейкі сумнеў наконт таго — будзе Саюз зноў, ня будзе Саюзу... Дык вось, ніякіх саюзаў ня будзе, будзе незалежная краіна”.
Франтавік, народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў лічыць, што людзі фізіялягічна маюць патрэбу ў масавых гуляньнях — занадта цяжка зараз даецца мірнае жыцьцё. Таму, як часта гэта было ў гісторыі, людзі з аднолькавым імпэтам патрабуюць і хлеба, і відовішчаў:
“Усе пачалі бразгаць зброяй — і на Далёкім Усходзе, і на Блізкім Усходзе. Паказваюць танкі, якія лазяць, скачуць. А як іншым? Што ж, беларусам усё жыцьцё быць нікім? Хто яго ведае. Я не палітык, каб ведаць увесь гэты бок, але мне падаецца, што калі так склалася, то, можа, няхай і будзе. Відавочна, людзям патрэбны нейкія аддушыны.
Я бачу, што сьвята — як успамін, як памяць, як надзея, што ніколі не паўторыцца той жах, які быў. Але больш думаю не пра тое, што цяпер сьвята, а пра тое, што бывае пасьля сьвяткаваньня. Якое ўвогуле павінна быць стаўленьне да ўсясьветных працэсаў, што рабіць, каб палепшыць жыцьцё людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG