Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае Купальле за мяжой


Купальле зьвязанае з дахрысьціянскай традыцыяй, гэта сьвята летняга сонцазвароту, найвышэйшага сонцастаяньня – самы доўгі дзень і самая кароткая ноч у годзе. Купальле беларусы за мяжой сьвяткуюць і ў тых краінах, дзе гэтае сьвята адзначаецца традыцыйна і мясцовымі жыхарамі – як, да прыкладу, на поўначы Эўропы, у балтыйскіх краінах, у Скандынавіі, – а таксама й там, дзе бальшыня жыхароў не адзначае неяк асабліва сьвята летняга сонцастаяньня. Да прыкладу, у амэрыканскай дыяспары ў Нью-Ёрку існуе ўжо свая традыцыя, за якой – гісторыя каханьня, асьветленая Купальлем. (эфір 24 чэрвеня)

Сям'я Пётры і Алены Рыжых і Валянціна Якімовіч, як звычайна, і сёлета былі асноўнымі арганізатарамі амэрыканскага Купальля, якое заўсёды тут ладзіцца дакладна ў самую кароткую чэрвеньскую ноч – незалежна ад надвор'я. Вось сёлета, напрыклад, абяцалі навальніцу, але сьвята пераносіць немагчыма – і дождж чакаў да наступнага дня.

“Надвор'е было выдатнае, людзей было шмат, – кажа Алена. – Сёлета зусім было ідэальнае Купальле, нам нічога не перашкодзіла. Ну, у нас ніколі не было дрэннага Купальля, але сёлета асабліва добрае – і настрой такі быў вельмі прыемны”.

“Найлепшае сьвята, калі беларусы зьбіраюцца разам, усё па-беларуску, старадаўнія беларускія песьні, – калі ў Купальскую ноч гучаць беларускія песьні, гэта найлепшая рэч, якая толькі можа быць”, – кажа Пётра.

Пяцігадовай Паўлінцы шмат што запомнілася: “Вельмі шмат месца было, і вогнішча вялізарнае, і такая гарачыня была ад гэтага вогнішча! Мы столькі шмат разоў вадзілі карагоды вакол вогнішча!.. Добра там было. Там была такая сьмешная гульня – у цяцерку. Дзяўчаты і хлопцы бегалі. А потым каго хлопец схопіць – і пацалуе! Я была такая хуткая, што за мной не пасьпявалі!”

“Пачуць сваю мову, песьні, карагоды павадзіць, пагуляцца, – заўсёды прыемныя ўспаміны з Купальля. Крупнік быў цудоўны, такі духмяны”, – кажа Паўлінчына мама Галіна.

“Чорцікамі” не былі

Амэрыканскія беларусы Купальле прыяжджаюць сьвяткаваць у нацыянальных беларускіх строях. Тыя, хто адзетыя звычайна – гэта “чорцікі”. “У мяне быў сапраўдны строй!” – кажа Паўлінка. Яна і яе малодшы брацік Данілка не былі “чорцікамі”.

Мама Паўлінкі, Галіна Падлеская, кажа, што ў іх уся сям'я надзявае на беларускія сьвяты нацыянальныя строі – і дзеці, і бацькі.

“Ёсьць у дзяцей строі, якія мы зрабілі, папросту нашыўшы стужкі. І ёсьць сапраўдныя, ёсьць строі, якія ім падаравалі сем'і, дзе дзеці ўжо вырасьлі. Вышываныя, вельмі добрыя. У майго мужа, Андруся, яшчэ з часоў “Талакі”, зь Беларусі добры вышываны строй захаваўся”.

Тыя, хто ня мае ўласнага строю і не хацелі б быць “чорцікамі”, могуць падабраць сабе адзеньне ў арганізатараў. Пра гэта, ды пра безьліч іншых справаў рупіцца Валянціна Якімовіч і сям'я Рыжых.

Гісторыя каханьня

“Гэта ўжо шостае такое сьвята, – прыгадвае Пётра Рыжы. – Калі я пазнаёміўся зь Ленай, гэта былі нашыя першыя сустрэчы як хлопца і дзяўчыны. І мы якраз займаліся тады арганізацыяй Купальля, паехалі шукаць добрае месца для сьвяткаваньня... Далёка езьдзілі, і нават машына была сапсавалася, але месца мы знайшлі. І сваё шчасьце разам знайшлі”.

Алена і Пётра маюць ужо двух маленькіх сыноў – Янку і Алесіка. І ад таго першага свайго Купальля кожны год ладзяць сьвята, загадзя замаўляюць месца – дазвол бярэцца яшчэ ў студзені, – словам, фактычна цягам усяго году ідзе падрыхтоўка.

“Справа ў тым, што гэта – гісторыя нашага каханьня, – кажа Алена. – Калі Пётра і я пачалі сустракацца, мы якраз арганізоўвалі нашае першае Купальле. І пасьля гэтага мы пабраліся шлюбам. І пасьля мы сталі рабіць Купальле кожны год у нашых мясьцінах у Нью-Ёрку для нашай беларускай суполкі”.

“Можа, жыцьцё будзе саладзейшым”

І яшчэ асаблівасьць беларускага Купальля ў Амэрыцы – гэта крупнік на 27 зёлках, сакрэтам якога валодае Валянціна Якімовіч, а варыць пад яе наглядам Пётра Рыжы, – але Алена распавяла, што гатаваць яго могуць усе ахвочыя і даведацца сакрэт можна:

“Сакрэтаў ніякіх няма, хто хоча, можа ўдзельнічаць. Валя на самой справе дадае 27 зёлак, праполіс, здаецца таксама. Мы ставім вялікую рандолу з вадой на вогнішча, і ў марлечцы ўсе гэтыя зёлкі, і ўсё гэта напарваецца, і такая вельмі смачная гарбата атрымліваецца. Тады, праз некалькі гадзінаў, калі зёлкі добра настояцца, і такі водар цудоўны, тады мы дадаем мёд і гарэлку. Мы робім дзьве рандолы – для дзяцей толькі з мёдам, без гарэлкі, і для дарослых – з гарэлкай. Усе частуюцца, п'юць усю ноч, і такім чынам падтрымліваецца голас – усю ноч можна сьпяваць”.

“Сёлета была такая асаблівасьць, што крупнік атрымаўся вельмі салодкі, як ніколі, – кажа Пётра Рыжы, які яго варыў. – Не ведаю, што гэта азначае, ці ёсьць якая прыкмета, можа жыцьцё будзе саладзейшым”.

Некранутая прырода

Пераважна беларускія Купальлі за мяжой ладзяцца ў лесе, далей ад гораду. Амэрыканскія беларусы зьбіраюцца звычайна ў нацыянальным парку – у рэзэрвацыі Ward Pound Ridge у Cross River – гэта падобна на вялікі лес, але усё ж спачатку я не паверыла расказу пяцігадовай Паўлінкі пра ваўкоў.

“А мы чулі ваўкоў. Як яны вылі недзе. Я так баялася. Я да мамы прыціскалася!”

Мама Паўлінкі кажа, што гэты нацыянальны парк – сапраўды як лес, і дзікія зьверы там ёсьць, у тым ліку і казулі, і мядзьведзі, і каёты.

“Вельмі можа быць, што там былі каёты. Калі мы туды заяжджалі, дарэчы, мы пабачылі адразу ў адным месцы напэўна зь дзясятак казуляў. Так што жывёльны сьвет там амаль што некрануты. Але я ня думаю, што да нас бы падабраліся тыя каёты. А жывёльны сьвет тут вельмі багаты. Чым далей едзеш на поўнач ад Нью-Ёрк-сіці, у бок Канады, тым больш гэтых лясоў некранутых, тым менш людзей, і там можна ўбачыць усё, што хочаш. Ды і ў горадзе у нас колькі вавёрак, бурундукоў, мядзьведзі прыходзяць. Я зусім каля дому бачыла вельмі рэдкіх птушак – чапляў-квакваў, а ў нацыянальным парку – сапраўдны лес з усімі яго спрадвечнымі насельнікамі”.

Больш фотаздымкаў зь сёлетняга Купальля ў Нью-Ёрку тут.


Папараць-кветка сама знойдзе чалавека

Знаўцы традыцыяў кажуць, што калі шукаць папараць-кветку на Купальле не дзеля сваёй карысьці, а з жаданьнем зрабіць дабро для ўсіх – папараць-кветка сама чалавека знойдзе. У Вільні на беларускім Купальлі тыя, каго знайшла папараць-кветка, атрымалі яшчэ і прызы. Сёлета сьвята было на узьбярэжжы Вяльлі, ля возера Гела. Людвіка Кардзіс сьвяткуе Купальле штогод – сёлетняе было адметнае, кажа яна.

“Было шмат Купальляў, вытрыманых паводле ўсіх канонаў фальклёрных. А гэта было такое вольнае, разьняволенае сьвята. Моладзь, студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і маладыя віленскія беларусы, усё самі зладзілі. Развучылі песьні, падрыхтаваліся вельмі сур'ёзна, абралі вельмі прыгожае месца. І вось ужо агонь шугае ўверх у нас тут, былі скокі, карагоды вакол агню, купальскія песьні, усё цудоўна. Добрае надвор'е, была ўдзень такая залева тут у Вільні, нават паводка на вуліцах, а цяпер уначы неба яснае і выдатны настрой. Усьмешкі ў кожнага, сабралася такая кампанія розных узростаў, ёсьць з намі Вера Рыч зь Вялікай Брытаніі, як, бадай, найстарэйшая тут, і зусім маладыя, і дзеці”.

“Kupala's fire holds magic power”

На віленскае Купальле сабралася больш за паўсотні мясцовых беларусаў і гасьцей. Прыехалі барды – Тацяна Беланогая і Андрэй Мельнікаў, ды музыкі з гурту Стары Ольса. У часе сьвята размаўляю зь перакладчыцай, паэткай Верай Рыч, якая прыехала ў Вільню на канфэрэнцыю і засталася на Купальле:

“Тут вельмі-вельмі добра, вельмі прыемна. І ўсё вельмі натуральна, спантанна. Купальле арганізаванае не як фальклёрная імпрэза, а як сучаснае сьвята, ад душы, ад сэрца”.

Раніцай на другі дзень пасьля сьвята я знайшла ў сваёй пошце ліст ад Веры Рыч зь песьняй, якую яна напісала сёлетняй віленскай купальскай ноччу – на роднай мове.

Kupala's fire is burning bright,
The young folk revel through the night,
They dance an ancient dance or two,
Then eat snacks from the barbecue,
Kupala's fire is burning bright,
The young folk revel through the night!

Kupala's fire is burning clear,
The songs ring sweetly to the ear,
Led by the bagpipes' cheerful sound
Of treble high and bass profound,
Kupala's fire is burning bright,
The young folk revel through the night!

Kupala's fire is burning gold,
We play the games folk played of old,
And well-loved bards pluck their guitars,
As sparks fly up like tiny stars.
Kupala's fire is burning bright,
The young folk revel through the night!

Kupala's fire holds magic power,
As young folk seek the bracken-flower.
As through the pines their torches dart,
All Belarus sings in our heart.
Kupala's fire is magic-bright,
For this is an enchanted night!


Беларуска-літоўскае сьвята

Паводле арганізатараў віленскага Купальля, беларускіх студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэту і іншых ВНУ Літвы, сёлета беларускае Купальле ў Літве задуманае супольна зь літоўскімі сябрамі. Студэнт ЭГУ, лідэр “Студальянсу” Кірыл Атаманчык:

“Зь літоўскага боку нас падтрымаў такі праект LitPro (супольны праект ЭГУ і літоўскага МЗС), а таксама запрошаныя нашыя партнэры, маладыя хрысьціянскія дэмакраты Літвы. Нас вельмі добра падтрымаў таксама Дом правоў чалавека ў Вільні, а таксама Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына””.


Два Купальлі

Беларускія студэнты ў Маскве зладзілі Купальле сёлета самі, далі абвестку ў інтэрнэце – запрасілі усіх ахвочых, і госьці прыехалі. Ян Маркаў зь Беларускага зямляцтва Масквы кажа, што хацелася б, каб усе на Купальле былі ў нацыянальных беларускіх строях:

“У каго ёсьць строі, яны абавязкова іх надзяваюць. Тут ужо ў Маскве зьявіліся людзі, якія самі іх навучыліся шыць, так што, спадзяюся, на наступнае Купальле будзе іх значна больш. Вядома, гэта прыгожа, калі ўсе ў строях, менавіта тады атрымліваецца сапраўднае сьвята Купальле, адчуваецца купальскі дух, нешта такое сапраўднае, беларускае, народнае, а ня проста такі пікнік на прыродзе. Таксама ў нас быў дудар, было вельмі цікава, былі розныя купальскія гульні, варажба, скокі праз вогнішча...”

Арганізатары парупіліся і пра тое, каб паблізу была і папараць-кветка... Ян распавёў, што гэтым разам упершыню Купальле ладзілі ў межах Масквы – на беразе Верхняй сажалкі, ля гротаў, у парку Кузьмінкі.

“Якраз, калі мы падалі заяву ў прэфэктуру Паўдзённа-усходняй акругі Масквы, і так супала, што і па ініцыятыве самой прэфэктуры таксама ладзяць Купальле беларускае ў гэты самы вечар, 21 чэрвеня. Нам прапанавалі аб'яднаць ініцыятывы, спачатку – афіцыйнае, з боку прэфэктуры, ад 9-ай да 11-ай гадзіны вечара – “Купальская мара”, з удзелам фальклёрных калектываў зь Беларусі, – а ўжо пасьля 11-ай гадзіны мы запрасілі ўсіх жадаючых працягнуць Купальле – разам зь беларускім зямляцтвам, з дударом, з гуртом Testamentum Terrae – да самай раніцы”.

“Ніколі не забудуся на гэта пачуцьцё: я не адзін, я сьпяваю зь сябрамі, я гарлапаню на ўсю глотку Жыве Беларусь!” напісаў адзін з удзельнікаў сьвята, які выклаў у сеціве свае фатаздымкі зь беларускага Купальля ў Маскве.

“Мы ладзім гэтае сьвята як традыцыйнае для народу Беларусі, і гэтая традыцыя – адзін з чыньнікаў, які аб'ядноўвае беларусаў”, – сказаў Ян Маркаў зь Беларускага зямляцтва Масквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG