Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатаў апазыцыі правяраюць яшчэ да выбараў


На Гомельшчыне дэмакратычных актывістаў, якіх Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы вылучылі кандыдатамі ў дэпутаты на восеньскія выбары ў Палату прадстаўнікоў, пачалі выклікаць у падатковыя інспэкцыі. Правяраюць і сваякоў апазыцыйных палітыкаў.

У Лельчыцах раённая інспэкцыя Міністэрства падаткаў і збораў запатрабавала ў актывіста АГП Мікалая Гаўрыленкі падаць дэклярацыю аб прыбытках і маёмасьці за 2007 год. Маўляў, ёсьць інфармацыя пра атрыманьне актывістам даходу ад продажу аўтамабіля, хаця аўтамабіль, як кажа Мікалай, ён набываў толькі ў краме “Дзіцячы сьвет” для малога пляменьніка.

Запаўненьня дэклярацыяў запатрабавалі таксама ад жонкі, маці й цешчы Мікалая Гаўрыленкі. Прычым 70-гадовая цешча, якой з-за хворых ног цяжка схадзіць нават у краму па хлеб, падазраецца ва ўтойваньні даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Паколькі сам Мікалай займаецца разьвязваньнем гэтых праблем, дома ён цяпер бывае рэдка. Пра паходы ў інспэкцыю распавядае жонка актывіста Валянціна Гаўрыленка:

“Дапытваліся наконт прадпрымальніцтва, продажу нейкіх аўтамашын. Чаго толькі не прыпісваюць — і што нібыта грошы нейкія ідуць нам з-за мяжы. Маці выклікалі ў падатковую інспэкцыю. Яна ім кажа: “Якія ў мяне могуць быць даходы, чым наагул я магу займацца?” Мая маці ледзьве ходзіць.
Нам загадалі — вы ж разумееце, ідуць выбары

Маці мужа таксама выклікалі. Яна езьдзіла да падаткоўцаў, запаўняла там дэклярацыю. Пэнсіянэрка, 80 гадоў — якія ў яе могуць быць даходы? Гэтаксама як і ў маёй 70-гадовай мамы. Я там абуралася, а мне ў адказ: “Нам загадалі — вы ж разумееце, ідуць выбары”. Я кажу: “А пры чым тут выбары да пэнсіянэраў? Няхай мяне, мужа, а бабулек навошта чапаць? Яны ж працавалі ўсё жыцьцё, але не зарабілі нават нармальную пэнсію”.

На папярэдніх парлямэнцкіх выбарах Мікалая Гаўрыленку не зарэгістравалі менавіта з-за дэклярацыі. Тады сельскі Савет падаў у акруговую камісію даведку, што актывіст нібыта выгадаваў і прадаў двух парсюкоў, а ў дэклярацыі гэтага не пазначыў.

Раней мы паведамлялі пра ціск на мажлівых кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі Адама Варанца й ягонай сям’і з Добрускага раёну й Кастуся Жукоўскага з Гомеля. Апошняга, у прыватнасьці, штрафавалі й за няправільна запоўненую дэклярацыю пра даходы, і нават за вясельныя падарункі ад украінскіх сваякоў.
Лічу, што праверка зьвязана з тым, што мая кандыдатура значыцца ў сьпісе ад АДС па Хойніцкай выбарчай акрузе № 47

Вылучэнец ад АДС у Хойніцкую выбарчую акругу № 47, рэгіянальны прававы інспэктар незалежнага Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Леанід Судаленка даведаўся, што і ў дачыненьні да яго міліцыя праводзіць нейкую праверку:

“Аддзел унутраных спраў Савецкага раёну Гомеля зрабіў запыт на імя старшыні нашага прафсаюзу Фядыніча. Пытаецца, ці працую я ў прафсаюзе, калі працую, то зь якой даты, і які памер майго заробку. Вядзецца нейкая праверка. Але мне невядома, зь якой нагоды яны мяне правяраюць Лічу, што гэтая праверка зьвязана з тым, што на маючых адбыцца ў верасьні выбарах у парлямэнт мая кандыдатура значыцца ў сьпісе ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў па Хойніцкай выбарчай акрузе № 47”.

Спадар Судаленка паведаміў таксама, што падатковая інспэкцыя Савецкага раёну абласнога цэнтру зацікавілася й аплатай ягонай мабільнай сувязі за два апошнія гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG