Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як часта і чаму ўзьнікаюць стыхійныя акцыі пратэсту?


Улады Беларусі заяўляюць пра стабільную палітычную сытуацыю, між тым у краіне то тут, то там узьнікаюць стыхійныя акцыі пратэсту, якія якасна адрозьніваюцца ад акцый 1990-х гадоў.

Увесну 1991 году, у апошні год Савецкага Саюзу, на вуліцы беларускіх гарадоў выйшлі дзясяткі тысяч працаўнікоў заводаў. Людзі пратэставалі супроць гэтак званай “паўлаўскай рэформы” — значнага падвышэньня цэнаў на харчы. У той час кіраўнік геалягічнай групы Вячаслаў Сіўчык упершыню выступіў на стыхійным мітынгу рабочых у Віцебску. Цяперашні палітычны актывіст Сіўчык так вызначае ўмовы стыхійнай акцыі:

“Умовы для яе складаюцца стыхійна. Проста людзі разумеюць, што зь імі абыходзяцца несправядліва, і тады яны выходзяць”.

Пазьней стыхійныя акцыі саступілі месца арганізаванаму палітычнаму руху. У 1996 годзе маршы апазыцыі зьбіралі дзясяткі тысяч чалавек. Але потым палітычны рух пачаў страчваць масавасьць, а колькасьць незаплянаваных “выбухаў незадавальненьня” стала павялічвацца. Назіральнікі таксама адзначаюць, што стыхійныя акцыі пратэсту даволі часта прыносяць плён. У чым прычына іх эфэктыўнасьці?

Летась жыхары менскай вуліцы Карла Маркса ўведалі пра пляны перарабіць сваю вуліцу ў пешаходную зону з адсяленьнем людзей у малапрэстыжны раён. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, таксама жыхар вуліцы Карла Маркса, ня верыў у канчатковы посьпех першых мітынгаў пратэсту.

“Я пераканаўся ў тым, што калі прыходзяць адбіраць хату, тады беларусы гатовыя на самыя рашучыя дзеяньні. Быў адзін жыхар, які нават быў гатовы да самаспаленьня. Ужо закупіў каністру з бэнзінам і ўсім яе дэманстраваў. Мяркую, ён сапраўды мог пайсьці на гэты крок”.

Уладзімер Арлоў распавёў, што некаторыя чыноўнікі ўпотай дапамагалі жыхарам вуліцы — то копію патрэбнага дакумэнта перададуць, то дадуць важны тэлефон. Нават дзяржаўная газэта “Советская Белоруссия” заступілася за іх, хоць раней афіцыйныя мэдыі абміналі канфлікт увагай. “Улады збаяліся салідарнасьці самых розных людзей, што і прадвызначыла нашу перамогу”, — лічыць Уладзімер Арлоў.

На пачатку незалежнай гісторыі Беларусі на стыхійныя акцыі пратэсту часьцей падымаліся працаўнікі заводаў. Якая сытуацыя цяпер? Адзін зь лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандар Бухвостаў змог згадаць толькі адну пасьпяховую акцыю рабочых за апошнія часы — калі на пачатку 2000-х гадоў працаўнікі Менскага трактарнага заводу, каб атрымаць заробак, перакрылі трамвайныя рэйкі:

“Масавых акцый у Менску больш не было. Рабочыя зараз індыфэрэнтныя. Вось толькі ўчора гутарылі з працаўніком МАЗу. Кажа, хто можа, працуе ў дзьве зьмены і зарабляе, а іншыя на кручку ў адміністрацыі, бо шмат хто п’е, прагульвае”.

Паводле Аляксандра Бухвостава, калі летась некалькі дзясяткаў працаўнікоў менскага заводу “Мотавела” паспрабавалі наладзіць акцыю пратэсту, адміністрацыя яе хутка спыніла. Спадар Бухвостаў адзначыў, што ніводны з заводзкіх актывістаў не адгукнуўся на прапанову кантакту са структурамі незалежных прафсаюзаў.

Сяргей Антончык калісьці прыйшоў у палітыку са стыхійнага мітынгу. Тое, што на зьмену масавым акцыям прыйшлі стыхійныя, нешматлюдныя акцыі пратэсту, былы дэпутат тлумачыць аб’ектыўнымі прычынамі:

“Ужо няма таго калектывісцкага грамадзтва, якое штучна былі ўтварылі бальшавікі. Людзі займаюцца толькі сваімі праблемамі. Яны выходзяць на акцыі пратэсту, толькі калі чапляе асабіста іх”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG