Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі.
Мэты ўладаў падчас выбарчай кампаніі
Валер Карбалевіч: “Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію газэце “Камсамольская праўда” заявіў: “Мы хочам прадэманстраваць і Захаду, і Расеі, як трэба праводзіць выбары. Мы зробім іх настолькі дэмакратычнымі — вы ўпэўніцеся ў рэальным выніку, каго народ сёньня падтрымлівае”.
З гэтай рэплікі вынікае, што ўлады зацікаўленыя ў легітымізацыі гэтых выбараў, легітымнасьці Палаты прадстаўнікоў (ПП). А вы як лічыце, што азначае гэтая кампанія для ўладаў?”
Віктар Івашкевіч: “Галоўная мэта гэтай кампаніі для ўладаў — гэта прызнаньне новага складу ПП у Эўропе і, магчыма, у ЗША. Найлепшы сцэнар для іх быў бы такі. Прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) удзельнічаюць у выбарах, праводзяць кампанію ціха і незаўважна. Падчас галасаваньня назіральнікі ціха сядзяць за 10 мэтраў ад месца падліку галасоў, а потым пішуць скаргі пра парушэньні. Улады адбіраюць некалькі чалавек, прапускаюць іх у ПП, называюць іх “канструктыўнай апазыцыяй”. Пасьля гэтых дэпутатаў накіруюць у Эўропу дамагацца прызнаньня Палаты прадстаўнікоў і прыцягненьня інвэстыцый у эканоміку Беларусі. Гэтыя прызначаныя дэпутаты-апазыцыянэры могуць быць як са сьпісу АДС, так і не зь яго.
АДС павінны адрынуць такі сцэнар, бо яго прызнаньне будзе азначаць канец апазыцыі як суб’екта і аб’екта палітыкі ў Беларусі і па-за яе межамі”.
Аляксандр Класкоўскі: “Звышзадача ўладаў — гэта захаваць статус-кво ПП, то бок захаваць кантроль над гэтай структурай. Паводле інфармацыі, ратацыя дэпутатаў адбудзецца на 2/3. І трэба, каб новыя дэпутаты сталі такімі ж паслухмянымі, як і старыя.
Ня выключана, што сапраўды 2-3 умоўныя апазыцыянэры трапяць у ПП. Гэта будзе ня вынікам рэальнай барацьбы, а саступкай уладаў на паказ Захаду. Безумоўна, улады пастараюцца, каб гэта былі альбо марыянэткавыя фігуры, альбо карыкатурныя фігуры, якія будуць толькі дыскрэдытаваць апазыцыю.
Другая задача ўладаў — па магчымасьці пазьбегнуць палітызацыі грамадзтва падчас кампаніі. Вось паказальна, што сёньня дзяржаўны друк даў толькі кароткія сухія паведамленьні. А ў дэмакратычнай краіне ўжо ўсе мэдыі, умоўна кажучы, стаялі б на вушах з гэтай нагоды.
50 базавых велічынь дзяржаўных сродкаў на кандыдата, якія выдзяляюцца падчас кампаніі — гэта як кату пад’есьці. За такую невялікую суму можна вырабіць толькі шэрыя, невыразныя ўлёткі. То бок улады робяць усё, каб бальшыня грамадзтва гэтую кампанію не заўважыла.
Улады зацікаўленыя ў станоўчых ацэнках гэтай кампаніі з боку Захаду. Таму, магчыма, ня будзе лішняй брутальнасьці ў дачыненьні да апазыцыйных кандыдатаў. Іх паспрабуюць зьвязаць па руках і нагах законамі і інструкцыямі. І потым скажуць: глядзіце, народ за іх не прагаласаваў”.
Якія задачы ставіць перад сабою апазыцыя?
Карбалевіч: “Апазыцыя пачала рыхтавацца да гэтых выбараў як ніколі загадзя. Мусіць, упершыню АДС рэалізуе тактыку вылучэньня аднаго кандыдата апазыцыйнай кааліцыі на адну акругу.
Праўда, поўнага адзінства няма. Нечакана Эўрапейская кааліцыя пайшла асобнай калёнай — яна таксама вылучае сваіх кандыдатаў. А “Малады фронт” абвясьціў байкот.
Але і АДС, якія зьбіраюцца пасьлядоўна ўдзельнічаць у выбарах, заяўляюць, што сапраўдных дэмакратычных выбараў у Беларусі няма. Тады якія мэты ўдзелу ў выбарах апазыцыйных сілаў?”
Івашкевіч: “АДС павіны вылучыць такі сцэнар, паводле якога ўлада альбо будзе вымушаная ўжыць дэманстратыўныя рэпрэсіі і сваімі рукамі ажыцьцявіць байкот выбараў і пахаваць надзею на прызнаньне ПП на Захадзе, альбо прапусьціць у Палату прадстаўнікоў апазыцыйных лідэраў.
Правесьці магутную агітацыйную кампанію па ўсёй краіне апазыцыі не пад сілу. Трэба сканцэнтраваць рэсурсы на тых акругах у Менску і іншых буйных гарадах, дзе будуць ісьці лідэры. Яны павінны дамагчыся рэальнай падтрымкі выбаршчыкаў у сваёй акрузе, забясьпечыць дзейны кантроль за галасаваньнем і падлікам. Дзеля гэтага яны не павінны весьці кампанію ў рамках тых абмежаваньняў, якія стварыла Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК). Яны павінны выпускаць шмат улётак, праводзіць мітынгі ў дварах, а не на пустыры, дзе дазволіць улада. Назіральнікі павінны рэальна кантраляваць падлік галасоў, не зважаючы на абмежаваньні, якія робяць выбарчыя камісіі.
У такой сытуацыі ўлады будуць вымушаныя альбо прапусьціць лідэраў АДС у ПП, альбо здымаць апазыцыйных кандыдатаў з выбарчай кампаніі, арыштоўваць апазыцыйных агітатараў, выносіць назіральнікаў з выбарчых участкаў з дапамогай міліцэйскага спэцназу. І тады гэта ўсё трэба фіксаваць на фота, відэа і трансьляваць у мэдыі. У такім разе ўлады самі пахаваюць надзею на прызнаньне выбараў Захадам.
Асобная задача ў гэтым пляне стаіць перад масавай акцыяй у дзень галасаваньня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пад лёзунгам “Толькі на плошчы твой голас будзе пачуты”. Гэтую акцыю трэба падрыхтаваць так, каб яе паказалі ўсе расейскія і эўрапейскія мэдыі.
Мы павінны ісьці на канфлікт. Хачу адзначыць, што ў старажытным Рыме слова “правакацыя” азначала права грамадзяніна, асуджанага на сьмерць, апэляваць да народу. Сёньня ўлада імкнецца апазыцыю пахаваць. Таму мы павінны зьвярнуцца да народу і сарваць гэты плян”.
Ці зможа апазыцыя рэалізаваць свой сцэнар?
Класкоўскі: “Улады ладзяць дэкарацыю дэмакратычных выбараў. Напрыклад, улучаюць некалькіх прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў у ЦВК з правам дарадчага голасу. Прычым паводле дэкрэту гэтыя сябры ня могуць удзельнічаць у камісіях па праверцы ходу кампаніі, якія ладзіць ЦВК.
Вядома, што АДС распрацавалі шэсьць праектаў пастановаў ЦВК, якія дэмакратызавалі б практыку ўжываньня выбарчага заканадаўства. Але кіраўніцтва ЦВК назвала гэтыя праекты непрымальнымі. З гэтага вынікае, што ўлады зьбіраюцца правесьці выбары па звыклым сцэнары.
Вось сп. Івашкевіч прапанаваў, каб апазыцыя рэалізавала свой сцэнар і прымусіла ўлады прадэманстраваць сваю недэмакратычнасьць. Сцэнар прыгожы, але ці хопіць у апазыцыі рэсурсаў?
Ці адгукнецца грамадзтва на заклік АДС? Тут ёсьць пытаньні. Бо грамадзтва не ўспрымае гэтыя выбары такімі ж важнымі, як прэзыдэнцкія. Нават калі ўявіць, што склад ПП рэзка мяняецца, гэта не азначае пераходу ўлады ў іншыя рукі. Бо ёсьць яшчэ верхняя палата Нацыянальнага сходу, ёсьць прэзыдэнт зь неабмежаванымі паўнамоцтвамі. У рэальнасьці апазыцыя можа правесьці трэнінг сваіх структур, легальную агітацыю і падрыхтуе грунт пад прэзыдэнцкія выбары”.
Як ставіцца грамадзтва да гэтых выбараў?
Карбалевіч: “Нарэшце, трэці суб’ект выбарчай кампаніі — беларускае грамадзтва. Што для яго азначаюць гэтыя выбары?”
Івашкевіч: “Беларускае грамадзтва вельмі скептычна ставіцца да выбараў, да ролі ПП у дзяржаўнай палітыцы. Але, зь іншага боку, людзі адчуваюць трывогу перад будучыняй.
Калі разглядаць гэтыя выбары як частку будучай прэзыдэнцкай кампаніі, то апазыцыя можа скарыстаць цяперашні выбарчы працэс, каб павялічыць колькасьць актыўных валянтэраў у сваіх шэрагах. Ня думаю, што можна значна пашырыць пасіўную падтрымку апазыцыі. Але магчыма актывізаваць дэмакратычна настроеных людзей, паказаць ім пэрспэктыву”.
Класкоўскі: “Думаю, бальшыня абывацеляў проста не заўважыць гэтых выбараў. Зразумела, яны пойдуць галасаваць. Але ў масавай сьвядомасьці пакуль ня выпрацавалася тая палітычная культура, якая дазваляла б асэнсоўваць, што такое парлямэнт і навошта ён патрэбен. Але ніякай “каляровай рэвалюцыі” ні ўлады, ні апазыцыя не чакаюць”.