Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму ўручаць прэміі“За Свабоду думкі”?


Сёньня на радзіме Васіля Быкава на Віцебшчыне, у вёсцы Бычкі, адбудзецца ўручэньне ўзнагародаў “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Гэта прэмія заснаваная Рухам “За Свабоду” пад кіраўніцтвам Аляксандра Мілінкевіча.

Прэмія “За свабоду думкі” заснаваная сёлета. Ёй узнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадзкай і творчай дзейнасьцю на карысьць Беларусі і Свабоды, кажа Аляксандар Мілінкевіч:

“Ідэя паўстала, калі мне ў Эўрапарлямэнце ўручалі прэмію “За Свабоду думкі” у 2006 годзе. Я абсалютна шчыра сказаў, што гэта прэмія ня столькі Мілінкевічу, колькі тым людзям, якія змагаліся за свабоду многія гады і якія праявілі сябе на плошчы Каліноўскага. Грашовая частка гэтай прэміі павінна быць выдаткаваная на падтрымку тых людзей, якія рэпрэсаваныя, але хацелася б адзначыць тых людзей, якія сваёй творчасьцю, сваёй грамадзянскай дзейнасьцю паспрыялі таму, што мы ўсё ж такі народ, што мы хочам свабоды, хочам незалежнасьці. І вось такіх людзей мы хацелі вызначыць”.

Сёлета будуць узнагароджаныя тры пераможцы. У наступныя гады будзе ўганараваны адзін ляўрэат.

У склад журы, якое вызначала сёлетніх ляўрэатаў, запрошаныя вядомыя беларускія пісьменьнікі, мастакі, грамадзкія дзеячы – Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс, Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Івонка Сурвіла, Радзім Гарэцкі, Павал Севярынец, Сяргей Навумчык, Аляксандар Лукашук, Арлен Кашкурэвіч, іншыя – усяго тры дзясяткі чалавек. Намінацыяў прэміяў няма, да сябраў журы былі даведзеныя крытэры адбору асобаў. Мастак Аляксей Марачкін распавёў:

«Сябра журы павінен прапанаваць тры кандыдатуры. Таму ў мяне не было ніякага сумневу, каго вылучыць. А хто зь іх па рэйтынгу пройдзе – я ня ведаю. Я даў тры прапановы – і больш пра гэты мэханізм мне нічога не вядома. Відаць, у гэтым інтрыга».

Ня стаў раскрываць сакрэт, хто атрымае ўзнагароды, і Аляксандар Мілінкевіч:

“Гэта проста асобы, якія вельмі шмат зрабілі для Беларусі. Таму што для жыцьця прэміі вельмі важна, хто першы атрымае яе. Я ня мог уплываць, бо я ня сябра журы. Кожны мог прадставіць тры кандыдатуры, і ніхто ня ведаў, а што іншы прапануе? І па суме галасоў мы вызначыліся. І зьмяніць рашэньне немагчыма – яно такое арытмэтычнае: хто набраў больш за ўсіх галасоў. Прычым, пераможцы, як ні дзіўна, набралі ўсе трое аднолькавую колькасьць. Так што аб’ектыўна абсалютна”.

Аляксандар Мілінкевіч сказаў толькі, што гэта прадстаўнікі трох пакаленьняў. Ляўрэатам прэміі ўручаецца статуэтка “За Свабоду думкі” (скульптар Віктар Копач) і памятны дыплём. На ўрачыстую цырымонію ў Бычкі запрошаны сябры журы, прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці і дыпляматычнага корпусу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG