Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагавалі на прысуд удзельнікі працэсу


На два гады ўмоўнага зьняволеньня асуджаныя супрацоўнікі ДАІ Кастрычніцкага раёну Менску, якія стварылі з прыватных аўтамабіляў “жывы шчыт”.

У Менскім раённым судзе скончыўся працэс у справе “жывога шчыта”. Нагадаю, так журналісты назвалі інцыдэнт, які адбыўся 2 сакавіка на Слуцкай шашы на ўезьдзе ў Менск, калі міліцыянты перагарадзілі дарогу прыватнымі аўтамабілямі, каб спыніць нецьвярозага кіроўцу. Гэтыя дзеяньні судзьдзя Ірына Майко прызнала злачыннымі:

“Дарагакупца Генадзя і Ліхтаровіча Аляксея кожнага прызнаць вінаватымі ў наўмысных дзеяньнях, якія яўна перавышалі іх службовыя паўнамоцтвы і нанесьлі страты ў вялікім памеры правам і інтарэсам грамадзянаў, дзяржаўным інтарэсам”.

Супрацоўнікаў ДАІ асудзілі на 2 гады зьняволеньня ўмоўна, з адтэрміноўкай на тры гады. Патрэба ў кампэнсацыі стратаў прызнана часткова. Матэрыяльныя страты памерам ад 1 да 6 мільёнаў пацярпелым будзе кампэнсаваць ДАІ Менску, а з кампэнсацыяй маральных стратаў яшчэ мае разабрацца грамадзянскі суд. Адвакатка пацярпелых Вера Страмкоўская заявіла, што прысудам яны задаволеныя і абскарджваць яго ня будуць, хоць некаторыя пацярпелыя прасілі ад суду рэальнага, а ня ўмоўнага пакараньня:

“Нам дастаткова, што дзяржава пагадзілася з нашымі высновамі, прызнала, што “жывыя шчыты” — гэта злачынства. Мы спадзяемся, што такая практыка скончыцца, мы паставілі кропку адносна такіх дзеяньняў з боку супрацоўнікаў ДАІ”.

Генадзь Дарагакупец камэнтаваць прысуд адмовіўся. Тады я зьвярнуўся да Аляксея Ліхтаровіча:

“Аляксей, вы будзеце абскарджваць прысуд? Магчыма, яшчэ ня вырашылі? “

Ліхтаровіч: “Без камэнтару”.

Пасьля заканчэньня працэсу побач з судом яшчэ доўга стаялі журналісты, якія бралі інтэрвію ва ўдзельнікаў працэсу. Не адразу разышліся і сьведкі — супрацоўнікі ДАІ. На жаль, ніхто зь іх не пажадаў выказацца пра прысуд сваім калегам.

Карэспандэнт: “Вы згодны з прысудам ці не? Я магу не называць вашы прозьвішчы, але мне важна пачуць вашы меркаваньні”.

Міліцыянт: “Без камэнтару. Займайцеся сваёй справай”.

У пракурора Мікалая Дубянка журналісты пыталіся, ці задаволены ён прысудам.

“Прысуд вынесены, віна абвінавачаных судом першай інстанцыі вызначана. Пакараньне прызначана з улікам Кодэксу. Зазначу, што прысуд яшчэ не ўступіў у дзеяньне, паколькі абвінавачаныя могуць яго абскардзіць”.

Журналісты нагадалі пракурору пра паводзіны ў судзе супрацоўнікаў ДАІ, прызнаных сьведкамі: што адзін са сьведак прысутнічаў на паседжаньні яшчэ да сваіх паказаньняў, між тым як гэта законам забаронена, а таксама — што сьведкі мянялі паказаньні або адмаўляліся адказваць. Пракурор Мікалай Дубянок пакінуў гэтыя паводзіны без камэнтару.

Адвакатка Вера Страмкоўская заявіла, што будзе дамагацца, каб супраць сьведак, якія давалі ілжывыя паказаньні ці адмаўляліся адказваць на пытаньні судзьдзі, завялі крымінальную справу.

Пацярпелы Юры Пашкевіч падзякаваў журналістам за дапамогу ў давядзеньні справы да суду:

“Мы думалі, што наша справа да суду ня дойдзе, разваліцца. Але мэдыі нас падтрымалі, за што вам вялікі дзякуй. Дзякуй, што вам не абыякава тое, што з намі адбылося”.

Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў сёньня выказаў надзею, што Рамана Менцюка міліцыя “абавязкова знойдзе” і ён будзе прыцягнуты да суду. Адносна працэсу пра “жывы шчыт” Уладзімер Навумаў сказаў: “Галоўнае — зрабіць з гэтага правільныя высновы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG