Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Чыгір супраць бабруйскай міліцыі


Сёньня бабруйскі палітык Алесь Чыгір даў тлумачэньні сьледчаму службы ўласнай бясьпекі Міністэрства ўнутраных спраў па факце зьняволеньня ў ноч з 29 на 30 траўня.

Тады палітыка затрымалі нібыта за пагрозы на адрас таксіста й зьвінавацілі ў дробным хуліганстве. Паводле спадара Чыгіра, у пастарунку міліцыянты зьбілі яго.

Днямі палітык атрымаў адказ на сваю скаргу з Управы ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму. У адказе гаворыцца, што пры затрыманьні міліцыянты дзейнічалі ў адпаведнасьці з законам і фактаў службовага злоўжываньня ня выяўлена.

Алесь Чыгір лічыць сваё зьняволеньне на дванаццаць гадзін незаконным.

Нагадаю, судзьдзя Натальля Чарапуха адміністрацыйную справу супраць палітыка пастанавіла адправіць на дасьледаваньне, а самога яго вызваліць з-пад варты ў залі суду.

На дадзены момант Алесь Чыгір атрымаў адказ з Управы ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму. Адказ падпісаў, кажа палітык, начальнік патрульна-паставой службы ўправы Казлоў:

“Факт незаконнага затрыманьня супрацоўнікамі міліцыі свайго пацьверджаньня не знайшоў. А тое, што супраць мяне былі выкарыстаныя фізычная сіла й спэцыяльныя сродкі — гэта правамерна, у адпаведнасьці з законам Рэспублікі Беларусь “Аб органах унутраных спраў”, — цытуе адказ спадар Чыгір.

Паводле Алеся Чыгіра, на мінулым тыдні ён і ягоная жонка давалі тлумачэньні сьледчаму бабруйскай пракуратуры Трацьцякову. Сёньня ж яго дапытваў сьледчы службы ўласнай бясьпекі міністэрства ўнутраных спраў.

Алесь Чыгір кажа, што намагаўся давесьці сьледчаму неабходнасьць допыту таксіста, які стаўся прычынай усіх наступных падзеяў:

“Я спрабую даказаць, што быў таксіст, які займаўся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Працаваў ён без касавага апарату, не ўключыў лічыльнік. І калі я задаў яму пытаньні, ён завёз мяне ў міліцыю”.

29 траўня Алесь Чыгір з жонкай ды дачкой Алісай позна ўвечары вярталіся ад сваякоў дадому таксоўкай. Пасьля таго як з таксістам разьлічыліся, Алесь папрасіў у яго чэк на аплату; той адразу пачаў канфліктаваць. Калі жонка Чыгіра з дачкой выйшлі з машыны, таксіст адразу ж паехаў, ня даўшы выйсьці самому Алесю. Кіроўца спыніўся толькі каля міліцэйскага патруля, які даставіў палітыка ў пастарунак. У пастарунку, паводле спадара Чыгіра, яго моцна зьбілі. У матэрыялах справы, перададзеных у суд, таксіст не фігуруе.

Чаго чакае Алесь Чыгір ад суду й скаргаў?

“На суд я не спадзяюся. Аднак я лічу, што такія паперы трэба пісаць, каб гэтая машына працавала. Гэта лішні раз будзе пацьвярджаць, што міліцыя працуе ня ў межах закону, а паводле нейкіх паняцьцяў, зразумелых толькі ёй”, — зазначае Алесь Чыгір.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG