Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветным лідэрам ня вераць


Апытаньне, праведзенае сёлета ў 20 краінах сьвету, паказала, што практычна ўсе сучасныя сусьветныя лідэры не выклікаюць даверу ў людзей.

Дасьледніцкі праект пад назвай WorldPublicOpinion.org, які каардынаваўся Ўнівэрсытэтам Мэрылэнду ў ЗША, быў рэалізаваны ў студзені-траўні і ахапіў амаль 20 000 людзей у 20 краінах, у якіх пражывае каля 60 адсоткаў насельніцтва нашай плянэты. Сярод гэтых краінаў былі Кітай, Індыя, ЗША, Інданэзія, Расея, Мэксыка, Вялікабрытанія, Францыя, Украіна, Эгіпет, Тайлянд.

Рэспандэнты ацэньвалі свой давер да таго, як сусьветныя лідэры вяршаць міжнародныя справы, паводле чатырохступеннай шкалы: „шмат даверу”, „трохі даверу”, „не зашмат даверу”, „ніякага даверу”. Адказы „шмат даверу” і „трохі даверу” клясыфікаваліся як станоўчыя для лідэра, а „не зашмат даверу” і „ніякага даверу” — як адмоўныя.

Сьпісак сусьветных лідэраў, прапанаваных у апытаньні, складаўся з васьмі прозьвішчаў: прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Гордана Браўна, прэм’ер-міністра Расеі Ўладзіміра Пуціна, генэральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Бан Кі-муна, прэзыдэнта Кітаю Ху Дзіньтао, прэзыдэнта Ірану Махмуда Ахмадзінэжада і прэзыдэнта Пакістану Пэрвэза Мушарафа.

У 16 з 20 краінаў большасьць апытаных людзей сказала, што не давярае Джорджу Бушу. Толькі Пэрвэзу Мушарафу не давяраюць у яшчэ большай колькасьці краінаў (18). Буш мае таксама найбольшы адмоўны сярэдні рэйтынг — 67 адсоткаў (у складаньні сярэдняга рэйтынгу ня браліся пад увагу адказы рэспандэнтаў з краіны лідэра).

Хоць Кітай цяпер прэтэндуе на статус супэрдзяржавы, Ху Дзіньтао не давяраюць у 13 краінах, а давяраюць у 5 (у сярэднім па сьвеце, 44 адсоткі не давяраюць, а 28 адсоткаў давяраюць).

Уладзімеру Пуціну давяраюць у 5 краінах, не давяраюць у 11. У сярэднім, 32 адсоткі людзей сказала, што давярае Пуціну (гэта найвышэйшы станоўчы рэйтынг сярод сусьветных лідэраў). Аднак 48 адсоткаў лічыць, што Пуцін не заслугоўвае даверу.

„Тым часам як агульны недавер да Джорджа Буша стварыў вакуўм у сусьветным лідэрстве, ніякі альтэрнатыўны лідэр ня змог заняць гэтага месца,” — так Стывэн Кул, дырэктар праекту WorldPublicOpinion.org, пракамэнтаваў найбольш агульную выснову з апытаньня. — „Ху Дзіньтао і Ўладзімір Пуцін ёсьць папулярнымі ў некаторых краінах, аднак жа болей людзей не давярае ім, чым давярае”.

Палітыкам з найбольш пашыраным сусьветным даверам аказаўся Бан Кі-мун, якому давяраюць у 9 краінах, а не давяраюць у 8.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG