Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Паланэчцы адбылося самае сапраўднае крымінальнае злачынства"


Увага беларускай грамадзкасьці ўжо каторы год прыкаваная да рэстаўрацыі ці рэканструкцыі Нясьвіскага замку Радзівілаў. Але ў ценю Нясьвіскай драмы засталіся іншыя маёнткі славутага роду.

Напрыклад, палац у вёсцы Паланэчцы, што ў Баранавіцкім раёне. Калісьці гэта было славутае мястэчка. Якое пісаў Напалеон Орда. Дзе хрысьцілі Ігната Дамейку. Куды не аднойчы завітваў Уладзіслаў Сыракомля. І дзе, згодна ўсіх энцыкляпэдый, знаходзіцца палац канца 18-га стагодзьдзя ў стылі клясыцызму.






Першае, што кідаецца ў вочы пры ўезьдзе ў Паланэчку, дык гэта бэтонны шкілет нейкага дзіўнага будынку пэрыяду перастройкі. Круглы, нібы зьбіраліся будаваць маленькі цырк. І недарэчны на фоне панарамы прыгожага мястэчка з дамінуючым драўляным нэагатычным касьцёлам. Кабета, што праходзіла па вуліцы не змагла ўцямна адказаць, што ж такое грандыёзнае зьбіраліся будаваць калгасныя ўлады.

Кабета: “Гэта калісьці ў нас зьбіраліся будаваць Палац шлюбаў ці спартовую залю. Так яно і асталося помнікам савецкім часам. Мы тады жылі прыгожа і багата і зьбіраліся жыць далей”.

Карэспандэнт: “А зараз Вы жывяцё не прыгожа і не багата”.

Кабета: “У параўнаньні з тым, што было раней, канечне, не. Усё на ўбыль”.

Тое, што ў Паланэчцы сапраўды ўсё ідзе “на ўбыль” бачна адразу. Вёска доўгая. Галоўная вуліца цягнецца кілямэтры з два. І ледзь не большую частку складаюць нежылыя хаты. Але белая мураванка Соф’і Канстанцінаўны Кабарыхі, абкружаная кветкамі самых розных відаў, выглядае проста нейкім палацам. Спадарыня Кабарыха – адна з самых паважаных людзей Паланэчкі. Гэтая мілая старая ў пэдантычным фартуху і акуратнай прычоскай ўсё жыцьцё выкладала ў Паланэчцы нямецкую мову. А гэты дом пабудаваў яе бацька. Таксама патомны паланэцкі настаўнік.

Соф’я: “Ён быў пчалаводам знакамітым на ўсю акругу. Заключыў дамову з Варшавай на пастаўку мёду. Плацілі золатам бацьку. І ён за тыя грошы пабудаваў дом”.

Карэспандэнт: “А яго не зачапіла ў 39-м?”

Соф’я: “Зачапіла.”

Карэспандэнт: “Быць настаўнікам...”

Соф’я: “Ды яшчэ дом гэтакі мець у вёсцы. Гэта ж вораг савецкай улады. А яшчэ ж фатограф быў на ўсю вёску. І радыё змайстраваў, ні ў каго ня было. І ровар сабраў. Вельмі быў страшны вораг.Хоць аддаў і хлявы свае, плугі бароны самы першы ў калгас. Ужо мы сабралі клункі Ужо везьці нас хацелі. Але ў бацькі было шмат сяброў. Дактароў, настаўнікаў. І іх заступніцтва дапамагло, што нас пакінулі ў спакоі”.

Палац Радзівілаў выглядае сапраўдным замкам прывідаў. Схаваны зарослым, зьдзічэлым садам вялікі двухпавярховы дом без шыбаў. Цяжка паверыць, што яшчэ нядаўна гэты дом прывід быў сярэдняй школай.

Соф’я: “Палац Радзівілаўскі разграбілі. Была там школа. Зрабілі капітальны рамонт. Праехала з Райана праверка, кажуць “ніколі яшчэ так прыгожа не рамантавалі”.

Карэспандэнт: “Гэта ў якім годзе было?”

Соф’я: “Дваццаць гадоў назад. Пасьля ў газэце, у “Нашым краі” з’явіўся артыкул, што будуць перабудоўваць Радзівілаўскі палац у такім выглядзе, Як ён быў пры Радзівілу. Сталі там рабіць коміны, як у палацы. Тут жа гэтую бляху, якой пачалі перакрываць, раскралі. Пасьля гэтага падатсавалі вокны, дзьверы, паабдзіралі сьцены. Усё зруйнавалі і ніхто не ведае, дзе дзелася. І не бачыў ні старшыня калгаса, ні старшыня сельсавета, ні ўчастковы, ні дырэктар”. У даяркі прападзе тры літры малака. Зловяць, судзіць будуць. А тут ніводны чалавек не фігураваў. Дзе ўсё дзелася?”

Аб’явіць аварыйным будынак пасьля рамонту. Каб пасьля пачаць яго рабаваць і пакінуць на адзін сэзон бяз даху. Пад дождж і сьнег. Каб пасьля аб’явіць рэстаўрацыю. Якая, як быццам, цягнецца і дагэтуль. Да такой камбінацыі напэўна б не дадумаліся ні ў воднай суседняй з намі краіне.

Соф’я: “Камяні і тыя выкалупвалі з падлогі. Яшчэ Радзівілаўскую. Усю абсалютна. Ніхто нічога не раскажа з афіцыйных асоб. Будуць выкручвацца. Ні пры чым”.

Карэспандэнт: “А каму яна патрэбная, плітка?”

Соф’я: “нават на могілках падклалі. Каб не расло пустазельле. У агароджы выклалі. Прычым, настаўнікі”.

Карэспандэнт: “Якія гаспадарлівыя людзі беларусы!”

Соф’я: “Гаспадараы”.

Карэспандэнт: “Нічога не прападзе ў іх”.

Мужыкі пэнсійнага веку, што сядзяць на прызьбе, прынялі мяне за турыста. Разгаварыліся. Мужыкі яшчэ памятаюць першае рабаваньне палацу.

Спадар: “Няма спонсара. Можа, каб аб’явіўся Радзівілаўскі нашчадак, даў капейку, дык, можа, што зрабілі б бальшавікі. А так... Навошта было вынімаць вокны? Няхай недзе падлога падгніла ці на столі нешта страпілы. Але вокны, дзьверы. Гэта ж усё расьцягнулі. Слава Богу, яшчэ дахам пакрылі. А не то сьцены б ужо разваліліся”.

Спадар: “Такі парк быў пры гэтым палацы. Парк, ставы. У 39м годзе сьпілавалі, зьнішчылі. Як “вызвалілі” нас”.

Спадар: “Бяры, што хочаш. Вазамі з гэтага маёнтка вазілі дываны, люстры, карціны”.

Унутры палац выглядае як гатовыя дэкарацыі да фільмаў пра Фрэдзі Кругера. Гулкія страшныя калідоры, абваленыя лесьвіцы на другі паверх, зьвісаючая дранка са столі. Цяжка паверыць, што калісьці тут была нават люстраная заля, дзе люстрамі была пакрытая нават падлога. Што тут бывалі ў гасьцях літаратары Уладзіслаў Сыракомля, Януары Філіповіч. Тут спыняўся расейскі сатырык Фанвізін. Тут, дзякуючы намаганьнямі гаспадара палаца, Канстанціна Радзівіла ў 1845-м годзе выходзіў часопіс “Час і люд”, прысьвечаны беларушчыне. Якую можна было б зрабіць экспазыцыю, прысьвечаную эпосе філарэтаў і філяматаў.

Тэрэса Дамінікаўна, былая настаўніца, жыве як раз насупраць палаца. Дзякуючы энэргіі гэтай жвавай кабеты ўлады аддалі плябань, у якой за саветамі была амбуляторыя. Але палац спадарыня Тэрэса не ўратавала.


Тэрэса: “Я б за гэты палац білася б з самім прэзыдэнтам”.

Карэспандэнт: “А хто ж яго ўсё ж такі...”

Тэрэса: “Разьбіла гэты будынак Мацкоўская Тамара Абрамаўна. Яна ў райвыканкаме УКБ узначальвала. Паглядзела – “аварыйны будынак”. Нідзе ніякай аварыі. Раскідалі школу. Усё разарвалі, раскідалі”.

Карэспандэнт: “Прыяжджалі нейкія людзі ноччу? Кралі...”

Тэрэса: “Адкрыта днём. Дзьве машыны “турэмшчыкаў”. Яна прывезла. Яны, як варвары. Усё рвалі. Падлогі. Вы б зайшлі, спалохаліся б. Я не магу туды заходзіць. Я там працавала. У мяне душа баліць. Я з усімі імі перасварылася.”

Калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык у Паланэчцы адбылося самае сапраўднае крымінальнае злачынства. За якое ніхто і ніколі не панясе адказнасьці. Дзякуючы спэцыфічнаму стаўленьню ў Рэспубліцы Беларусі да закону аб ахове архітэктурнай спадчыны. Тая чыноўніца, Тамара Мацкоўская, якая прымала рашньне пра аварыйнасьць палаца ўжо даўно зьнятая са сваёй пасады. “За парушэньне патрабаваньняў заканадаўства РБ”, як піша афіцыйны сайт Баранавічаў.

Але ці ёсьць каму ў Паланэчцы працягваць барацьбу за свой помнік? Як высьветлілася, не ўсё так змрочна. 12-цігадовая дзяўчынка, вучаніца 6-й клясы Паланэцкай школы, Каця Казлова вырашыла зьвярнуць увагу вышэйшага кіраўніцтва краіны.



Каця: “Была ня вельмі прыемна, калі турысты бачаць гэты будынак. І рашылася напісаць”.

Карэспандэнт: “І каму Вы напісалі?”

Каця: “Прэзыдэнту”.

Карэспандэнт: “А атрымалі хоць нейкі адказ?”

Каця: “Атрымала ад райвыканкама. Яны напісала, што грошай няма, каб пабудаваць гэты будынак. Але рашаецца пытаньне. І сказалі, што дашлюць яшчэ адзін ліст”.

Карэспандэнт: “Вы яго чакаеце?”

Каця: “Так”.

Карэспандэнт: “І будзеце далей ваяваць за палац?”

Каця: “Так”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG