Прынятыя папраўкі да закону “Аб сходах” абмяркоўваліся ў Літве публічна і свабодна цягам паловы году.
Сябра партыі кансэрватараў Вілія Алекнайце-Абрамікене, якая ініцыявала папраўкі да закону “Аб сходах” паўгода таму, прапаноўвала больш жорсткі варыянт: фінансавыя санкцыі, забарона нацысцкай і савецкай сымболікі для выкарыстаньня ў сымболіцы палітычных партыяў, забарона сходаў, удзельнікі якіх карыстаюцца такой сымболікай.
Сойм прыняў мягчэйшы варыянт
У прынятых Соймам папраўках да закону забароненыя сходы з дэманстрацыяй гербаў, сьцягоў, знакаў нацысцкай Нямеччыны, СССР ці Літоўскай ССР, а таксама з выкарыстаньнем уніформы з такімі знакамі, сьцягу з нацысцкай свастыкай, значкоў SS, савецкіх серпу і молату, чырвонай пяціканцовай зоркі.
На сходах таксама забараняецца выконваць гімны нацысцкай Нямеччыны, СССР ці Літоўскай ССР і дэманстраваць выявы адказных за рэпрэсіі супраць жыхароў Літвы нямецкіх нацыянал-сацыялістаў альбо кіраўнікоў кампартыі СССР.
Аднак для зьменаў закону аб палітычных партыях, які таксама закраналі папраўкі адносна партыйнай сымболікі, галасоў парлямэнтараў не хапіла. “Ствараецца уражаньне, што давядзецца з музэяў народнага побыту забраць сярпы і молаты, і з заапаркаў выпусьціць усіх арлоў. Трэба было нармальна патлумачыць гэты праект”, – цытуе DELFI рэпліку лібэрала Пятраса Аўштравічуса адразу пасьля гэтага галасаваньня.
Што будзе з брэндам “савецкія сасіскі”?
У часе абмеркаваньня дэпутаты высьвятлялі, што канкрэтна забароняць прынятыя папраўкі гучалі і жарты, і прапановы новых забаронаў – да прыкладу, адносна “Арміі Краёвай”, а парлямэнтар Пятрас Гражуліс нагадаў пра прывабнасьць усяго забароненага.
“На мой погляд, па тых паведамленьнях, якія зьявіліся ў СМІ, яшчэ дакладна ня вызначана, што Літва спрабуе забараніць. Фармулёўкі даволі агульныя”, – кажа чалец праўленьня Рускага культурнага цэнтру Літвы, журналіст, мастацтвазнаўца Тацяна Ясінская.
Доктарская каўбаса савецкіх часоў” у літоўскіх супэрмаркетах, “савецкія сасіскі” – што будзе з гэтымі таварнымі знакамі?
Што будзе з сымбалямі савецкімі на будынках у Вільні? Ці будзе забаронена вэтэранам публічна насіць свае ўзнагароды? Што будзе адбывацца з паркам Грутас, вядомым ва ўсім сьвеце? Што будзе з інтэр'ерамі адметных віленскіх кавярняў, ёсьць такія, дзе густоўна і цікава выкарыстаная савецкая сымболіка? Праграмы расейскіх каналаў пачынаюцца і заканчваюцца расейскім гімнам, іх глядзяць многія, а мэлёдыя расейскага гімну тая ж самая, што і былога савецкага. Як будзе з гімнам Расеі?
Пакуль нічога, апрача абразы, у гэтым законе ня бачна, і не бачна канкрэтных мэханізмаў, як ён будзе працаваць. Я сумняюся, што ён будзе працаваць у дачыненьні да фашыстоўскай сымболікі, а ў Літве адбываліся ужо публічныя выступы скінхедаў. Апошні раз гэта было ўвогуле у Дзень аднаўленьня літоўскай незалежнасьці 11 сакавіка сёлета. Але найбольш абражае тое, што нацысцкі рэжым акупацыйны прыраўноўваецца гэтым законам да савецкага рэжыму”.
“Закон не прыраўняў савецкі рэжым да нацысцкага”
“Ніякім чынам прынятыя папраўкі не заяўляюць тое, што рэжым савецкі і нацысцкі быў цалкам аднолькавы, – сказаў нашаму радыё кіраўнік падкамітэту палітыкі суседзтва у літоўскім Сойме Эмануэліс Зінгерыс. – Забароненыя абедзьве сымболікі, так, але не таму, што гэта – адно і тое ж, а таму, што гэта былі злачынныя, антыгуманныя рэжымы – кожны на свой лад”.
Чалец камітэту замежных спраў Сойму Літвы Вацлаў Станкевіч адзначае, што “праблемаў з практычным ужываньнем прынятых паправак да закону “Аб сходах” не павінна быць, а калі яны і зьявяцца, то іх вырашаць незалежныя суды”.
Вацлаў Станкевіч: галоўнае, што цяпер ёсьць такі закон
На мой погляд, галоўны акцэнт прынятых паправак да закону “Аб сходах” у тым, што Літва, як сябра НАТО і Эўразьвязу ідзе дэмакратычным шляхам разьвіцьця. І для нашага грамадзтва, і для палітычнай эліты вельмі важныя заходнія эўрапейскія каштоўнасьці – дэмакратыя, правы чалавека, і гэтак далей, гэта ўсё зразумела..
І таму, маючы на ўвазе колькі літоўскі народ нацярпеўся і ад савецкага рэжыму, і ад нацысцкага рэжыму, колькі было пакутаў, дэпартацыяў людзей зь Літвы ў Сібір, і гэтак далей, – таму, мне здаецца, цалкам зразумела, чаму мы ўчора ў Сойме галасавалі за такі закон, які забароніць карыстацца ў часе грамадзкіх імпрэзаў сымболікай гэтых двух рэжымаў.
У гэтым кепскага я нічога ня бачу, бачу толькі стратэгічную мэту Літву – шлях дэмакратычнага разьвіцьця. І для Літвы, краіны НАТО і Эўразьвязу, я не бачу іншага шляху. Мяркую, гэта відавочна, але ў тым жа часе трэба зразумець, што галасуючы за такі закон мы ня маем на ўвазе нейкую непавагу ці непрыхільнасьці да іншых народаў, нашых суседзяў, Беларусі, Расеі. Мы гаворым аб рэжымах – нацысцкім, савецкім. Я асабіста ня бачу нічога супольнага з гэтымі рэжымамі ні адносна Расеі, ні якой іншай краіны”.
“Літва паважае сымболіку іншых краінаў”
“Я, як грамадзянін Літвы вельмі добра адчуваю, чым жыве літоўскі народ, і я сапраўды не бачу ні нейкага суму, ці настальгіі па сымболіцы аднаго ці другога рэжыму, – заўважае Вацлаў Станкевіч. – А калі зьявіцца якое-небудзь пытаньне пра выкарыстаньне сымболікі у тым ці іншым месцы, то гэта будзе разглядацца ў рамках закону.
Мне здаецца, для дэмакратычнай краіны гэта цалкам нармальна. Што да гімну, так гэта ж зразумела – мы паважаем сымбалі іншых краінаў, і таму я ня бачу ніякай праблемы, калі будзе гучаць гімн Расеі на тэрыторыі Літвы – мы разумеем, што гэта гімн нашых суседзяў і гэта не належыць да сымболікі згаданых рэжымаў.
“Гамафобія, расізм, парушэньне свабоды – з гэтым нельга жартаваць”
Гэтыя два рэжымы, дзьве ідэалёгіі ды іх улады запатрабавалі ад Эўропы велізарную колькасьць чалавечых ахвяраў
Мы папросту павінны ня ставіцца талерантна да такіх праяваў, асабліва, калі бачым як у некаторых дзяржавах сьвету цяпер ёсьць пэўныя праявы адраджэньня нацызму альбо камунізму. А камунізм і нацызм аб'ядноўваюць такія рэчы, як гамафобія, расізм, парушэньне свабоды чалавека. З такімі рэчамі нельга жартаваць!”
Суседзі не плянуюць забараняць
Летась на пачатку году ў Эстоніі ўрад ухваліў падобны законапраект. Яго ініцыятары лічылі, што гэта будзе эфэктыўным сродкам супраць экстрэмісцкіх мітынгоўцаў. Але ў часе публічнага абмеркаваньня паправак да пастановы аб пакараньнях прагучала выснова, што яны не адпавядаюць прынцыпам прававой дзяржавы.
Канцлер права Алар Йыкс заявіў, што законапраект не абгрунтавана абмяжоўвае свабоду выяўленьня думак грамадзянаў і не фармулюе дастаткова канкрэтна, якія дзеяньні забараняюцца. Міністар юстыцыі Эстоніі Рэйн Ланг, камэнтуючы рашэньне літоўскага Сойму забараніць выкарыстаньне нацысцкай і савецкай сымболікі ў часе грамадзкіх імпрэзаў, заявіў, што ў бліжэйшы час Эстонія не плянуе забароны абедзьвюх гэтых сымболікаў на заканадаўчым узроўні, і пры гэтым адзначыў, што ў далейшым гэтым пытаньнем трэба сур'ёзна займацца. Паводле Ланга, рашэньне Літвы трэба прааналізаваць больш грунтоўна, каб высьветліць, ці не вядзецца размова аб папулісцкім перадвыбарчым рашэньні, паколькі рэальнае дзеяньне такога закону забясьпечыць складана.