Цыганкоў: “Што можна сказаць пра падрыхтаваныя зьмены ў закон? Ці яны дастаткова касмэтычныя ці істотна пагаршаюць сытуацыю са свабодай прэсы ў Беларусі?”
Класкоўскі: “Прадстаўнікі ўлады спрабавалі запэўніць, што зьмены не канцэптуальныя, тэхнічныя, маўляў, з 1995 году састарэлі некаторыя паняткі, “трэба ўдакладніць тэрміналёгію”. Але насамрэч знаёмства з тэкстам паказвае, што там ёсьць прынцыповыя навацыі.
Па-першае, прадугледжваецца рэглямэнтацыі Інтэрнэту, будзе рэгістрацыя сайтаў, прычым канкрэтны парадак “спыненьня анархіі ў Сеціве” (як кажуць наверсе) аддаецца на водкуп Савету Міністраў. То бок выканаўчая ўлада атрымлівае карт-блянш.
Што да іншых зьменаў, то “д’ябал тоіцца ў дэталях”. Болей жорсткімі становяцца патрабаваньні да акрэдытацыі, да адказнасьці выдаўцоў, крыніцаў фінансаваньня – карацей, ствараецца больш складаны кантэкст для працы незалежных мэдыяў”.
Цыганкоў: “Мне таксама кінулася ў вочы больш жорсткае палажэньне пра акрэдытацыю замежных журналістаў. Відавочна, чуюцца адгалоскі нядаўніх падзеяў, калі прыходзілі з ператрусамі ў офісы журналістаў, што супрацоўнічаюць з замежнымі мэдыямі”.
Класкоўскі: “Улада, безумоўна, робіць пэўныя высновы – ёй непатрэбная лішняя міжнародная ўвага. Цяпер падвозіцца база ля легітымацыі такога націску. Бо ня трэба будзе рабіць ператрусы, а можна будзе проста сказаць – “вы не апавядаеце закону, у вас няма акрэдытацыі, і мы супраць вас ужываем законна нейкія захады”
Цыганкоў: “Чаму гэтак дастаткова раптоўна ўладам спатрэбілася прыняць гэты закон? Як улады будуць тлумачыць чарговы наступ на свабоду прэсы перад беларускай, ну і найперш перад сусьветнай грамадзкасьцю?”
Класкоўскі: “У іх відавочна нарастала раздражненьне “анархіяй у Сеціве”. Улада сьпяшаецца, пакуль стары парлямэнт, прыняць гэты закон, бо наперадзе выбары – парлямэнцкія, а потым і прэзыдэнцкія – і лепей трымаць інфармацыйную сфэру ў кулаку.
Што тычыцца міжнароднай рэакцыі, то, натуральна, калі закон будзе прыняты ў драконаўскім варыянце, то будзе ўзьнята ўся міжнародная грамадзкасьць. Але для ўлады цяпер найважнейшы прынцып: “імідж – нішто, захаваньне ўлады – усё”.
Разам з тым, сёньня стасункі з Захадам – вельмі важная праблема, і магчыма, узважыўшы усё, улада падумае яшчэ раз. Бо найлепшым выйсьцем было б не гнаць коней, а даць у Раду Эўропы на экспэртызу, -- і гэта быў бы добры крок, які дапамог бы наладзіць нейкія стасункі з Эўропай. Паглядзім, якія меркаваньні пераважаць”