Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: на абласным тэлебачаньні больш не гучыць беларуская мова


У эфіры гарадзенскага абласнога тэлебачаньня больш не пачуеш беларускай мовы. Пераведзена на расейскую мову апошняя праграма — выпуск навінаў.

Тэлерадыёкампаніяй “Гродна” цяпер кіруе Мікалай Мельячэнка. Ён пачынаў як карэспандэнт, рабіў спартыўныя сюжэты на беларускай мове. Я спытаўся ў яго: чым выкліканы перавод выпуску навінаў на расейскую мову? Ці застанецца беларуская мова на тэлебачаньні ўвогуле?

Мельячэнка: “Беларуская мова будзе, будзе выходзіць праграма, якая будзе расказваць аб беларусах за мяжой. Яна будзе выходзіць з новага сэзону, кожны тыдзень”.

Карэспандэнт: Але новую праграму плянуецца запусьціць толькі ў верасьні. Сёньня ніводнай праграмы на беларускай мове няма. Чым выкліканы перавод выпуску навінаў на расейскую мову?

Мельячэнка: “Ну, гэта ўжо тэндэнцыя такая паўсюдная, ва ўсіх рэгіёнах такая сытуацыя склалася, што ўсе навіны рэгіянальныя на рускай мове, і на цэнтральных каналах таксама. Можа, запатрабаваныя, скажам так, навіны больш на рускай мове, то мы так і робім”.

Днямі яшчэ вядучы выпуску навінаў гаварыў па-беларуску, але ўсе сюжэты была на расейскай. Сёньня на расейскай мове ўжо ўсё цалкам, кажа спадар Мельячэнка і сам пераходзіць на расейскую мову.

Мельячэнка (па-расейску): “Гэта ўжо тэндэнцыя такая тэлевізійная ў краіне, таму самі разумееце, у любым выпадку, гэта ня значыць, што мы будзем сваю самасьвядомасьць умацоўваць, калі будзем на беларускай, правільна? Усе ў нейкай ступені патрыётамі зьяўляемся. Калі навіну на беларускай, гэта ня значыць, што мы праяўляем патрыятызм, а калі на рускай, то наадварот, не, канечне”.

Сябры партыі БНФ накіравалі ліст спадару Мельячэнку. Гаворыць Сяргей Мальчык — кіраўнік абласной структуры партыі:

“Калі была гэтая заява новага кіраўніка гарадзенскага аблтэлерадыё, мы адразу накіравалі ад гарадзкой арганізацыі партыі БНФ ліст на яго імя з патрабаваньнем захаваць беларускую мову хаця б у выпусках навінаў. Бо й так русыфікацыя ідзе татальная. Зразумела, што гэта чалавек, які жыў у Горадні, ён гарадзенец, і мы лічым, што традыцыі моўныя варта было б захоўваць хаця б у заходніх рэгіёнах Беларусі, у Горадні. Але ёсьць палітыка дзяржавы, і гэтая палітыка накіраваная на ўніфікацыю, у тым ліку гэта датычыць і моўнага пытаньня”.

Кіраўнік тэлерадыёкампаніі “Гродна” Мікалай Мельячэнка кажа, што ліст ад гарадзкой арганізацыі партыі БНФ атрымаў, але адказваць на яго ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG