Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улада ня хоча, каб народ ведаў пра справу Шылы”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 12 чэрвеня, чацьвер.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Актывіста Маладога фронту Івана Шылу выключылі са школы ў Салігорску, не дазволіўшы здаць апошні выпускны іспыт. Камэнтар слухача:

Спадар: “Пасьля таго, як я пачуў пра справу Івана Шылы, я ў наступныя тры дні ўважліва чытаў афіцыйныя беларускія газэты з мэтай знайсьці хоць нейкі камэнтар на гэтую тэму. Аднак спробы аказаліся дарэмнымі. Я не знайшоў ніякага камэнтара: ні добрага, ні дрэннага. Гэта можа сьведчыць толькі пра адно: улада ня хоча, каб народ ведаў пра гэтую справу”.

Наступнае выказваньне — пра вяртаньне савецкіх банкаўскіх укладаў:

Спадарыня Ларыса, Менск: “З экрана тэлевізара па БТ, як і па дзяржаўным радыё, увесь час кажуць: “З кожным годам дабрабыт нашых грамадзян павялічваецца”. Дык настаў такі момант, што ўжо час пэнсіянэрам вярнуць уклады, якія абяцалі вярнуць яшчэ 10 гадоў таму. Многія не дачакаліся. Мы хочам жыць дастойна, таму вярніце нашы ўклады. Гэты момант прыйшоў”.

Жыхары пасёлку Дружны Пухавіцкага раёну пратэстуюць супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці заводу па вытворчасьці ядахімікатаў “Август-Бел”. Адзін з актывістаў акцыяў пратэсту Сяргей Абразоўскі быў двойчы пакараны буйнымі штрафамі. Аштрафаваныя таксама жыхаркі пасёлку Наста Папова і Тацяна Дылькова, папярэджаньне пракуратуры атрымала Тацяна Рысевец. Выказваньне слухача:

Спадар Сьцябуля: “Паслухаўшы ў “Начной Свабодзе” інтэрвію спадара Абразоўскага, прыходзіш да высновы, што завод у пасёлку Дружны будзе збудаваны і будзе працаваць. А вы, спадар Абразоўскі, не шкадуеце сваіх людзей. Дзякуй”.

Выказваньне камэнтуе Сяргей Абразоўскі:

“Па-першае, я ня ведаю, чаму чалавек зрабіў такую выснову, што завод будзе пабудаваны. Мы змагаліся і будзем змагацца, каб гэтага не было. Па-другое, людзей шкадаваць, каб яны не змагаліся, а каб іх труцілі? Гэта будзе лепшае шкадаваньне? А па-трэцяе, гэтыя людзі самі змагаюцца. Самі ідуць, і ўжо ня столькі яны за мной, колькі я за імі. Каб гэтыя людзі не давяралі мне, а я ім, то яны б не зьбіралі грошы на выплату штрафаў мне, а таксама дзяўчатам, якія былі аштрафаваныя”.

Працягваем праграму выказваньнямі наконт праграм Радыё Свабода:

Спадар Віктар: “Наконт працы Радыё Свабода. Калі ласка, на пачатку першай гадзіны паведамляйце, пра што будзе весьціся гаворка. І ў першую чаргу перадавайце пра сур’ёзныя дыскусіі, дзе праводзяцца якія мерапрыемствы. І не марнуйце час эфіру на глупства”.

Віктар Буто: “Для Анатоля Лябедзькі. Прашу ня крыўдзіцца на маю крытыку ў бок апазыцыі. Я кажу на мове нацыі. Што бачу, тое і кажу. Я стаўлюся да апазыцыі са спачуваньнем і хацеў бы бачыць яе ва ўладзе, каб выканаўчая ўлада пачала выконваць хоць невялікую частку сваіх прамых службовых абавязкаў у адносінах да мяне. І гэтага яны ня робяць ужо больш за 36 гадоў”.

Спадар: “Свабода”! Я хачу вас пакрытыкаваць чарговы раз. Справа ў тым, што вы вельмі шмат увагі надаяце завоблачным пытаньням. “Экспэртыза Свабоды” — гэта нейкія хітрыя хады-выхады, пра паліва. А народ на вачах вашых карэспандэнтаў рабуюць, але чамусьці ніхто гэтага ня бачыць. Я ў першую чаргу маю на ўвазе БТ і іншыя сродкі масавай інфармацыі. У іх зьявілася дурная мода даваць пытаньне, на якое нават школьнік можа адказаць, і каб людзі званілі. А там унізе маленькімі літарамі, што на дрэнным тэлевізары і не разьбярэш, што за кожную хвіліну — 3500 рублёў. Гэта спэцыяльна прыдумана, каб рабаваць праз малых дзяцей ці дурных людзей, якія не разумеюць, што гэта спосаб рабунку. І апазыцыю не пускаюць на тэлебачаньне, бо адразу ўсё выкрыюць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG