У працэсе рэканструкцыі парка плянуецца сьпілаваць 1662 дрэвы і зачыніць сьвідравіны водазабору “Зеляноўка”, а іх тут усяго восем, якія забясьпечваюць жыхароў артэзіянскай вадой – лепшай у Менску. Севастопальскі парк мае статус ландшафтна-рэкрэацыйнай водаахоўнай зоны. Пра ўсё гэта распавялі жыхары раёну. У 1995 годзе тут спрабавалі пабудаваць хрысьціянска-эвангэлічны цэнтар, потым элітныя дамы, але жыхары раёну не дазволілі. Цяпер улады робяць яшчэ адну спробу адхапіць гэты прывабны кавалак зямлі. Валянціна Шалейнікава апавяла:
“Наш парк – прыгажун. Пад выглядам добраўпарадкаваньня тут спрабуюць разьмясьціць рэстарацыі, кафэ, грамадзкую прыбіральню, адміністрацыйны будынак з паркінгам на 600 аўтамабіляў. Словам, чорт ведае што. Пры гэтым павінны зьнесьці тры сьвідравіны. Для чаго і для каго? Дзеля карысьлівых інтарэсаў некаторых чыноўнікаў?”
Паводле спадарыні Валянціны, гэта водаахоўная зона і тут нельга разгортваць будоўлю. Жыхары раёну вырашылі зьвярнуцца да лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча і запрасілі яго на сустрэчу:
“У нас безвыходнае становішча. Мы цяпер ужо толькі спадзяемся на Мілінкевіча, бо тое, што адбываецца – гэта бязьмежжа. Усе гэтыя правапарушэньні хаваюцца. Мы патрабуем толькі захаваньня заканадаўства. Мы абараняем сваё права на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе. Гэта праблема ўсяго горада. Парушаецца ўсё настолькі бесцырымонна, нахабным чынам”.
Аляксандар Мілінкевіч патлумачыў, чаму ён пагадзіўся ўзяць удзел у сустрэчы з абаронцамі Севастопальскага парку:
“Мы ня проста змагаемся за правы чалавека абстрактна. Мы ня проста змагаемся за справядлівасьць. А вельмі хочам, каб гэта набыло канкрэтныя формы. Мы змагаемся за думкі людзей, за мэнталітэт людзей. І калі людзі самі пачынаюць адчуваць сябе грамадзянамі, што яны адказваюць за свой лёс, за лёс сваіх дзяцей і самаарганізуюцца, і так як у гэтым выпадку, пачалі акцыі пратэсту, я лічу, што гэта вялікі посьпех у зьмене сьвядомасьці на Беларусі. Таму калі яны прыйшлі да мяне, распавялі пра ўсю гісторыю свайго змаганьня і папрасілі падтрымаць інфармацыйна, арганізацыйна, юрыдычна, я з радасьцю згадзіўся. І падзякаваў ім за тое, што яны сапраўдныя грамадзяне нашай краіны”.