Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ёсьць шанец атрымаць 12 мільярдаў эўра


Беларусь мае шанец далучыцца да новых праграмаў Брусэлю для ўсходніх партнэраў. Дзеля гэтага беларуская ўлада павінна найперш вызваліць палітвязьняў і правесьці свабодныя дэмакратычныя выбары.


Пра гэта казалі прадстаўнікі кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі.

Сустрэчы ў Брусэлі, дзе Эўрапарлямэнт сабраў дэпутатаў ад Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы, Украіны і дэлегацыю Аб’яднаных дэмсілаў Беларусі, паказалі: Эўразьвяз мае намер надаваць краінам Усходняй Эўропы значна больш, чым раней, увагі і рэсурсаў.

“На бліжэйшыя гады, па 2013 год, на ўсходні кірунак выдзяляецца прыкладна 12 мільярдаў эўра. Узьнікае пытаньне: як там будзе прадстаўлена Беларусь? Бо гэта розныя сфэры супрацоўніцтва — эканамічная, гуманітарная, абмены. Гэта — вялікая колькасьць праграмаў. І ў нас, у Беларусі, ёсьць шанец увайсьці ў гэтыя 12 мільярдаў са сваімі праграмамі. Каб гэта пайшло на карысьць грамадзянам Беларусі.

Але калі палітычная сытуацыя будзе заставацца бязь зьменаў, дык гэтыя велізарныя сродкі абмінуць Беларусь”, кажа Анатоль Лябедзька.

Адказнасьць за нявыкарыстаныя магчымасьці, калі так здарыцца, ляжа на афіцыйныя беларускія ўлады, падкрэсьлівае яшчэ адзін удзельнік паездкі — Сяргей Калякін:

“Мяч сёньня знаходзіцца на баку ўлады. І пра гэта павінны думаць людзі, якія рэальна страчваюць ад таго, што ўлады выяўляюць такую цьвердалобасьць і ня хочуць саступаць. Яны ня хочуць выпускаць палітвязьняў, ня хочуць выконваць свае абавязаньні наконт правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў. Ад гэтага людзі вельмі шмат страчваюць”.

Вінцук Вячорка, які таксама езьдзіў у Брусэль, зазначыў: амбасадара Беларусі ў Бэльгіі і эўрапейскіх структурах на дэбаты не запрасілі. Сустаршыня Палітрады АДС лічыць гэта жорсткім сыгналам:

“Ня толькі да беларускага парлямэнту, але і да выканаўчай улады ў Брусэля ёсьць сур’ёзныя прэтэнзіі. Так што цяпер афіцыйнаму Менску трэба моцна думаць. Разьлікі на тое, што Эўрапарлямэнт, Эўракамісія пачнуць гуляць у нейкія гульні, абніжаць бар’ер патрабаваньняў да афіцыйных уладаў, ня спраўдзіліся. Усе патрабаваньні застаюцца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG