Аднаго зь лідэраў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Івана Шылу, жыхара гораду Салігорску, выключылі са школы напярэдадні апошняга іспыту.
Упершыню за шмат гадоў адміністрацыя школы, дзе вучыўся выключаны, адмовілася падпарадкавацца незаконнаму ціску начальства і была вымушана звольніцца сама.
Паважаю гэтых людзей за тое, што яны не пайшлі супраць свайго сумленьня
Я не знаёмы з былым дырэктарам СШ № 4 г. Салігорску Вольгай Іванаўнай Сяньковай і яе намесьніцай Аленай Іванаўнай Семчанкавай, але я паважаю гэтых людзей за тое, што яны не пайшлі супраць свайго сумленьня.
Я працую цяпер над падрыхтоўкай да друку кнігі “Палякі ў Пецярбургу: Мікалаеўская эпоха” — складаю паказальнік імёнаў да мэмуараў. Якраз сёньня раніцай напісаў кароткую біяграфічную даведку пра вядомага юрыста (ня блытаць з праваабаронцамі!) і літаратара Ўладзіміра Данілавіча Спасовіча, дзе адмыслова пазначыў: Спасовіч быў выпускніком гімназіі № 1 г. Мінска. А таксама адзначыў, што ў 1861 г. на знак пратэсту супраць расправаў над студэнтамі Спасовіч сышоў у адстаўку з пасады прафэсара Пецярбурскага ўнівэрсытэту.
Я ня ведаю, хто выхоўваў будучых настаўнікаў Сянькову і Семчанкаву. Мабыць, нейкі прыстойны чалавек, накшталт Спасовіча.
Гэта ж натуральна для чалавека – пратэставаць супраць несправядлівасьці. Калі ты – сапраўдны інтэлігент.
Бо ёсьць жа і іншыя інтэлігенты. Тыя, пра каго пісаў правадыр сусьветнага пралетарыяту:
-- Інтэлігенцыя – гаўно!
Калісьці гонар савецкай навукі быў выратаваны тым, што акадэмікі адмовіліся выключаць са свайго складу Андрэя Дзьмітрыевіча Сахарава. Яны давялі, што інтэлігенцыя – не гаўно.
У Беларусі “не-гаўна” застаецца ўсё менш.
Ніхто ня звольніўся на знак пратэсту супраць звальненьня народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі – як ніхто ня звольніўся і на знак пратэсту супраць звальненьня маладога артыста Паўла Харланчука. У другім выпадку было нават наадварот: галасаваньнем пытаньне рашалася, з паказальным удзелам у расправе народнага артыста СССР.
Ніхто ня звольніўся на знак пратэсту супраць расправы з Аляксандрам Вайтовічам, які заступіўся за Акадэмію – дарма што той адстойваў ня столькі ўласную свабоду, колькі свабоду ўсіх акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў, якія маўчалі.
Ніхто ня звольніўся, калі дзялілі пісьменьнікаў на чыстых і нячыстых, сацыяльна патрэбных і сацыяльна шкодных. Калі рашалі, песьні на чые вершы выконваць можна, а на чые – нельга.
Гаўно трэба вычышчаць. Паказальна
Не звальняліся, пацьвярджаючы рацыю нятленнага савецкага фараона:
-- Інтэлігенцыя – гаўно!
І толькі дзьве настаўніцы адчулі, што заткнуць нос і рукамі корпацца ў гэтым самым гаўне – амаль адно і тое ж. І не захацелі. Бо потым прыходзіш дадому, становішся да пліты, гатуеш вячэру дзецям і мужу – а сьмярдзіць жа...
Адчулі – і не захацелі корпацца. Людзі ж бо, а не глісты. Рашылі лепш звольніцца.
Гэтыя дзьве жанчыны давялі, што інтэлігенцыя – не гаўно. Проста яе замала. А гаўна сапраўды зашмат.
Мяне хвалююць цяпер дзьве рэчы.
Першая. Шмат добрых і разумных людзей падпісалі пратэст супраць выключэньня Івана Шылы і звальненьня кіраўніцтва школы № 4 г. Салігорску. Але звольненым ад гэтага – ні цёпла, ні холадна. Яны ня могуць зьехаць з краіны, бо дзьвюх звычайных школьных настаўніц тут ніхто не чакае. І калі сёньня апазыцыя ня зможа абараніць іх – тут, у Беларусі, у Салігорску, -- то грош цана такой апазыцыі. У сацыялістычнай Польшчы звольненых усё ж баранілі.
Другое. У ніводным матэрыяле, які распавядае пра гэтыя падзеі, я так і не прачытаў імёнаў тых, хто дамогся звальненьня Сяньковай і Семчанкавай і адлічэньня Івана Шылы. А такі сьпіс быў бы вельмі дарэчы. З уключэньнем гэтых неназваных асобаў ва ўсе сьпісы – ад сьпісу санкцыяў Эўрасаюзу да сьпісу санкцыяў Кангрэсу ЗША. Проста для таго, каб яны ведалі:
-- Ніхто не забыты і нішто не забыта.
Гаўно трэба вычышчаць. Паказальна. Каб іншым непанадна было.
Аляксандар Фядута