Якой можа стаць гадавая інфляцыя сёлета? На якія камунальныя паслугі цэны падвысяцца ўжо ў найбліжэйшыя месяцы?
Цыганкоў: “Беларускае кіраўніцтва гучна абяцала, што сёлета кошты на камунальныя паслугі павысяцца ня больш чым на 5 даляраў. І гэтае павышэньне адбылося ўжо ў пачатку году. І вось цяпер – рост цэнаў на электраэнэргію і на тэхабслугоўваньне кватэраў. Ці можна ўжо цяпер канстатаваць, што ўлады ня выканалі свае абяцаньні?”
Залескі: “Трэба з сорамам прызнаць, што мы не разьлічылі магчымасьці ўраду. Я, як аналітык, памыліўся, калі прагназаваў, што павышэньне будзе пасьля парлямэнцкіх выбараў. Ажно не дачакаліся выбараў... І гэта сьведчаньне таго, што ня ўсё так прыемна і файна, як нам абяцаюць урадоўцы. Даводзіцца ўздымаць кошты на ўсё, што зьвязана з пражываньнем людзей. Бо сама сыстэма жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, сыстэма разьмеркаваньня электраэнэргіі і газу ня здольныя працаваць эфэктыўна ва ўмовах сацыялізму”.
Цыганкоў: “Урад плянаваў сёлетнюю інфляцыю 6-8 працэнтаў. Але па выніках 4 месяцаў году яна склала ўжо 5,3 працэнты. Калі так пойдзе далей, то колькі можа быць гадавая лічба?”
Залескі: “Мне здавалася ад пачатку году, што будзе працэнтаў 17-18. Але калі так пойдзе, то, можа, і да 20 дабярэцца.
Бо гэтае падвышэньне на электраэнэргію закранае вельмі вялікую масу, і таму вельмі моцна ўплывае на інфляцыю. У нас тры мільёны сем’яў, і амаль кожная цяпер будзе плаціць больш”.
Цыганкоў: “Як падвышэньне цэнаў на электрычнасьць можа ўплываць на цэны на астатнія групы тавараў?”
Залескі: “Ёсьць розныя групы вытворцаў, і трэба глядзець, якую долю выдаткі на электраэнэргію складаюць у сабекошце прадукцыі. Я ня думаю, што гэта істотна паўплывае на ўсю таварную масу. Бо гэта ідзе з пэўнай адтэрміноўкай. Бо ў нас такія вялікія складзкія запасы, што можна месяц нічога не вырабляць, а толькі прадаваць тое, што ляжыць на складах”.
Цыганкоў: “Якія павышэньні коштаў на камунальныя паслугі можна чакаць да канца году?”
Залескі: “Гэта будзе зьвязана з газам, гарачай вадой, і ў буйных гарадах гэта пацягне некаторыя рэчы, зьвязаныя з палівам, – напрыклад, вываз сьмецьця. Карацей, калі абяцанае павышэньне на 5 даляраў патроіцца, то ніхто ўжо і ня зьдзівіцца”.