Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўтаймуе ААН цэны на харчаваньне?


Заўтра ў Рыме пачынаецца міжнародная канфэрэнцыя ААН па праблемах харчаваньня.


У ёй возьмуць удзел кіраўнікі больш чым 40 краін і ўрадаў, прадстаўнікі харчовай праграмы і сельскагаспадарчага агенцтва ААН. Мэта нарады – знайсьці шляхі вырашэньня імклівага росту ўсясьветных цэнаў на харчаваньне.

З 2005 году цэны пшаніцу і многія іншыя віды харчаваньня падвысіліся ўдвая. Ужо на працягу многіх месяцаў эканамісты папярэджваюць, што крызіс цэнаў на харчаваньне будзе мець самыя сур’ёзныя наступствы. Вось хто казаў у красавіку прэзыдэнт Усясьветнага банку Робэр Зэлік:

“Паводле нашых ацэнак падвышэньне цэнаў на харчаваньне ў два разы за апошнія 3 гады кіне ў галечу дадатковыя 100 мільёнаў чалавек у бедных краінах. Гэта ня толькі пытаньне кароткатэрміновых патрэбаў, гэта азначае, што і наступныя пакаленьні ня будуць мець грошай, каб купляць ежу”.

Іншыя экспэрты кажуць, што скачок цэнаў на харчы ў шэрагу рэгіёнаў сьвету пагражае масавым голадам.

Міжнародная канфэрэнцыя, якая адкрыецца заўтра ў Рыме, закліканая знайсьці шляхі выхаду з крызысу. Размова ў італьянскай сталіцы пойдзе ня толькі пра тэрміновую дапамогу бедным краінам, каб яны маглі пракарміць сваё насельніцтва, але і аб кардынальных кроках, якія маглі б вырашыць праблему.

Магчымыя прычыны: пратэкцыянізм, біяпаліва, дарагая энэргія

Чакаецца, што ў Рыме генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун закліча багатыя краіны зьняць усе гандлёвыя абмежаваньні, адмовіцца ад мэханізмаў рэгуляваньня цэнаў на харчаваньне, якія зараз – самыя высокія за апошнія 30 гадоў. Лічыцца, што абарона багатымі краінамі свайго рынку харчаваньня і сваіх фэрмэраў дэматывуе сельгасвытворцаў у бедных краінах – яны ня маюць магчымасьці прадаць сваю прадукцыю на самых прыбытковых рынках, і таму вытвараюць яе менш наагул.

Ёсьць і іншыя тлумачэньні крызысу. Амэрыканская дэлегацыя , якую ўзначальвае міністар сельскай гаспадаркі Эдвард Шэфэр, як паведамляецца, будзе адстойваць меркаваньне, што прычына росту цэн на харчы – рост цэн на энэргію. Амэрыканская прапанова – пошук альтэрнатыўных крыніц энэргіі.

Некаторыя іншыя экспэрты бачаць прычыну падаражаньня харчоў менавіта ў адной з такіх крыніцаў – у біяпаліве, калі пшаніца ператвараецца ў этанол і не дастаецца галодным. Аднак , напрыклад, дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс , спасылаючыся на маштабы вытворчасьці біяпаліва, лічыць, што прычына крызісу – ня ў гэтым.

Райс: “Я мяркую, што значная частка харчовай праблемы зьвязаная не зь біяпалівам, а з ростам коштаў на энэргію, што адбіваецца і на выдатках на сельгасвытворчасьць, і на росьце транспартных выдаткаў – і гэта асноўная прычына харчовага крызысу, які мы маем”.

Ахмадзінэжад сустрэнецца з Папам Рымскім

Акрамя праблемы росту ўсясьветных цэн на харчаваньне, наконт якіх пакуль невядомыя ня толькі шляхі вырашэньня праблемы, але і нават прычыны, чакаецца, што ў Рыме могуць адбыцца цікавыя палітычныя спэктаклі: туды прыедуць лідэры такіх краін-ізгояў, як прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад і лідэр Зімбабвэ Робэрт Мугабэ. Чакаецца, што Ахмадзінэджад сустрэнецца з Папам Рымскім.

Адносна Мугабэ дзейнічае забарона на ягоны ўезд у краіны Эўразьвязу за фальсыфікацыю выбараў і масавыя парушэньні правоў чалавека. Але заўтрашняя канфэрэнцыя – мерапрыемства ААН, таму забарона ня дзейнічае. Ня выключана, што, як гэта ня раз было раней, Мугабэ скарыстаецца такой рэдкай магчымасьцю, каб выказаць заходнім лідэрам усё, што ён пра іх думае.

Абмеркаваньне праблемы цэн на харчаваньне, – праўда, без удзелу такіх калярытных пэрсанажаў, – стане адной з галоўных праблемаў і саміту “Вялікай васьмёркі”, які пройдзе ў Японіі напачатку ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG