Натальля Чарапуха судзіла палітыка 1 верасьня 2006 году, калі ён прыкуў сябе да агароджы перад будынкам Бабруйскага гарвыканкаму на знак пратэсту супраць свайго звальненьня са школы.
Карэспандэнту “Свабоды” ўдалося пагутарыць па тэлефоне з Алесем Чыгіром. Яго затрымалі сёньня ноччу й вінавацяць у дробным хуліганстве ды непадпарадкаваньні міліцыі.
Алесь Чыгір заяўляе, што ў пастарунку яго зьбілі міліцыянты:
“У мяне баліць рука, перадплечча, нага. Білі прафэсійна. Расьцягвалі шыю. Мне рабілі “ластаўку". Падымалі за валасы. Я валяўся на падлозе. На мяне ставілі ногі. Гэтым гвалтам кіраваў маёр Тоўсьцік, а дапамагаў яму старшына Пашолкін. Яны казалі, што зараз адсячом табе пальцы. Мяне вазілі ў траўмапунт, аднак лекары й міліцыянты заадно. Сьледчы выпісаў мне накіраваньне на пабоі”.
Маёр Тоўсьцік удзельнічаў у нападзе на бабруйскі грамадзкі цэнтар 5 сакавіка.
Данута Чыгір не выключае, што ейнага мужа зьняволілі прэвэнтыўна: на час, пакуль у Бабруйску будзе знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка. Лукашэнка мае прысутнічаць заўтра на адкрыцьці лядовага палацу.
Алеся Чыгіра затрымалі каля поўначы супрацоўнікі аддзелу міліцыі бабруйскага гарвыканкаму. Паводле спадарыні Чыгір, мужа падчас затрыманьня моцна зьбілі. Праз вакно яна бачыла, як Алесь ляжаў у аддзеле міліцыі на падлозе непрытомны.