Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія цепласеткі зьліваюць гарачую ваду ў Сьвіслач


Сёньня ў Менску мінакі, праходзячы ўздоўж ракі Сьвіслач у раёне Траецкага прадмесьця, каля так званага “гарбатага мосту”, які вядзе да Востраву сьлёз, бачылі, як над вадою клубіцца пара.


Начальнік дыспэтчарскай службы Менскіх цепласетак, які не назваў свайго прозьвішча, патлумачыў Радыё Свабода, што пару можна было бачыць толькі раніцай, калі тэмпэратура паветра была невысокая. Удзень, калі слупок тэрмомэтра дайшоў амаль да 20 градусаў, пары не павінна быць відно. Начальнік дыспэтчарскай службы пацьвердзіў, што ў цэнтры гораду ідзе плянавы рамонт цепласетак, праводзіцца адключэньне гарачай вады:

“Рэч уся ў тым, што ў нас ёсьць участак сетак, які цяпер на рамонце, і ён дрэнажуецца. І вада па ліўневай каналізацыі трапляе ў рэчку Сьвіслач. Нам адпампоўваць ваду няма куды: мы ж ня можам выліваць яе на вуліцу Багдановіча або на Траецкае прадмесьце. Таму вада дрэнажуецца і па ліўневым калектары паступае ў раку Сьвіслач”.

Карэспандэнтка: “Але ж вада гарачая...”

“А якая вада ў нас у сетках? Яна гарачая і ёсьць. Мы ж яе ня можам астудзіць. Гэта ў водаправодзе вада халодная. А ў нас вада гарачая, таму й называемся мы “Цеплавыя сеткі”.

У Сьвіслачы ёсьць месца, дзе тэмпэратура вады дасягае больш за 50 градусаў паводле Цэльсія. Але крыху далей да зьліву вады тэмпэратура ў Сьвіслачы цалкам прымальная для купаньня – каля 30 градусаў. На пытаньне, ці не пашкодзіць гэта экалёгіі, рыбе, якая, нягледзячы на забруджанасьць, яшчэ вядзецца ў рацэ, начальнік дыспэтчарскай службы Менскіх цепласетак адказаў так:

“Рыбам не пашкодзіць, наагул нічому не пашкодзіць. Мы так адрэгулявалі, каб выкід вады быў невялікі. Я не эколяг, я проста вам патлумачыў сытуацыю, якая ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG