Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці канчаткова страчаныя беларускія рэліквіі?


Доктар філялягічных навук прафэсар Адам Мальдзіс рыхтуе аб’ёмны сьпіс матэрыяльнай спадчыны Беларусі, вывезенай за межы краіны.


Пералік, магчыма, будзе апублікаваны на наступным тыдні на старонках газэты “Советская Белоруссия”. Пакуль жа навуковец адмаўляецца падаваць канкрэтныя зьвесткі. Наколькі праўдападобна, што вывезеныя ў розны час зь беларускай зямлі скарбы ўсё ж будуць вернутыя на радзіму?

Адам Мальдзіс не кранае юрыдычных нюансаў рэстытуцыі нацыянальных каштоўнасьцяў. Кажа, што гэта прэрагатыва дзяржаўных чыноўнікаў, якія павінны дамаўляцца на найвышэйшым узроўні. Ужо працяглы час Мальдзіс стварае своеасаблівы перапіс скарбаў, якія пры розных акалічнасьцях былі страчаныя. Каб не сурочыць, навуковец часова прыпыніў кантакты з журналістамі:

“Тэмай гэтай я валодаю, бо якраз цяпер вяду вельмі важнае змаганьне за некалькі справаў. Таму ў найбліжэйшыя месяцы ўстрымаюся ад усялякіх інтэрвію. Дзеля гэтага адмаўляюся нават ад замежных запрашэньняў — нядаўна ў Ольштын запрашалі, у Бэрлін. Адмаўляюся, ня маю часу”.

На старонках газэты Адміністрацыі прэзыдэнта Адам Мальдзіс неаднойчы ўздымаў тэму страчаных рэліквіяў. У прыватнасьці, разглядаў вэрсіі зьнікненьня крыжа Эўфрасіньні Полацкай – ад магчымага яго знаходжаньня ў амэрыканскай калекцыі Моргана да калекцыяў у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Нядаўна ён вярнуўся да гісторыі з вырабленым у XV cтагодзьдзі ў Крыме поясам Вітаўта, які стаў падарункам крымскага хана вялікаму князю. Выявілася, што ў скарбе, знойдзеным ля вёскі Літва пад Маладэчнам, быў не адзін, а два паясы. Паводле навукоўца, другая рэліквія можа знаходзіцца ў Францыі. Калекцыянэр нібыта прапаноўваў пояс піцерскаму Эрмітажу і такім чынам “засьвяціўся”.

Ці праўдападобныя зьмены ў той сытуацыі, якая застаецца амаль нязьменнай ужо некалькі апошніх дзесяцігодзьдзяў? Кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь Віталь Скалабан перакананы: істотныя зрухі ўжо ёсьць, але чакаць маланкавага эфэкту ў такой складанай справе не выпадае:

“Насамрэч рухаецца справа. І вы зробіце выснову, што ідзе справа. Гэта насамрэч вельмі складана. Але яна робіцца”.

Карэспандэнт: “Гэта справа перадусім дзяржаўных чыноўнікаў, якія павінны вырашаць такія пытаньні паміж сабой?”

“Гэта справа дзяржаўная. І магу вас запэўніць: зрухі ў гэтым ёсьць вельмі значныя. Пакуль я кажу толькі пра зрухі. Якія будуць вынікі – гэта ўжо размова іншая”.

Паводле шэрагу экспэртаў, галоўную нацыянальную сьвятыню Беларусі – крыж Эўфрасіньні Полацкай – трэба шукаць менавіта ў Расеі. Пакуль гэта на ўзроўні тэарэтычных дыскусіяў. Але практычна даказана іншае: у Расеі сабраная найбольшая калекцыя слуцкіх паясоў.

У свой апошні прыезд у Менск у якасьці кіраўніка Фэдэральнага агенцтва па культуры Расейскай Фэдэрацыі Міхаіл Швыдкой мусіў адказваць на пытаньні пра пэрспэктывы беларускіх каштоўнасьцяў, у розныя гады вывезеных у Расею. У прыватнасьці, я пацікавіўся: ці ёсьць верагоднасьць вяртаньня адной з галоўных сьвятыняў – крыжа Эўфрасіньні Полацкай – і калекцыі слуцкіх паясоў?

“Зразумела, што я вось так зьлёту не адкажу наконт крыжа Эўфрасіньні Полацкай, бо не валодаю аб гэтым падрабязнай інфармацыяй. А вось слуцкія паясы – рэч іншая. Гэта рэліквія, якую набыў брат Паўла Міхайлавіча Трацякова Сяргей Міхайлавіч. Падкрэсьліваю, што гэта абсалютна законнае дарэвалюцыйнае набыцьцё. І менавіта такім чынам ён захаваў вялікую калекцыю слуцкіх паясоў. Гэтыя паясы ўжо выстаўляліся тут у Менску, даволі доўга экспанаваліся. І ў прынцыпе супраць такога, калі можна так сказаць, “арэнднага” спосабу мы нічога ня маем. Насамрэч мы проста выстаўляем гэтыя каштоўнасьці для бясплатнай дэманстрацыі. І такога кшталту практыка будзе ажыцьцяўляцца”.

12 траўня ў зьвязку з пачаткам працы новага ўраду прэм'ер-міністра Ўладзіміра Пуціна Фэдэральнае агенцтва па культуры было скасаванае, а Міхаіл Швыдкой па дасягненьні пэнсійнага ўзросту адпраўлены ў адстаўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG