Калегі Валянціна Рабцэвіча лічаць яго адным са стваральнікаў беларускай школы нумізматыкі. Археоляг Мікола Крывальцэвіч адзначае надзвычайную эрудыцыю, якая была ўласьціва навукоўцу.
“Яго высілкамі быў створаны нумізматычны кабінэт у БДУ. Аснову гэтага кабінэту склалі асабістыя калекцыі Рабцэвіча. Гэты кабінэт — унікальны музэй для Беларусі, таму што ў ім сабраны каштоўнасьці велізарныя.
Вывучэньне манэт, вывучэньне грашовага абарачэньня — гэта надзвычай складаная справа, асабліва ў Беларусі, бо на тэрыторыі Беларусі сыходзіліся манэты многіх краін і Беларусь славіцца сваімі скарбамі. Гэта вымагае калясальнае эрудыцыі і наладжваньня сувязяў з спэцыялістамі ўсёй Эўропы, што, безумоўна, пасьпяхова рабіў Рабцэвіч, і гэта рабіла яму гонар”.
Прафэсар Рабцэвіч ня толькі дасьледаваў і прапагандаваў беларускую гістарычную спадчыну, але і бараніў яе. Гаворыць кандыдат гістарычных навук, былы студэнт Валянціна Рабцэвіча Алег Трусаў:
“Гэта быў навуковец, вядомы ва ўсім сьвеце. І заўжды ён займаў актыўную грамадзянскую пазыцыю. Дарэчы, яму ўдалося перашкодзіць прадаць жулікам у Расею славуты пас Вітаўта. Ён шмат змагаўся за тое, каб пакінуць гэтую каштоўнасьць у Беларусі, і цяпер гэта — адзін з самых унікальных экспанатаў нашага Нацыянальнага музэю гісторыі і культуры.
Рабцэвіч быў такім чалавекам, які вельмі перажываў за нашу спадчыну і шмат зрабіў, каб нашы манэты не раскрадаліся і каб скарбы былі дзяржаўным здабыткам. У апошнія дні свайго жыцьця ён рыхтаваў да друку працу яшчэ аднаго нашага славутага навукоўца, рэпрэсаванага ў трыццатыя гады, Міколы Шчакаціхіна. Таму можна сказаць, што са сьмерцю Валянціна Рабцэвіча мы страцілі ўнікальнага спэцыяліста і патрыёта Беларусі”.
Валянцін Рабцэвіч нарадзіўся 26 лістапада 1934 году на Магілёўшчыне. Пасьля заканчэньня гістфаку БДУ і асьпірантуры пры Дзяржаўным Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу (Расея) працаваў спачатку ў Дзяржаўным музэі БССР, а з 1963 году і да канца сваіх дзён — на гістарычным факультэце альма матэр.
Рабцэвіч быў такім чалавекам, які вельмі перажываў за нашу спадчыну і шмат зрабіў, каб нашы манэты не раскрадаліся і каб скарбы былі дзяржаўным здабыткам
“Маленькі я часта ламаў сабе рукі, і доктар параіў бацькам пакарміць сына медзьдзю. Мой тата сьцёр адну з маіх манэт з маёй невялікай нумізматычнай калекцыі ў парашок. Я зьеў гэты парашок, і такім чынам, можна сказаць, гісторыя ўвайшла ў маю кроў і плоць. Праз шмат гадоў я па адной з кніг Валянціна Рабцэвіча ідэнтыфікаваў тую манэту, якую зьеў у дзяцінстве. На той манэце быў наш старажытны герб “Пагоня”.
Час грамадзянскай паніхіды і пахаваньня Валянціна Рабцэвіча яшчэ не вядомы.