У Жодзінскай калёніі сёньня наведвальнікаў прымаюць з 9-ці раніцы. Спатканьні маюць завяршыцца да абеду. Натальля Парсюкевіч вельмі перажывае, каб нешта не пашкодзіла іх першай пасьля арышту мужа сустрэчы і таму са мной не была шматслоўнай. “Вось калі сустрэнемся, тады і распавяду, што і як”, – сказала жанчына.
Пасьля апошніх лістоў мужа Натальля чакае чаго заўгодна. Сяргей Парсюкевіч пісаў іх ўжо з санчастцкі калёніі, куды яго перавялі 21-га траўня. Раней вязень скардзіўся на болі пры дыханьні, у яго хранічная астма, яму патрэбная апэрацыя па выдаленьні паліпаў. “Тады яго паклалі на бальнічны ложак, але фактычна ня лечаць – толькі агледзелі, узялі аналіз крыві і трымаюць. У палаце зь Сяргеем ляжаць псыхічна хворыя вязьні, і ён піша, што ёсьць небясьпека для жыцьця”, – кажа Натальля Парсюкевіч. Вось што яна цытуе зь ліста мужа.
“Відаць, камусьці падабаецца, што я сяджу разам з псыхічна хворымі. Дадуць ноччу па галаве, а адказваць няма каму”.
Гэтыя зьвесткі на волю прапусьціла турэмная цэнзура, але некаторыя лісты Сяргея Парсюкевіча адрасатам не патрапілі. Натальля Парсюкевіч чытае далей.
“А яшчэ мне ўчора вярнулі ліст, які я напісаў у нядзелю. Там падрэсьлена некалькі радкоў, але не разумею чаму. Там няма ні дзяржаўнай таямніцы, ні нецэнзурнай лаянкі. Толькі выказаў сваё незадавальненьне, што не магу вам дапамагчы на лецішчы. З-за гэтага амаль праз тыдзень ліст вярнулі. Вось так”.
Натальля Парсюкевіч спадзяецца, што пасьля сустрэчы з мужам будзе больш ведаць пра бытавыя ўмовы, у якіх яго трымаюць у Жодзіне. Але жанчына добра разумее, што ўсяго распавесьці Сяргей ня зможа.
“Кажуць, там стаіць вялікае шкло, ты размаўляеш праз тэлефон, але побач стаіць ахоўнік і ўсё слухае”.
30-га траўня ў Менскім гарадзкім судзе разгледзяць скаргу Сяргея Парсюкевіча на прысуд, які яму вынес судзьдзя Аўдзеенка з Маскоўскага суду Менска. Нагадаю, прадпрымальніка асудзілі на 2,5 года зьняволеньня за зьбіцьцё міліцыянта пасьля мітынгу пратэсту. Сваёй віны Парсюкевіч не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі.