Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя АДС наведала Белсат


Сёньня дэлегацыя аб'яднаных дэмакратычных сіл Беларусі, якая знаходзіцца ў Варшаве пачала дзень з наведваньня тэлеканалу Белсат.


Сяргей Калякін, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька, Віктар Карніенка і Анатоль Ляўковіч пазнаёміліся з арганізацыяй працы каналу, сустрэліся з дырэктаркай Агнешкай Рамашэўскай. Чальцы дэлегацыі абверглі інфармацыю аб тым, што аб’яднаная апазыцыя хоча кантраляваць Белсат альбо ўплываць на кадравыя ці праграмныя пытаньні праз стварэньне адмысловай назіральнай рады.

Гаворыць прадстаўнік руху “За свабоду” Віктар Карніенка.

Карніенка: “Прапануецца стварыць ня нейкі кантрольны ворган, а ворган які дапаможа больш эфэктыўна распрацоўваць праграмы для Беларусі. Тое, што ў гэтай Радзе плянуецаа ўдзел маральных аўтарытэтаў, працу каналу напэўна не пагоршыць”.

Паводле старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, адна з мэтаў візыту – абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі напярэдадні выбараў.

Лябедзька: “Мы ня так часта наведваем Варшаву, таму імкнемся абмеркаваць як мага шырэйшае кола пытаньняў, у тым ліку, вядома ж, тэму выбарчай кампаніі. Гэтая тэма прысутнічае на спатканьнях у МЗС Польшчы, Сэйме. Гэта вельмі важна ня толькі і ня столькі для апанэнтаў рэжыму, але перадусім для грамадзянаў Беларусі і міжнароднай супольнасьці”.

Спадар Лябедзька таксама расказаў нашаму радыё пра тое, як яму ўдалося апынуцца ў Польшчы – лідэр АГП знагодзіцца ў так званым “сьпісе невыяздных”.

Лябедзька: “Аляксандру Лукашэнку трэба працаваць над межамі. Думаю, накступстваў для мяне ня будзе ніякіх за гэта, бо ў мяне няма падпіскі аб нявыезьдзе, толькі забарона на выезд. Ёсьць, аднак, яшчэ невялічкія магчымасьці выязджаць, але, думаю, беларускія ўлады будуць “працаваць” таксама і ў гэтым накірунку. Я закранаю гэтае пытаньне ў часе нашых сустрэчаў – у МЗС Польчшы ў прыватнасьці, бо гэта ж ня толькі я ў такой сітуацыі. Гэта ганьба для Беларусі, парушэньне Канстытуцыі. Я ўпэўнены, што Лукашэнка будзе выкарыстоўваць гэты сьпіс каб шантажаваць Эўразьвяз – вы скасуйце свой сьпіс беларускіх чыноўнікаў, а мы тады скасуем свой”.

Дэлегацыя таксама сустракаецца са спікерам Сэнату Польчшы Багданам Барусэвічам, прадстаўнікамі парлямэнтскіх фракцыяў польскага Сейму. А 30 траўня зь беларускімі апазыцыянэрамі сустрэнецца міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

На здымку: дэлегацыя АДС заходзіць у будынак Белсату


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG