Паводле Кастуся Шыталя, пратакол пра правапарушэньне на яго склалі толькі 23-га траўня -- пасьля таго, як учатковы міліцыянт патэлефанаваў хлопцу і выклікаў яго ў пастарунак. Згодна з пратаколам, міліцыянты вінавацяць хлопца паводле артыкула 23.34 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях. У якасьці пакараньня за парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавага мерапрыемства ці пікетаваньня Кастусю Шыталю пагражае судовае папярэджаньне, грашовы штраф або арышт да 25 сутак.
18-гадовы актывіст заўважыў, што падчас самой акцыі супрацоўнікі міліцыі прэтэнзіяў да яго ня выказвалі. З паўтары гадзіны ўдзельнікі прастаялі на кірмашы з плакатам “Фашыстаў перамаглі, а дзяцей усё адно забіваюць!”, раздаючы ўлёткі з заклікам да забароны абортаў. Праз пэўны час супрацоўнікі міліцыі загадалі прыбраць плякат.
Кастусю Шыталю паведамілі, што дакумэнты пра падзеі 9 траўня будуць перададзеныя ў суд, а ён мусіць чакаць на позву.