Спадарыня: “Курэй меней бяром, каўбасу наагул не купляем — вельмі дарагія каўбасы. Яйкі найтаньнейшыя купляем, малако самае таннае. І сьмятану дзесяціпрацэнтную. Стараемся выбіраць. А такога, каб прыйшоў і ўзяў тое, што хочаш, мы сабе дазволіць ня можам”.
Спадар: “Ужо яблычкі не купляю першага гатунку, а падгнілыя. Так і ківі. Я вось узяў не па 10—11 тысяч рублёў за кіляграм, а па пяць. Рыбку таксама — узяў хвосьцік па 5 тысяч, а не па дванаццаць. Купляю ўсё, што таньнейшае, уцэненае”.
Спадарыня: “Я вось кількі купіла трыста грамаў, у мяне пэнсія маленькая. Сорак чатыры гады стажу, а я толькі 313 тысяч пэнсіі атрымліваю. У асноўным мяса не купляю, лепей куплю курыцу — мне выгадней”.
Спадар: “На рыбу таксама дзікія цэны!”
Спадарыня: “Цьвёрдыя сыры дарагаватыя сталі, мяса дарагаватае. Рыбы менш купляем — кошт яе такі ж, як і ў мяса. Усе грошы ідуць толькі на харчы і камунальныя плацяжы — ніякага запасу зрабіць ня можам”.
Спадарыня: “Я ўсё купляю, бо ў мяне муж яшчэ добра зарабляе”.
Спадар: “Я ня ведаю, якая на смак ікра. Я наагул перайшоў на манку. Манка мне выгадная. Я вазьму кіляграм манкі, і мне на тыдзень хапае. Вару па тры разы манку. На вадзе! Не на малацэ, а на вадзе. Эканомна!”
Спадарыня: “Адмовіцца не адмовіліся — купляем менш, прынамсі, мясных прадуктаў. Набываем часьцей прадукты ў замарожаным выглядзе — яны таньнейшыя. Карацей, імкнемся ўкласьціся ў свае грошы”.
Спадарыня: “Рыбу чырвоную не купляем!”
Спадар: “Тыя ж бананы каштавалі тры з паловаю тысячы, цяпер — чатыры. Даводзіцца купляць радзей”.
Спадарыня: “Больш за ўсё давялося ад мясных прадуктаў адмаўляцца. Дарагія! Наагул усё дорага. Тыя ж памідоры — па 7, па 8 тысяч рублёў. Невыносна купляць. За кватэру заплачу ды іду выбіраць тое, што таньнейшае. Дзе ж яно будзе здароўе ў чалавека?!”