Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праходзяць выбары ў Грузіі?


Сёньня ў Грузіі праходзяць пазачарговыя парлямэнцкія выбары. Новы парлямэнт будзе мець 150 месцаў - на 85 менш, чым парлямэнт ранейшага скліканьня. На дэпутацкія месцы прэтэндуюць 12 партый і блёкаў.

Пра тое, як праходзіла галасаваньне, наш карэспандэнт Юры Дракахруст гутарыў з дырэктарам грузінскай службы нашага радыё Давідам Какабадзэ.

Дракахруст: “Давід, наколькі, на Ваш погляд, справядлівымі зьяўляюцца гэтыя выбары? Наколькі я ведаю, назіральнікі АБСЭ, якія сачылі за выбарчым працэсам, адзначалі такія зьявы, як ціск на выбаршчыкаў і выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу. Ці ёсьць парушэньні сёньня, у дзень галасаваньня?”

Какабадзэ: “Зьвесткі пра парушэньні прыходзяць з розных рэгіёнаў Грузіі, але іх цяжка праверыць. Што тычыцца прысутнасьці апазыцыі ў выбарчых камісіях – гэта мае месца. Сёньня было некалькі выпадкаў, калі сябры выбарчых камісій біліся паміж сабой. І прэтэнзіі паступаюць з боку апазыцыі, што кіроўная партыя імкнецца паўплываць на волевыяўленьне выбаршчыкаў.

Асабліва шмат такіх паведамленьняў з рэгіёнаў, дзе пражываюць этнічныя меншасьці: што ідзе агітацыя на ўчастках, што некалькі чалавек заходзяць у кабіны для галасаваньня разам.
Хаця паўтаруся – гэта неправераныя зьвесткі.

Адміністрацыйны рэсурс у перадвыбарчай кампаніі ўжываўся, у Тбілісі гэтага было няшмат, а вось з рэгіёнаў было многа паведамленьняў, скажам, пра раздачу сацыяльнай дапамогі”.

Дракахруст: “А ці быў у апазыцыі доступ да сродкаў масавай інфармацыі?”

Какабадзэ: “Зразумела, тут таксама сытуацыя не ідэальная, але ў параўнаньні са студзеньскімі прэзыдэнцкімі выбарамі яна палепшылася. Скажам, на “грамадзкім тэлеканале” былі і тэледэбаты ў жывым эфіры з удзелам усіх удзельнікаў выбарчай кампаніі. На працягу месяца перад выбарамі была праграма "Манітор", у якой у жывым эфіры ўсе партыі, што ўдзельнічалі ў выбарах, маглі выступіць з ацэнкай таго, як тэлебачаньне асьвятляе тыя ці іншыя мерапрыемствы партый і блёкаў”.

Дракахруст: “Як адбываецца галасаваньне ў сэпаратысцкіх рэгіёнах – Абхазіі і Паўдзённай Асэтыі. Ці дазваляюць улады гэтых рэгіёнаў праводзіць там выбары ў парлямэнт Грузіі, ці дазваляюць насельніцтву ехаць туды, дзе выбары праводзяцца?”

Какабадзэ: “Самы сумны інцыдэнт сёньня адбыўся ў Гальскім раёне ў вёсцы Хурча, дзе абстралялі аўтобус, які перавозіў выбаршчыкаў на ўчастак. Была параненая адна жанчына. Гальскі раён – гэта тая частка Абхазіі, якая населеная этнічнымі грузінамі. У самым Гальскім раёне выбарчых участкаў няма, аўтобусамі, якія былі абстраляныя, выбаршчыкаў перавозілі з Гальскага ў Зугдзідзкі раён, дзе ўчасткі адкрытыя.

Многія баяцца ісьці ў суседні раён галасаваць, бо іх запалохваюць, што калі яны пойдуць галасаваць, спаляць іх дамы, заб'юць іх і іх родных. Так што там паехаць галасаваць – гэта ўчынак, роўны гераізму”.

Дракахруст: “У цяперашнім парлямэнце Грузіі прапрэзыдэнцкі “Адзіны нацыянальны рух” мае пераважную колькасьць мандатаў. Якія прагнозы на вынікі сёньняшніх выбараў?”

Какабадзэ: “Прагнозы рабіць цяжка. Апытаньні вельмі адрозьніваюцца ў залежнасьці ад таго, хто іх замаўляў. Паводле тых, што рабіліся на замову ўлады, “нацыянальны рух” атрымае больш за палову мандатаў. Калі глядзець па апытаньнях, якія праводзілі людзі, блізкія да апазыцыі, то прапрэзыдэнцкі блёк атрымае ня больш за чвэрць галасоў.
На мой погляд шанцы прапрэзыдэнцкай сілы на перамогу даволі высокія. Сярод апазыцыі самыя высокія шанцы, каб патрапіць у парлямэнт, мае аб'яднаная апазыцыя. На мой погляд таксама вельмі добрыя шанцы патрапіць у парлямэнт мае Хрысьціянска-дэмакратычны рух, створаны 2 месяцы таму. Яго стварыў Георгі Таргамадзэ, былы начальнік інфармацыйнай службы тэлекампаніі "Імэдзі", якая была закрытая і доўгі час не перадавала. Зараз яна аднавіла вяшчаньне, але ў скарочаным аб'еме.

Таргамадзэ, які лічыўся правай рукой Бадры Патаркацышвілі, пасьля закрыцьця "Імэдзі" пайшоў у палітыку і мае неблагія шанцы патрапіць у парлямэнт разам са сваёй партыяй”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG