Падрыхтаваны праект дэкрэта прэзыдэнта аб адмене сыстэмы 12-гадовай адукацыі. Чакаецца, што канчатковае рашэньне будзе абвешчана на нарадзе спэцыяльнай камісіі з дырэктарамі школ 26 траўня. Як да чарговай рэформы ставяцца чыноўнікі, настаўнікі, самі школьнікі?
Галоўны аргумэнт супраць 12 гадоў навучаньня – лішнія затраты дзяржавы на адукацыю. Але за апошнія 10 гадоў колькасьць школьнікаў скарацілася на 45 тысяч, на чвэрць паменшылася колькасьць школ, істотна скарацілася і колькасьць настаўнікаў. Пры гэтым выдаткі на адукацыю павялічыліся на 15-25%, сказаў старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры Ўладзімер Здановіч, і канкрэтнымі лічбамі аспрэчыў эканамічны аргумэнт.
Дэпутатаў непакоіць пасьпешнасьць і спантаннасьць рэформы
Яшчэ адзін аргумэнт – што дванаццацігодка дыскрэдытавала сябе – таксама не вытрымлівае ніякай крытыкі, бо пакуль няма нават першага выпуску. Уладзімер Здановіч:
“Мяне заўсёды бянтэжыць і непакоіць, як адбываецца пераход ад адной сыстэмы да другой – пасьпешна вельмі. Вось так уводзілі сыстэму адзнак дзесяцібальную. Давайце хутчэй, хутчэй, а потым пачалі блытацца, неразьбярыха. І зараз, калі вось так спантанна, як фізык кажу – спантанна – пераход з 12 год на 11, то гэта выкліча, канечне, шмат памылак. А ў выніку з-за гэтых памылак потым ня вельмі ёмка будуць адчуваць сабе і тыя, хто прапанаваў такі хуткі пераход, будзе вельмі дрэнна і вучням нашым, і бацькам, і настаўнікам”.
Настаўнікі – у разгубленасьці
Уладзімер Здановіч лічыць, што адукацыя – вельмі далікатная сфэра, каб наскокам вырашаць праблемы, якія ўзьнікаюць. Зусім нядаўна завершаная праца над новымі падручнікамі па 12-гадовай сыстэме адукацыі, настаўнікі больш-менш вызначыліся ў разьмеркаваньні нагрузкі. Настаўніца адной са сталічных школ:
“У нас проста рукі апускаюцца, мы ня ведаем, як нам далей працаваць. Мы ў шоку. Але мы, настаўнікі, яшчэ куды ні ішло. Я кажу пра бацькоў, пра дзяцей, у наступным годзе недавучаных на адзін год, і як ім паступаць? Людзі проста ў такім трансе, у такой разгубленасьці. Мы пакуль яшчэ дакладна нічога ня ведаем. Дырэктар школы ідзе 26 траўня на нараду. Але я стаўлю сябе на месца гэтых дзяцей і іх бацькоў – і мне проста дрэнна”.
Школьнікі прапануюць павялічыць колькасьць месцаў у ВНУ
У наступным годзе будзе два выпускі – школьнікаў, якія вучацца па 11-гадовай сыстэме (дарэчы, апошні выпуск), і тых, хто павінен першым скончыць 12-годку, але так і не пасьпее. Што думаюць самі школьнікі? Гутару з падлеткамі 9 – 10 клясаў, якія аказаліся надзвычай дасьведчанымі пра зьмены, якія іх чакаюць, і нават уносілі свае прапановы:
Аляксей: “Я лічу, што гэта ня вельмі спрыяльна для мяне. У наступным годзе я і дзеці, якія павінны былі скончыць школу на год пазьней, будуць заканчваць разам са мной. Будзе вельмі цяжка паступіць”.
Карэспандэнтка: “Ты ведаеш пра рэформу адукацыі?”
Антон: “Канечне, ведаю. Мне, напрыклад, гэта больш падабаецца, бо калі была б 12-годка, я б школу скончыў у 18 гадоў, і адразу ў войска. Гэта мне ня вельмі падабаецца. Лепш скончыць школу ў 17 гадоў”.
Карэспандэнтка: “А тое, што давядзецца праграму трох гадоў засвойваць за два гады, не засмучае цябе?”
Антон: “Ня вельмі”.
Мікіта: “Я лічу, што чарговая рэформа – маразм, і перад тым, як нешта рабіць, трэба спачатку думаць. Спачатку зрабілі 12-годку, потым 11-годку. Калі яны памыліліся, прапаную выйсьце з гэтага становішча: зрабіць у два разы больш месцаў для паступленьня ў ВНУ”.
Паводле праекту зьменаў, за адзін год 9-ці і 10-клясьнікам давядзецца прайсьці праграму двух гадоў. Пры гэтым, па суботах заняткаў ня будзе, а будуць факультатывы. Навучальны год будзе падоўжаны да 20 чэрвеня. Усе школы будуць вучыцца па адных базавых плянах і праграмах, ніякіх клясаў з паглыбленым вывучэньнем асобных прадметаў ня будзе. Старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі, навуцы культуры Ўладзімер Здановіч перакананы:
“Сёньняшнім дзесяціклясьнікам, а таксама дзявятым клясам трэба было б даць магчымасьць у спакойнай атмасфэры скончыць навучаньне па 12-гадовым плянам, а за гэты час удумліва абмеркаваць усе праблемы, якія ўжо зараз бачны, і паступова перайсьці на тую сыстэму школьнай адукацыі, якая задаволіла б нас усіх. Прынамсі, дагэтуль і я ня ведаю, як будуць працаваць настаўнікі і вучні 9-10 клясаў у наступным навучальным годзе. Таму што нельга – я лічу, як настаўнік, як чалавек, ужо дасьведчаны ў гэтай сфэры, – нельга за 2-3 месяцы падрыхтавацца да зусім новага стану выкладаньня”.
“Усё вырашаецца адным чалавекам”
Начальнік Упраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Юры Гладкоў сказаў, што за такі хуткі пераход да 11-гадовай сыстэмы адукацыі выказалася большасьць настаўнікаў і школьнікаў.
Але Ўладзімер Здановіч кажа, што ўсё рабілася без усялякіх грамадзкіх абмеркаваньняў – толькі чыноўнікамі:
“Гэтае пасяджэньне магло б адбыцца амаль тайна, інфармацыі не было наагул на пачатку, як вы заўважылі. Камісія наша пачала агучваць і даказваць, што нельга вось так, наскокам рабіць нейкія пераўтварэньні ў сфэры адукацыі”.
Настаўніца з 30-гадовым стажам Ірына Яўгенаўна кажа:
“Дапусьцім, я згодная: навошта нам 12-гадовая адукацыя? Але мы ж ужо столькі год ішлі да гэтага, мы пакутавалі. Цяпер адным росчыркам пяра перакрыжоўваецца, усё вырашаецца адным чалавекам. І ты разумееш, што ты цалкам бяспраўны”.