Эдмунду Лебядзю 76 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Гожа непадалёк ад Гародні. Скончыў адну клясу польскай школы ў 1939 годзе й яшчэ чатыры пасьля вайны ў беларускай сямігодцы.
У 1948 годзе яго, яшчэ непаўнагадовага, разам з бацькамі асудзілі за сувязь з Арміяй Краёвай на 25 гадоў плюс канфіскацыя маёмасьці. Пакараньне адбываў у Мардовіі, затым – у Омску на будаўніцтве нафтаперапрацоўчага заводу. У 1955 годзе атрымаў датэрміновае вызваленьне, але дагэтуль не рэабілітаваны.
Сядзім са спадаром Эдмундам у ягоным цяністым гародчыку. Ён распавядае, як урачыста сёлета атрымліваў “Карту паляка” і зараз бязь візы можа трапіць у Польшчу, мець раўныя правы на працу й нават атрымліваць крэдыт у банку.
Карэспандэнт: “Спадар Эдмунд, вы ўжо езьдзілі па гэтай карце ў Польшчу?”
Лебядзь: “Пакуль не, але зьбіраюся 29 траўня, у Варшаву, там адбудзецца зьезд нашага Таварыства сібіракоў, у якое ўваходзяць усе палякі, якія былі ў савецкіх лягерах”.
Спадар Эдмунд добра ведае, як да карты паставіліся беларускія ўлады, але вельмі задаволены, што ў Польшчы ўрад не забыўся на такіх людзей, як ён.
Лебядзь: “Канечне, я ўдзячны польскаму ўраду, бо ёсьць дапамога. І маральная, і матэрыяльная. Даюць нават пэнсію, яна па-польску называецца - рэнта. Дапамагаюць.”.
А вось што датычыць мясцовага калгасу й сельсавета, дык ад іх спадар Эдмунд ніколі ніякай дапамогі не атрымліваў, хаця й працаваў.
Карэспандэнт: “Няўжо і коніка нават не даюць гарод заараць?”
Лебядзь: “Толькі за грошы. І то калгасьніку 50% аплочваюць, а мне ў два разы болей, калі бяру каня альбо тэхніку якую”.
Спадар Лебядзь гаворыць, што калі яму налічвалі пэнсію, то 5 гадоў, якія ён адбываў у лягеры, туды не залічылі, паколькі суд адмовіў у рэабілітацыі напачатку 1990-х.
Лебядзь: “Вядома, гэта крыўдна, бо тыя, каго немцы вывозілі на працу ў Нямеччыну, хоць і былі ворагамі, але заплацілі кампэнсацыю. А нам ад таго Саюзу за такую працу: ані граша...”
Жыве спадар Эдмунд, зь ягоных слоў, як усе: выгадаваў тры дачкі, адна зь якіх жыве ў ЗША. Ён нават быў у гасьцях і вельмі там спадабалася. Аднак Беларусь на старасьці кідаць не зьбіраецца, хоць і мае “Карту паляка”.
Лебядзь: “Вядома, для мяне карта ўжо шмат не дае, але, магчыма, дзецям спатрэбіцца, бо калі я дастаў, то й ім тады дадуць”.
Каля 250 тысяч грамадзян Беларусі могуць прэтэндаваць на атрыманьне “Карты паляка”. Аб гэтым заявіў намесьнік дырэктара консульскага дэпартамэнту Міністэрства замежных спраў Польшчы Войцэх Тычыньскі. Зь яго слоў, Беларусь займае другое месца сярод краінаў Усходняй Эўропы па колькасьці грамадзян польскага паходжаньня (найбольш іх, паводле польскага ўраду, у Літве -- 400 тысяч чалавек, трэцяе месца займае Ўкраіна -140 тысяч).