Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні ў Полацку


У Полацку міліцыянты затрымалі пяць актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.


Маладыя людзі трымалі расьцяжку: “Свабоду палітвязьням” каля помніка Францыску Скарыне.

Супрацоўнікі міліцыі завялі ў пастарунак Міколу Дзямідзенку, Сяржука Глінскага, Сяржука Каралёнка, Алеся Круткіна і Зьмітра Сакалова. Акцыя адбылася ў межах маратону, які стартаваў сёньня ў гадавіну рэфэрэндуму 1995 году, пасьля якога беларускія ўлады замянілі нацыянальныя сымбалі на сучасныя дзяржаўныя.

Сёньня акцыя “Горад наш” адбылася амаль у дваццаці гарадах Беларусі. Актывісты “Маладога фронту” вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі і герб “Пагоня”.

Мікола Дземідзенка з пастарунку міліцыі патлумачыў “Свабодзе” свой удзел ў акцыі, што адбылася ў Полацку:

“14 траўня дзень гадавіны рэфэрэндуму, паводле якога незаконна замянілі беларускія нацыянальныя сымбалі. Таму мы, пратэстуючы супраць гэтага, трымалі гэтую расьцяжку. Пакрычалі: “Свабоду палітвязьням!” і вось апынуліся тут... Усё пачыналася ад таго, што папросту замянілі нашы гістарычныя сымбалі, а сёньня за краты трапляюць сотні і сотні актывістаў толькі за тое, што яны хочуць звацца беларусамі”.

Затрыманьне адбылося а палове на восьмую вечара. Паводле заканадаўства, міліцыянты маюць права трымаць актывістаў тры гадзіны без складаньня пратаколаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG