Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада ня хоча зьмяняць правілы выбараў


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына адказала на прапановы апазыцыі ў справе дэмакратызацыі працэсу выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Прапановы сумесна накіравалі ў ЦВК былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Ганчарык і Аляксандар Мілінкевіч, а таксама лідэры асноўных апазыцыйных партыяў краіны.

Віктар Карняенка — кіраўнік групы экспэртаў, якая рыхтавала прапановы для ЦВК — так камэнтуе сутнасьць адказу спадарыні Ярмошынай:

“Улада не зьбіраецца нічога дэмакратызаваць. Яна стаіць жалезабэтонна на пазыцыях, якія замацоўваліся цягам апошніх 10 гадоў ці больш нават. Галоўная выснова такая — ніякіх дыскусіяў, ніякіх дыялёгаў з удзельнікамі выбарчага працэсу ня трэба. Мы ўсё прымем — і на гэтым кропка”.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая падпісала адказ, накіравалася на адпачынак у Эгіпэт.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік цьвердзіць: прапановы апазыцыйных палітыкаў “не адкрываюць Амэрыкі, яны паўтараюць многія палажэньні, якія ўжо існуюць у мэтадычных рэкамэндацыях і іншых дакумэнтах ЦВК”:

“У той жа час у гэтых дакумэнтах ёсьць і некаторыя навацыі. Бальшыня зь іх не адпавядае патрабаваньням Выбарчага кодэксу і Канстытуцыі. У адказе, які Цэнтравыбаркам накіраваў палітычным партыям, пра гэта і гаворыцца. ЦВК ня можа самастойна пашыраць ці звужаць нормы выбарчага заканадаўства, а тым больш Канстытуцыі. Мы працуем у межах выбарчага заканадаўства і ня маем права выходзіць за ягоныя межы”.

Спадар Карняенка з гэтым не пагаджаецца:

“Быццам мы прапануем тое, што ЦВК ужо распрацавала. Але мы гэтага і не адмаўляем, бо ўзялі за аснову ранейшыя пастановы ЦВК і ўнесьлі ў іх свае прынцыповыя дадаткі. Другі момант — каб прыняць некаторыя нашы прапановы, трэба мяняць выбарчае заканадаўства. А гэта справа Нацыянальнага сходу, а ня Цэнтравыбаркаму. Насамрэч я катэгарычна заяўляю: ня трэба ніякага выбарчага заканадаўства мяняць, каб назіраць за падлікам бюлетэняў. Тут патрэбна толькі палітычная воля. Трэці — нашы прапановы ў нейкай ступені нават пагаршаюць магчымасьці кандыдатаў. Тут мы таксама ня згодныя — мы якраз прапаноўвалі палепшыць тут сытуацыю”.

Кіраўнік экспэртнай групы кажа: нават такі адказ ня спыніць працу.

“Мы будзем апэляваць галоўным чынам да выбарнікаў. Мы будзем тлумачыць сутнасьць нашых прапановаў, чаго мы насамрэч дамагаліся. І ў чым сутнасьць адказу ўлады. Калі бальшыня выбарнікаў паверыць у тое, што выбары ў Беларусі ня ёсьць дэмакратычныя, дык і мэта наша будзе часткова дасягнутая. Хоць, вядома, на мэце мы мелі зьмяніць практыку ўжываньня выбарчага заканадаўства. Але ня ўсё залежыць ад нас...”

Сёлета ўвосень павінны адбыцца парлямэнцкія выбары, папярэдняя дата якіх разглядаецца як 28 верасьня. Згодна зь беларускім заканадаўствам, прэзыдэнцкі ўказ аб правядзеньні выбараў павінен быць падпісаны не пазьней як за тры месяцы да прызначанай даты выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG