Ухіліўся ад адказу на гэтае пытаньне і адвакат Зьміцер Гарачка, які абараняе арыштаванага амэрыканца. Спадар Гарачка спаслаўся на тое, што справе Эмануіла Зэльцэра нададзены грыф “дзяржаўнай таямніцы”. Раней паведамлялася, што Эмануіл Зэльцэр пачуваецца вельмі дрэнна, яму не хапае лекаў. Вось што Зьміцер Гарачка паведаміў карэспандэнту “Свабоды” пра здароўе падабароннага:
“Усё засталося, як было. Нічога не мяняецца. Паляпшэньняў няма, на здароўе скардзіцца”.
Карэспандэнт: “А ці даюць яму патрэбныя лекі?”
Гарачка: “Нейкія перадаюць, але тутэйшыя. А тыя, якія яму прапісалі ў Амэрыцы, не перадаюць. Мне даводзілася нейкія лекі яму перадаваць, але гэта неістотна, гэта для супакойваньня”.
Карэспандэнт: “Ці праўда, што за два месяцы зьнешне ён значна зьмяніўся, горш выглядае?”
Гарачка: “Ва ўсякім разе, тое, што я ўбачыў, калі яго затрымалі, і цяпер, сапраўды, значна адрозьніваецца”.
Карэспандэнт: “А вы яго бачылі пасьля таго, як працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай?”
Гарачка: “Я кожны дзень яго бачу”.
Карэспандэнт: “І што ён кажа пра працяг сьледзтва?”
Гарачка: “Яшчэ я ніводнага разу не сустракаў чалавека, які задаволены працягам сьледзтва. А паводле справы ягоная пазыцыя застаецца нязьменнай”.
Карэспандэнт: “Што ён не вінаваты? Так? А якая патрэба бачыцца зь ім кожны дзень?”
Гарачка: “Гэтак вызначана нашай дамовай, што я кожны дзень зь ім бачуся. Яму прасьцей, бо ў яго тут няма сваякоў, нікога. У тым ліку псыхалягічна прасьцей. І плюс гэта дае мне магчымасьць спадзявацца, што ніякага свавольства адносна яго ня будзе”.
Нагадаем, паводле консула амбасады ЗША Кэралайн Сэвідж, якая бачылася з Эмануілам Зэльцэрам у ізалятары КДБ, ён скардзіўся на тое, што пасьля затрыманьня да яго ўжывалі фізычную сілу.
Паводле расейскага інфармацыйнага агенцтва «РИА-Новости» і газэты “The Moscow Post”, кліент Эмануіла Зэльцэра Джон Кей прайграў у Нью-Ёрскім судзе справу аб спадчыне памерлага грузінскага мільярдэра Бадры Патаркацышвілі ягонай удаве Іне Гудавадзэ. Яна абвінаваціла Кэя і ягонага адваката Эмануіла Зэльцэра ў тым, што яны падрабілі тэстамэнт Патаркацышвілі, каб завалодаць усім ягоным бізнэсам. Спадчына грузінскага магната паводле розных ацэнак складае 8-12 мільярдаў даляраў. Паводле названых інфармацыйных крыніцаў, Джон Кей у судовым пасяджэньні ў Нью-Ёрку прызнаў, што дакумэнты, якія прадставіў ягоны адвакат Эмануіл Зэльцэр, ня маюць юрыдычнай сілы адносна маёмасьці Патаркацышвілі.
У той жа час, паводле інфармацыі Інтэрнэт-выданьня «Белорусские новости», насамрэч суду, які прайграў Джон Кей, не было. 2 траўня бакі спрэчкі прыйшлі да часовага пагадненьня, якое зацьвердзіў судзьдзя і паводле якога да тае пары, пакуль суд не дакажа адваротнае, Джон Кей і Эммануіл Зэльцэр бяруць на сябе абавязак не заяўляць аб правах на распараджэньне маёмасьцю Патаркацышвілі і не прад’яўляць дакумэнты, якія пацьвярджаюць гэтыя правы.
Брат Эмануіла Зэльцэра Марк паведаміў «Белорусским новостям», што таксама было прынятае рашэньне, што суд у Нью-Ёрку працягнецца пасьля вызваленьня Эмануіла Зэльцэра, які ня можа адказаць на абвінавачваньні, бо знаходзіцца пад вартай у Менску.