Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая цана эканамічнага росту?


Як паведамляе афіцыйная статыстыка, валавы ўнутраны прадукт за чатыры месяцы гэтага году вырас на 10,4 працэнта. Ці можна лічыць гэта посьпехам, за кошт чаго дасягаюцца такія лічбы? Чаму вытворчасьць прадукцыі расьце магутнымі тэмпамі, а заробак апошнія чатыры месяцы фактычна не павялічваецца? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць эканаміст Міхал Залескі і кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук.


Цыганкоў: “Як паведамляе афіцыйная статыстыка, валавы ўнутраны прадукт за чатыры месяцы гэтага году вырас на 10,4 працэнта. У чым асноўныя прычыны такога посьпеху? Або — калі вы ня лічыце гэта посьпехам — як па-іншаму можна ацаніць гэтую ды іншыя лічбы статыстыкі, якія дэманструюць рост беларускай эканомікі?”

“На складах прадукцыі больш за 4 трыльёны рублёў замарожаныя”


Раманчук:
“Ну, гэта ня посьпех. Проста разагналі эканоміку, разагрэлі яе, укінулі туды расейскі крэдыт, запампавалі гэтыя грошы ў тыя праекты, якія ўжо даўно існуюць. Радуемся таму, што працягвае даваць Расея. Пры гэтым не зважаем на колькасьць інвэстыцыйных хібаў, на тое, што на складах прадукцыі больш за 4 трыльёны рублёў замарожаныя. Не зважаем на тое, што заробкі растуць значна меншымі тэмпамі, чым было летась. Проста ўрад робіць усё мэханічна, ня думаючы пра тое, якая цана будзе тых структурных перакосаў, пра якія сам урад неаднойчы ўжо казаў...

Цыганкоў: “...І якая будзе гэтая цана?”

Раманчук: “Гэта беспрацоўе, затрымка заробкаў. Ужо сёньня — гэта велізарная інфляцыя (5,3% за першыя чатыры месяцы году), якая зьядае грошы прадпрыемстваў. Ужо сёньня мы балянсуем на мяжы нэгатыўнага працэнту па ўкладах — то бок інфляцыя пагражае перавысіць банкаўскія працэнты. Цана таксама ў тым, што беларусы перасталі думаць, што трэба ашчаджаць грошы на будучыню, а ўсё купляюць і тым самым забясьпечваюць гэты рост ВУП”.

Беларускі ўрад нібыта культурыст...”


Залескі:
“Давайце азірнёмся навокал. Усе нашы суседзі растуць павальней за нас, але жывуць лепей. У іх заробкі большыя! І гэты фэномэн цікавіць большасьць насельніцтва, а ня толькі тых, хто піша справаздачы ўраду.

Цяпер сапраўды ідзе напампоўка, нагнятаньне вытворчасьці. Беларускі ўрад — нібыта культурыст, які нейкімі забароненымі мэдыкамэнтамі нарошчвае сваю сілу, а ня робіць яе натуральнай. Дзеля чаго ўсё гэта робіцца? Калі гэта робіцца для людзей, то людзі павінны болей атрымліваць. А мы атрымліваем меней”.

Цыганкоў
: “Сапраўды, чаму намінальны налічаны заробак у апошнія месяцы фактычна не расьце (у сьнежні быў 795 тысячаў, а ў сакавіку — 805 тысячаў), а ў той самы час афіцыйная статыстыка сьцьвярджае, што рэальныя грашовыя даходы насельніцтва вырасьлі за першы квартал на 10,7 працэнта?”

Раманчук: “Калі казаць пра заробак, то гэта, сапраўды, адзіны паказьнік, які зьменшыўся паводле вынікаў першага кварталу ў параўнаньні са сьнежнем мінулага году. Але калі мы кажам, што грашовыя даходы павялічыліся, то тут улічваюцца і іншыя розныя крыніцы, якія існуюць у хатніх гаспадарак — даход зь лецішчаў, прысядзібных гаспадарак, дапамога іншых сямейнікаў. І там хапае месца для “творчасьці” статыстаў.

Таму больш правільны паказчык — гэта наш заробак. І мяркуючы па ім, наша эканоміка існуе за кошт простага чалавека. А каму патрэбны “вал”? Ён ратуе прэм’ера Сідорскага ды іншых міністраў ад страты сваіх пасадаў”.

Цыганкоў: “Існуе такі красамоўны паказьнік, як колькасьць беднага насельніцтва. Як хутка яна памяншаецца ў Беларусі?”

Залескі: “Паводле статыстыкі, колькасьць бедных памяншаецца пасьлядоўна і няўхільна з 2000 году. І “сярэдняя тэмпэратура па бальніцы” нібыта нармалізуецца. Але бедных застаецца даволі шмат. Але пры гэтым росьце заробку беларусы чамусьці сталі есьці менш мяса і болей бульбы. Гэта досыць дзіўныя паводзіны — ва ўсім сьвеце адбываецца процілеглае, калі дабрабыт расьце.

Пакуль кожная 10-я сям’я ў Беларусі бедная, і кожная сёмая сям’я, якая мае двух і больш дзяцей — бедная”.

“Даходы насельніцтва перад выбарамі могуць узрасьці на 10—15 працэнтаў”

Цыганкоў: “Ці можна сказаць, што зараз урад назапашвае рэсурсы, каб у пэўны момант адарыць імі насельніцтва? Ці не адбудзецца гэта якраз у час парлямэнцкіх выбараў, калі даходы пачнуць расьці апераджальнымі тэмпамі?”

Залескі: “Думаю, што падвышэньне заробкаў перад выбарамі супадзе зь неабходнасьцю павышаць аплату за жыльлёва-камунальныя паслугі. І ўсё будзе збалянсавана такім чынам”.

Раманчук: “Мяркую, што даходы насельніцтва перад выбарамі могуць узрасьці на 10—15 працэнтаў. Урад пойдзе на тое, каб індэксаваць пэнсіі. Але паколькі выбары ў верасьні, а ацяпляльны сэзон пачынаецца ў лістападзе, то ўрад будзе мець 2 месяцы, каб зрабіць паўзу.

Але асноўныя падзеі пачнуцца ў 2010 годзе, калі рэсурс беларускай эканомікі значна зьменшыцца. І за газ мы будзем плаціць зусім іншыя грошы, і магчымасьці дыялёгу з Расеяй будуць іншыя. Калі не ажыцьцяўляць структурныя перамены, беларуская эканоміка будзе хуткімі тэмпамі траціць канкурэнтаздольнасьць у параўнаньні з нашымі суседзямі”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG