Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін: Ці павінен кіраўнік дзяржавы быць прыкладам для грамадзянаў


Грамадзкі рэдактар тыдня – палітвязень Аляксандар Казулін. Гэтае жаданьне ён выказаў падчас нядаўняй сустрэчы са сваімі дочкамі ў калёніі “Віцьба-3”.

Пасьля прысуду да пяці з паловай гадоў пазбаўленьня волі за нібыта хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў Аляксандар Казулін адбывае пакараньне ў калёніі “Віцьба-3”.

Журналістам радыё спадар Казулін перадаў заданьне падрыхтаваць перадачу на тэму «Ці павінен кіраўнік дзяржавы быць прыкладам для грамадзянаў». У тым ліку ён замовіў два апытаньні: сярод сталых гарадзенцаў – пра адносіны да вышэйшых дзяржаўных кіраўнікоў. Ну а студэнты Белдзяржунівэрсытэту, рэктарам якога Аляксандар Казулін быў некалькі гадоў, адкажуць, зь якімі сымбалямі асацыіруецца ў іх вышэйшая пасада ў краіне.

Нашыя карэспандэнты высьветляць таксама, што думаюць гісторыкі пра адметнасьці беларускіх дзяржаўных лідэраў ад старажытнасьці да сёньняшніх дзён. Адначасова слухачы даведаюцца, што на думку спэцыялістаў варта было б пераняць у кіраўнікоў суседніх дзяржаваў, такіх славутых нацыянальных лідэраў, як Нэльсан Мандэла, Вацлаў Гавэл, Біл Клінтан ды іншыя. Асобны досьлед прысьвечаны тэме аўтарытэту сёньняшняй беларускай улады.

Cярод тых. Хто камэнтуюць гэтыя сюжэты – маці Аляксандра Казуліна, ягоны былы адвакат Ігар Рынкевіч ды іншыя.

А падсумуе тэму Аляксандар Казулін – ён перадаў праз дачку Юлію свае развагі пра сутнасьць кіраўніцтва дзяржавай. Вось кароткі ўрывак з тэксту грамадзкага рэдактара тыдня:

“Улада і ўладараньне ёсьць два розныя паняцьці. Уладараньне – самая нізкая праява сьвядомасьці. Бо яно народжанае самым страшным – усёвыключальным эгаізмам.

Улада ж, якая асьвяшчаецца вышэйшым веданьнем і напружаньнем сэрца, ёсьць служэньне і вышэйшая ахвяра.

На прыкладзе нашага правіцеля можна сказаць, што ў нас няма ўлады-служэньня. А ёсьць уладараньне і выкарыстаньне свайго народу для ўладараньня ўсёвыключальнай самаўпэўненасьці і эгаізму”.

***

Экс-кандыдату ў праэзыдэтны Беларусі 53 гады. Прафэсар, доктар навук, лідэр БСДП “Грамада”. Удавец, мае двух дачок і ўнука. Служыў на Балтыйскім флёце ў марской пяхоце, пасьля дэмабілізацыі працаваў на МТЗ. З чырвоным дыплёмам скончыў мэханіка-матэматычны факультэт БДУ. Быў сакратаром камітэту камсамолу БДУ. Працаваў выкладчыкам, дэканам факультэту ўнівэрсытэту, потым у міністэрстве адукацыі начальнікам аддзелу, намесьнікам і першым намесьнікам міністра.

Ад 1996 да 2003 году – рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, ад 1998 да 2001 — член ураду Беларусі, міністар.

У красавіку 2005 году на аб’яднаўчым зьезьдзе абраны старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. У тым жа годзе стаў заснавальнікам і каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы “Воля народу”.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году быў кандыдатамі на пасаду кіраўніка Беларусі. Яго затрымалі 25 сакавіка падчас разгону шэсьця на праспэкце Дзяржынскага і праз чатыры месяцы прысудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўленьня волі за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў. Адбывае пакараньне ў калёніі “Віцьба-3”. Пры канцы 2006 году 53 дні трымаў палітычную галадоўку – дамагаўся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і патрабаваў разгледзець стан з правамі чалавека ў Беларусі на Радзе бясьпекі ААН. У выніку галадоўкі зь ініцыятывы ўраду ЗША на паседжаньні Рады бясьпекі ААН было ўзьнятае пытаньне пра Беларусь. Міжнародная амністыя прызнала Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.

Вось некаторыя вытрымкі зь інтэрвію беларускай прэсе, якія спадар Казулін даў падчас пахаваньня сваёй жонкі.

“…Я працягваю руку Лукашэнку, раблю гэта з абсалютна чыстым сэрцам, чыстымі намерамі. У мяне няма да яго ні злосьці, ні нянавісьці, ні нават раздражненьня. Я прапаную яму забыць пра ўсе асабістыя крыўды. Ён прэзыдэнт, і як бы мы таго не хацелі, ён першы прэзыдэнт Беларусі, частка нашай гісторыі. Мы павінны гэта прызнаць. Але сёньня мы стаім перад тым, што фактычна ў Беларусі завяршылася пабудова таталітарнай дзяржавы. У нас татальны гвалт над усім і ўсімі, над асобай, свабодай выбару, магчымасьцю любіць таго, каго хачу, сябраваць з тым, з кім хачу, над магчымасьцю думаць. Гэта ўжо мяжа, за якой цемра. Усе мы ходзім пад Богам, і я заклікаю Аляксандра Рыгоравіча стаць сапраўды прэзыдэнтам краіны, а ня простым сьмяротным”.

“…Я гатовы без амбіцый і эмоцый абмяркоўваць праблему агульнага дабра нацыі… Мудрасьць ранейшых пакаленьняў што гаварыла? Татальны гвалт вядзе да разбурэньня. Сябелюбства вядзе да духоўнага вынішчэньня. Гэта відавочныя рэчы да якіх мы ідзём”.

“…Я памятаю, як Пётр Краўчанка выйшаў і сказаў: “Я гатовы стаць нацыянальным героем”. Але не чалавек гэта вырашае, а грамадзтва. Лідэр ня можа сказаць “Я лідэр”. Гэта вырашаюць людзі. Таму, калі людзі вырашаць, што я магу такім быць, то гэта іншая сытуацыя. Але сам я такіх заяваў рабіць ня буду”.

“…Я быў і застаюся свабодным. Свабода — гэта паняцьце ўнутранае, а ня зьнешняе. Ня важна, дзе знаходзіцца чалавек. Аграмадная колькасьць людзей, якія на волі, насамрэч знаходзяцца ў турме сваіх жаданьняў і жарсьцяў. Яны рабы, нельга быць крышачку рабом, калі стаў хоць у нечым рабом, то гэта назаўсёды”.

“…Я ніколі ня быў рабом, ніколі ня стану ні перад кім на калені. Цяпер ідзе барацьба цывілізацыйных праблем. Так выйшла, што на мне засяродзіўся згустак гэтых праблем. І вырашаецца пытаньне, хто перамагае — дабро і сьвятло ці нянавісьць і ярасьць. З маёй жонкай і мной наша ўлада пераступіла праз самае сьвятое, яна растаптала сьвятыні, якія нельга таптаць. Трэба зразумець, што мы ўсе мусім адступіць ад глыбіняў мярзоцьця, подласьці і цемры. Мы павінны даць магчымасьць выйсьці на свабоду сьветламу пачатку ў кожным чалавеку, дабру”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG