Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хто замінае Палаце прадстаўнікоў увесьці “карту беларуса”?”


Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 8 траўня.


Сёньня ў Эўропе адзначаюць Дзень Перамогі. У 1945 годзе 8 траўня быў падпісаны акт пра капітуляцыю Нямеччыны ў Другой усясьветнай вайне. Мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар: “Сталінскія рэпрэсіі ў асноўным праводзіліся да вайны. Выйграць вайну Сталіну дапамаглі Амэрыка і Англія. Сталін сядзеў паміж Рузвэльтам і Чэрчылем як герой, генэралісімус! Пасьля вайны прайшло 63 гады. І цяпер успамінаюць, колькі людзей было зьнішчана сталінскімі рэпрэсіямі, у тым ліку і ў Курапатах. Чаму ж так позна наступіла прасьвятленьне мазгоў? Гітлер ішоў вызваляць савецкіх людзей ад сталінскага гнёту, ад тыраніі. А Захад падтрымаў тырана, дэспата. Дык кусайце цяпер сябе за локці, калі дастанеце. Дзякуй”.

Думкі слухача камэнтуе гісторык Алег Гардзіенка:

“Нацыстоўская акупацыя зьнішчыла больш людзей у Беларусі, чым сталінскія рэпрэсіі. Дасьледчык Леанід Маракоў ацэньвае колькасьць рэпрэсаваных у 700 тысячаў чалавек. Лічыцца, што ў час вайны загінуў кожны чацьвёрты беларус (гэта з тымі, хто палёг на франтах). Два рэжымы былі для Беларусі фатальнымі. Заходнія саюзьнікі падчас вайны, пэўна, выбіралі меншае зло. Таму яны пайшлі на супрацоўніцтва са Сталіным. А пасьля 1945 году яны аб'ядналіся і пачалося супрацьдзеяньне Савецкаму Саюзу. Яно атрымала назву “халодная вайна”.

СМС-паведамленьне на наш нумар мабільнай сувязі 391-22-24: “Віншую! Беларусь — Францыя: 3:1. Мы пераможцы! Прыемна бачыць нашых беларускіх заўзятараў хакею зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і ў майках з Пагоняй на чэмпіянаце сьвету ў Канадзе”. 7 траўня зборная Беларусі абыграла каманду Францыі і выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату сьвету па хакеі.

7 траўня ў Маскве адбылася цырымонія ўступленьня на пасаду новага прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Спадар: “Вось, Аляксандар Рыгоравіч, вучыцеся, як важна быць сапраўдным сумленным чалавекам, як зрабіў Уладзімер Уладзімеравіч Пуцін сёньня. Гэта вам навука”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадар, Вільня: “Якія імпэрыялістычныя ворагі Амэрыкі і Эўропы ў Палаце прадстаўнікоў не даюць Беларусі прыняць “карту беларуса,” будзе цікава даведацца”.

Слухачу адказвае намесьнік кіраўніка камісіі міжнародных спраў і сувязяў з СНД у Палаце прадстаўнікоў Сяргей Касьцян:

“Мы ня можам і ня маем права рабіць “карту беларуса”, бо паважаем статус і незалежнасьць кожнай краіны, дзе пражываюць нашыя супляменьнікі. Усялякія карты — гэта правакацыі супраць іншай краіны, дзе пражывае нацыянальная меншасьць. Ніводная нармальная незалежная краіна не ўспрыме ніякай карты. Кіраўніцтва любой краіны, якое паважае само сябе, ніколі не падтрымае такіх прапановаў. Гэта правакацыя, якая нясе разлад паміж нацыянальнасьцямі, якія жывуць у той ці іншай краіне”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG