Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар “Газэты Слонімскай” шукае абароны ў чытачоў


Віктар Валадашчук
Віктар Валадашчук

Пасьля чарговага наведваньня ўладных кабінэтаў рэдактар “ГС” прыходзіць да высновы, што “чыноўнікі вырашылі зьнішчыць газэту”. Рэдактар наўпрост пытаецца ў сваіх чытачоў: патрэбная ім “Газэта Слонімская” ці не?

Некалькі тыдняў таму “ГС” адмовілі ў працягу дамовы арэнды безь якіх-кольвек тлумачэньняў.

“Спробы знайсьці памяшканьне нават у прыватных уласьнікаў не даюць ніякага выніку: усе адмаўляюць”, — кажа Віктар Валадашчук.

У лісьце да чытачоў рэдактар узгадвае, што вось ужо на працягу двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”, паколькі дамову не працягнулі. Нядаўна паводле вуснага загаду мясцовых чыноўнікаў газэту забаранілі прадаваць у крамах.

А днямі рэдактар атрымаў ліст з папярэджаньнем аб парушэньні ліцэнзіі на дробны гандаль (газэта распаўсюджваецца прыватнымі асобамі) і з пагрозай ануляваць ліцэнзію.

Віктар Валадашчук перакананы, што газэту мэтанакіравана зьнішчаюць. Таму апошняе, што ён вырашыў зрабіць, — запытацца ў чытачоў, ці патрэбная ім газэта. Рэдактар запрашае накіроўваць лісты на імя рэдакцыі, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні са сваімі думкамі наконт гэтага. Допісы будуць апублікаваныя.

Рэдактар таксама ўзгадвае гісторыю газэты й піша, што ў 1938 годзе яе ўжо зачынялі, але ў гісторыі не засталося імёнаў тых, хто гэта рабіў. Гэтым разам рэдактар абяцае апублікаваць імёны ўсіх, хто датычны да закрыцьця газэты. “Гісторыя і нашчадкі павінны ведаць іх імёны” — піша Віктар Валадашчук.

Нагадаю, што тэрмін арэнды памяшканьня ў рэдакцыі сканчаецца 1 чэрвеня. “Газэта Слонімская” — апошняе незалежнае грамадзка-палітычнае выданьне ў Гарадзенскай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG