Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два пасланьні ў адзін дзень


Сёньня Аляксандар Лукашэнка выступае са штогадовым пасланьнем да беларускага народу і парлямэнту . І сёньня ж сваё пасланьне зьбіраюцца перадаць у Нацыянальны сход кіраўнікі АГП.


Для старшыні камісіі ў адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Здановіча сёньняшняе пасланьне кіраўніка беларускай дзяржавы стане чацьвёртым:
“Пасланьне прэзыдэнта краіны гэта заўсёды праграмны дакумэнт. Звычайна, з практыкі папярэдніх гадоў, я мяркую, даецца аналіз таго, што адбылося за апошні год. Таксама даюцца пэрспэктывы разьвіцьця краіны на будучыню.
Натуральна, будуць абазначаныя праблемы дачыненьняў з краінамі замежжа, найперш СНД. Таксама будуць разгледжаныя пытаньні эканомікі, унутранага жыцьця краіны.
А мяне як старшыню профільнай камісіі, канечне, будуць цікавіць пытаньні, зьвязаныя з будучыняй нашай адукацыйнай школы. Ну, а паколькі гэтая сэсія яшчэ і апошняя для дэпутатаў нашага скліканьня, дык, я думаю, лёгкім рэфрэнам будзе абазначаны і лёс нашай сёньняшняй суполкі”.
На прадстаўленьне пасланьня традыцыйна запрашаюць кіраўнікоў дыпляматычных місіяў краінаў, якія акрэдытаваныя ў Беларусі. А як гэтым разам?
Часовы павераны ў справах Славаччыны ў Беларусі Любамір Рэгак сказаў нашаму Радыё, што ён, як і дыпляматы зь іншых краінаў Эўразьвязу, атрымаў запрашэньне прысутнічаць у Авальнай залі. Аднак, падобна, іх на прэзэнтацыі пасланьня ня будзе. Спадар Рэгак тлумачыць:
“Па аўторках мы, дыпляматы краінаў Эўразьвязу, зьбіраемся на свае паседжаньні. І таму мы ня зможам прысутнічаць у парлямэнце”.
Сёньня сваё пасланьне дэпутатам зьбіраецца перадаць і кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі, гаворыць лідэр партыі Анатоль Лябедзька:
“Ёсьць рашэньне справаздачнага партыйнага з’езду, у якім адным з пунктаў запісана – даручыць кіраўніцтву партыі арганізаваць перадачу нашага пасланьня ва ўладныя структуры. Таму мы сёньня перададзім гэты дакумэнт у Нацыянальны сход, адміністрацыю Лукашэнкі, ва ўрад.”
На пытаньне, чым адрозьніваюцца пасланьні, спадар Лябедзька адказаў так:
“Нават у назвах расстаўленыя розныя прыярытэты. Мы на першае месца ставім грамадзяніна, асобу, чалавека, а не Нацыянальны сход ці абстрактны народ.
Я прагназую, што гэта будуць дакумэнты з рознымі ацэнкамі, з рознымі сцэнарамі і прапановамі для разьвіцьця Беларусі. Хаця жыцьцё паказвае – тое, што мы прапаноўвалі ў нашым папярэднім пасланьні, а таксама ў некалькіх варыянтах праграм, якія былі перададзеныя ўраду, улада пасьля мусіла так ці інакш рэалізоўваць. Адзіная розьніца, што гэтыя прапановы выкарыстоўваліся са спазьненьнем на 7-10-12 гадоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG