Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змаганьне зь ільготамі страціла сыстэмнасьць


Скасаваньне сацыяльных ільготаў, распачатае летась у Беларусі, пераўтвараецца ў поўную бессыстэмнасьць. Такога меркаваньня як самі былыя льготнікі, так праваабаронцы і нават дэпутаты, якія аднагалосна галасавалі за новы закон. Сёньня ўлады абвяргаюць свае ж аргумэнты і пад ціскам грамадзкасьці пачынаюць вяртаць палёгкі .


За апошні час урад ды асабіста Аляксандар Лукашэнка мусілі аднавіць ільготы некаторым катэгорыям грамадзянаў. На дачны сэзон вернутая 50-працэнтная зьніжка на праезд у прыгарадным транспарце пэнсіянэрам. Напярэдадні чарговай гадавіны чарнобыльскай трагедыі вернутыя льготы на лекаваньне ліквідатарам, якія праз сваю дзейнасьць атрымалі складаныя формы захворваньняў. Некаторыя палёгкі адноўленыя “інтэрнацыяналістам” і студэнтам. Між тым, праваабаронца і ўдзельнік аўганскай вайны Алег Волчак лічыць прыняты летась закон амаральным і патрабуе радыкальнага яго перапісу. Сытуацыю ілюструе на прыкладзе аўганцаў:
“Лічым, што закон, прыняты ў мінулым годзе, супярэчыць пагадненьню краінаў СНД 1994 году, у якім указана, што нашы правы ня мусяць зьмяняцца ў горшы бок. Там замацаваны мінімальны набор: бясплатны праезд у гарадзкім і прыгарадным транспарце і раз на год з 50-працэнтнай зьніжкай на міжгароднім транспарце. Туды ўваходзіць бясплатнае пратэзаваньне зубоў, бясплатныя санаторыі і мэдыкамэнты. Па дасягненьні 60 гадоў – льготы на аплату хатняга тэлефона і камунальных паслугаў. Ёсьць яшчэ шэраг пазыцый у гэтым дакумэнце, аднак закон цалкам парушыў пагадненьне СНД і пазбавіў нас васьмі ільготаў. Зь іх у сапраўдны момант распаўсюджваецца льгота толькі на праезд у гарадзкім транспарце”.
Як кажа Алег Волчак, бясплатны праезд аўганцам скасаваны. На аднаўленьне ранейшай нормы кімсьці проста дадзеная вусная каманда. А гэта значыць, што на кабінэтным узроўні льгота можа быць зноў адмененая.
Зь ініцыятывы грамадзкіх арганізацый, перадусім Беларускага Хэльсынскага камітэту, летась беларускія студэнты пачалі збор подпісаў за зьмены ў закон “Аб дзяржаўных сацыяльных льготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзянаў”. Студэнты абураліся, што скасаваная 50-працэнтная зьніжка на праезд у грамадзкім і прыгарадным транспарце пры існуючай стыпэндыі адчувальна адаб’ецца на матэрыяльным становішчы сем’яў. За падпісную актыўнасьць некаторыя навучэнцы былі адлічаныя з ВНУ. Але, як кажа выканаўчы дырэктар БХК, кіраўніца камісіі ў справах моладзі Тацяна Гацура, плён студэнцкага супраціву відавочны:
“Тая кампанія мела плён і пачалі паціху льготы вяртаць назад. Наладжваецца свая сыстэма. Коштам ВНУ кампэнсуецца частка грошай. Студэнты прыносяць у дэканаты квіткі, у выніку ўстановы кампэнсуюць 50% ад патрачанай імі на дарогу сумы. Але гэта тычыцца толькі тых навучэнцаў, якія жывуць у іншых мясцовасьцях, хто езьдзіць дадому міжгароднім транспартам. То бок, не вяртаюць за гарадзкі транспарт, а вось за аўтобусы, цягнікі палову вяртаюць. І плюс ёсьць яшчэ сыстэма вылічэньняў: калі ў сем’ях невялікі прыбытак, тады таксама выплачваюцца пэўныя сумы”.
Аргумэнты “за” і “супраць” закону аб упарадкаваньні ільготаў выклікалі раскол нават у асяродку народных абраньнікаў. Калі год таму галасаваньне выявіла толькі адзін голас супраць, то сёлета пачаліся радыкальныя “хістаньні”. Дэпутат Мікалай Чурсін кажа, што праект закону праляжаў у парлямэнце тры гады і быў “прасунуты” зь ініцыятывы ўраду. Але на “выхадзе” ён атрымаў зусім іншы эфэкт. Дэпутат Чурсін заклікаў нават прыцянуць да адказнасьці лябістаў і распрацоўнікаў закону:
“Савет Міністраў у асобе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пераканалі дэпутатаў, што гэты закон урэгулюе сацыяльную справядлівасьць, зьнізіць фінансавую нагрузку на бюджэт, і эканомія грашовых сродкаў будзе накіраваная на дапамогу дзецям. Але прайшло ўсяго некалькі месяцаў, і практыка паказала: аргумэнтацыя, прапанаваная міністэрствам, аказалася абсалютна непрадуманай. За першы квартал 2008 году замест эканоміі бюджэтных сродкаў мы атрымалі павелічэньне выдаткаў на гэтыя мэты амаль у 3,5 раза больш. За першы квартал таксама панесла страты чыгунка. У выніку гэтага прэзыдэнт Лукашэнка мусіць выпраўляць сытуацыю, створаную законам”.
Але іншыя дэпутаты, як Натальля Аўдзеева, перакананыя: закон прыняты своечасова і бальшыня беларусаў здольная абысьціся безь дзяржаўнай падтрымкі:
“Мы мусілі рана ці позна прыйсьці да гэтага рашэньня. Бо тое, што адбывалася ў краіне вось з гэтай агромністай агульнай катэгорыяй ільготнікаў, ужо стала папросту ненармальнай зьявай. І гэту сытуацыю сапраўды трэба было ўпарадкаваць. “
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG