Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штраф за “Эўрапейскі марш” - больш за 5 мільёнаў


Савецкі суд Менску вырашыў спагнаць з заяўнікаў Эўрапейскага маршу агулам больш за тры з паловай мільёны рублёў. Менавіта такую суму запатрабавалі ў якасьці кампэнсацыі ўрону гарадзкія прадпрыемствы “Мінскзеленбуд” і “Рэмаўтадар” Савецкага і Першамайскага раёнаў.

Паводле “Мінскзеленбуду”, дэманстранты 14 кастрычніка мінулага году стыхійна патапталі газон, зламалі ліпу і хмызьнякі. Урон ацэнены ў 1 мільён 400 тысяч рублёў. Судзьдзя задаволіла пазоў у поўным аб’ёме.

Прадпрыемствы “Рэмаўтадар” Савецкага і Першамайскага раёнаў запатрабавалі, каб заяўнікі Эўрапейскага маршу заплацілі за нанесены ўрон больш як 2 мільёны 100 тысяч рублёў. Бо, каб прыбраць тэрыторыю пасьля акцыі, нібыта прыцягваліся дадатковыя сілы і тэхніка, давялося зьдзіраць налепкі, выкарыстоўваліся 10 біятуалетаў. Улічылі нават прэміяльныя для прыбіральшчыкаў. Гэты пазоў судзьдзя таксама задаволіў у поўным аб’ёме.

Нагадаем, раней суд задаволіў аналягічны пазоў “Гаррэмаўтадара” Менгарвыканкаму. З улікам сёньняшніх рашэньняў агульная сума кампэнсацыі дасягнула амаль 5 мільёнаў 600 тысяч. На пачатку траўня Савецкі суд разгледзіць яшчэ 6 такіх пазоваў ад гарадзкіх арганізацый.

Чаму так позна ўлады згадалі пра акцыю, якая адбылася ў мінулым годзе?
Прадстаўнік “Рэмаўтадару” Савецкага раёну Іван Аскерка сказаў:

“Афіцыйны тэрмін — тры гады. Мы маглі і пазьней. Так што тут гэта не праблема. Раней у нас такіх справаў не было і неабходнасьці не было”.

А ці можа апазыцыя сплаціць гэтыя грошы? Спадар Аскерка мяркуе:

“Яны ўсё ж такі таксама прадстаўнікі арганізацый. Так што, я думаю, змогуць аплаціць. Тым больш што па справе праходзіць шэсьць чалавек і для кожнага гэтая сума будзе вельмі невялікая”.

Разгляд справаў адбываўся без удзелу адказьнікаў — Аляксандра Мілінкевіча, Віктара Івашкевіча, Вінцука Вячоркі, Анатоля Лябедзькі, Зьмітра Хведарука і Яўгена Афнагеля. Яны лічаць прэтэнзіі беспадстаўнымі.

Паводле Анатоля Лябедзькі, гэта працяг рэпрэсіўнай палітыкі адносна апазыцыі.

“Пакуль я не зьбіраюся ні плаціць, ні хадзіць. Вядома, калі будуць штурмаваць кватэру судовыя выканаўцы, то нешта давядзецца рабіць. Будуць зараз біць па апазыцыі ня толькі турмой, але і матэрыяльнымі штрафамі, якія будуць узрастаць”.

Адзін з адказьнікаў Віктар Івашкевіч сказаў, што рашэньні будуць абскарджвацца. Хаця сплачваць гэтыя грошы давядзецца.

“Мы ж ня можам дапусьціць, каб заяўнікі былі невыязныя зь Беларусі. Я лічу, што гэта лукашэнкаўскі наступ. Яны вырашылі паказаць зубы міжнароднай супольнасьці. Ня нам, ня ўнутранай апазыцыі. Яны паказваюць зубы міжнароднай супольнасьці. Няхай паказваюць. Можа, таму, што яны вырашылі паказаць гэтыя зубы, ім іх павыбіваюць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG