Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Каму помнікі? Лукашэнку, але і Быкаву..."


Cёньня – Міжнародны дзень аховы помнікаў. Каму зь беларусаў варта паставіць помнік у вашым горадзе? Апытаньне ў Горадні.


Першы студэнт: “Я лічу, што помнік трэба паставіць Стэфану Баторыю, бо ён вельмі многа зрабіў для нашага гораду”.

Другі студэнт: “Помнік? Вітаўту. Вось яму трэба паставіць помнік. Таму што ён, па-першае, зрабіў вялікі ўнёсак у стварэньне нашага гораду, у яго культуру, традыцыі”.

Трэці студэнт: “Яўхіму Карскаму. Ён вельмі многа зрабіў для навукі ў нашай краіне, у тым ліку і ў Горадні, ёсьць імя яго бібліятэка, названа ўжо таксама гімназія ў яго гонар. Я думаю, помнік гэтаму чалавеку не перашкодзіў бы ў Горадні”.

Чацьверты студэнт: “Я падтрымліваю свайго сябра: Стэфану Баторыю я б паставіў помнік. Я б аддаў “гол” за яго (сьмяецца)”.

Пяты студэнт: “Францыску Скарыну ўсё-ткі, таму што ён самы першы, ён першапісьменьнік, першадрукар. Таму, я лічу, трэба паставіць яму помнік”.

Карэспандэнт: “А вы, значыцца, студэнты, і дзе вы вучыцеся?”

Пяты студэнт: “У Аграрным унівэрсытэце Горадні”.

Карэспандэнт: “А я думаў, што на гістарычным факультэце… Атрымліваецца, нават у Аграрным унівэрсытэце студэнты арыентуюцца ў такім пытаньні?”

Пяты студэнт: “Гісторыю вывучаем, і высьвятляюцца такія моманты, таму я б асабіста Францыску Скарыну паставіў помнік у нас”.

Спадарыня: “Канечне, адкажам, як гэта мы вам не адкажам! Каму зь беларускіх герояў?”

Карэспандэнт: “Не абавязкова героям, можна пісьменьнікам, напрыклад”.

Спадарыня: “Ну, Машэраў, ён, канечне, больш да Менску мае дачыненьне”.

Яе сяброўка: “Багдановічу варта было б, ён жыў пэўны час у нас”.

Карэспандэнт: “Помнік Багдановічу плянаваўся, яго не паставілі. А вы як думаеце: Багдановічу варта?”

Спадарыня: “Можна й Багдановічу, чаму не? Добры беларускі паэт, малады, добрыя вершы”.

Яе сяброўка: “Быкаву можна”.

Спадарыня: “Кляцкову можна, Машэраву можна, нашаму паважанаму і вельмі любімаму прэзыдэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Ён мае дачыненьне да ўсёй Беларусі, а мы жывем у Беларусі. Ён заслугоўвае”.

Карэспандэнт: “А вашая сяброўка выступае за Багдановіча і за Быкава?”

Тая падсумоўвае: “І ня толькі: у тым ліку за Багдановіча і за Быкава”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG