Два месяцы таму, калі з турмаў на волю адзін за другім датэрмінова выходзілі палітвязьні, шмат каму здавалася, што зьняволеных паводле палітычных матываў неўзабаве ўвогуле не застанецца. І пасьля гэтага пачнецца паўнавартасны дыялёг беларускай улады з Захадам. У сапраўднасьці, аднак, атрымалася інакш. Аляксандар Казулін ды іншыя палітыкі застаюцца ў турмах, а суды працягваюць разглядаць крымінальныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту і за палітычную дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў.
На гэту тэму — многія лісты ў пошце Свабоды.
Вось што піша нам Алесь Сякерка з Маладэчанскага раёну:
“Вось і скончыліся гульні з Захадам. Усе мы вярнуліся ў тое самае месца, дзе былі дагэтуль. Лукашэнка і ягоныя міністры ў Эўропу і Амэрыку езьдзіць ня могуць, але і нас, простых сьмяротных, там ня надта чакаюць. Інакш не адгарадзіліся б шэнгенскімі візамі коштам 60 эўра. А тую візу яшчэ паспрабуй атрымаць: ногі саб’еш, шукаючы дакумэнты ды езьдзячы ў Менск.
Ганаруся нашымі бясстрашнымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія насуперак усім запалохваньням, пагрозам і перасьледу ідуць пад суд, у турму, але не схіляюць галавы перад гвалтам. Мы ў свой час былі іншымі. Сядзелі ціха, баяліся, нічога ня ведалі. Шкада толькі, што ня ўся моладзь такая. Большасьць паслухмяна ўступае ў БРСМ, сядзіць па кутках, жлукціць піва. Між сабой скардзяцца на жыцьцё, сьмяюцца зь бязглуздасьці такой улады, але каб зрабіць нешта самім дзеля ўласнай будучыні — гэтага няма. І чаму яны такія?” —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Сякерка з Маладэчанскага раёну.
Магчыма, гэта моладзь бярэ прыклад са сваіх бацькоў, якія, як вы, спадар Сякерка, справядліва згадваеце ў лісьце, пішучы пра сваё пакаленьне, “сядзелі ціха, баяліся і нічога ня ведалі”. Хоць, будзьма справядлівымі, і ў тыя часы былі людзі, якія і ведалі, і не баяліся, і не сядзелі ціха...
Пра лёс і палітычныя пэрспэктывы палітвязьня Аляксандра Казуліна разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён піша:
“Падчас свайго кароткага трохдзённага побыту на волі ў Менску Казулін паўстаў у новым, зьмененым выглядзе. Ён заклікаў спачатку зьмяніцца самім, а потым ужо думаць пра курс на Захад, у Эўразьвяз; выказаў ідэю пра асьцярожнае стаўленьне да традыцыйнай адраджэнска-антырасейскай ідэалёгіі апазыцыі. Ясная справа: такі чалавек сваёй ідэйнай плятформай наўрад ці на 100 працэнтаў задаволіць большасьць цяперашняй апазыцыі (у якой БНФ — энэргаядро).
...Падчас выбараў 2006 году Казулін, па сутнасьці, ва ўсім апынуўся не ў сваёй талерцы. Ён франдзіраваў у стылі Жырыноўскага, але гэта не праходзіць у правінцыйнай (адносна Масквы) палітычнай культуры Беларусі. Адначасова ён ня схільны строга трымацца балтыйска-цэнтральнаэўрапейскага вэктару традыцыйнай апазыцыі. І пры гэтым памылкова спадзяваўся на арэол пакутніка, якога сустрэнуць як пераможцу, калі ён вернецца на белым кані. Але гэта — нетыповы для беларускага абыватальства мэнталітэт. Урэшце, невядома і тое, ці саступяць яму дарогу як важаку такія лідэры, як Мілінкевіч і Лябедзька”, —
— гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.
Пакуль што больш актуальнае для беларускай апазыцыі пытаньне — не пра палітычныя пэрспэктывы Аляксандра Казуліна, а пра яго вызваленьне з турмы. Былы кандыдат у прэзыдэнты застаецца за кратамі ўжо больш за два гады. Там вытрымаў цяжкую галадоўку, штодня сутыкаецца з псыхалягічным ціскам, зь перадузятым стаўленьнем турэмнай адміністрацыі. І на тле сёньняшніх падзеяў у Беларусі датэрміновае вызваленьне яго ды іншых палітвязьняў, якое яшчэ нядаўна выглядала зусім верагодным і хуткім, сёньня апынулася зноў пад вялікім пытаньнем.
Даўні сябар Свабоды Кастусь Сырэль з Вушачаў у сваім новым лісьце вяртаецца да драматычнай гісторыі, якая адбылася летась у ягоным горадзе. Ён піша:
“Колькі каштуюць сёньня ў нашай краіне нечалавечыя пакуты, зламанае жыцьцё і пажыцьцёвае калецтва васьмігадовага хлопчыка? Колькі каштуюць гора і сьлёзы яго няшчасных бацькоў? Зусім нямнога — усяго адзін мільён беларускіх рублёў. Гэта — сярэдні месячны заробак жыхара нашай сталіцы.
Мінулай восеньню ў адным са сваіх лістоў на Радыё Свабода я расказаў аб трагедыі, якая адбылася ў нашым райцэнтры.
У двары аднаго зь пяціпавярховікаў па вуліцы Камсамольскай гулялі дзеці, гушкаліся на арэлях. Незамацаваныя арэлі перакуліліся і зламалі васьмігадоваму хлопчыку абедзьве нагі.
Міколка (так завуць хлопчыка) ужо ходзіць, але вельмі дрэнна. Пра тое, каб бегаць, няма і гаворкі. Дарога на футбольнае поле ці хакейную пляцоўку для яго зачынена. Кажуць, у яго няправільна зрасьліся косьці, патрэбна складаная хірургічная апэрацыя. Ці дасьць яна плён — невядома. Магчыма, хлопчык застанецца на ўсё жыцьцё калекам, для яго будуць недаступныя ня толькі спартовыя гульні, але і многія мужчынскія прафэсіі.
Нядаўна адбыўся суд, які прысудзіў выплаціць бацькам Міколкі адзін мільён беларускіх рублёў. Вінаватых не знайшлі, а “стрэлачніка” гэтым разам “прызначыць” не ўдалося. Аб размовах пра тое, як вялося сьледзтва і як праходзіў суд, распавядаць ня буду, бо яшчэ “ўпаяюць” гадоў сто за паклёп на нашую самую “чэсную” ў сьвеце ўладу”,—
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў.
Давайце параўнаем гэтую кампэнсацыю дзяржаўных службаў за калецтва васьмігадовага хлопчыка з тымі кампэнсацыямі, якія адсудзілі ў недзяржаўных газэт высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі — за тое, што журналісты нібыта зьняважылі іхнія гонар і годнасьць. Такім чынам: пазоў дзяржсакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана да газэты “Навіны” і журналіста Сяргея Аніські — каля 50 тысяч даляраў; пазоў былога старшыні Камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка да газеты “Наша свабода” і журналіста Міхаіла Падаляка — каля 56 тысяч даляраў; пазоў дэпутата Нацыянальнага сходу Сяргея Гайдукевіча да газэты “Народная воля” — каля 45 тысяч даляраў.
Атрымліваецца, жыцьцё і здароўе дзіцяці суд ацэньвае больш як у сто разоў ніжэй за патурбаванае самалюбства надзеленага вялікай уладай начальніка. У каго-небудзь яшчэ застаюцца пытаньні пра ступень незалежнасьці такіх судоў і ўзровень маральнасьці такіх начальнікаў?
Пра вытокі трагічных выпадкаў і бясьпеку асяродзьдзя, у якім жывуць у Беларусі людзі, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” вынаходнік Уладзімер Рачок зь Менску. Ён піша:
“На пачатку сакавіка назіраў па адным беларускім тэлеканале, як безвынікова дамагалася праўды жанчына, дачка якой пацярпела ад удару электратокам. Аказалася, электрык пераблытаў правады. А адказваць за наступствы здарэньня няма каму.
У маёй сям’і калісьці адбылася падобная трагедыя: у Віцебску загінула 15-гадовая ўнучка праз тое, што электрык таксама пераблытаў правады, не было зазямленьня. Мая спроба папярэдзіць такія выпадкі, прадухіліць сьмяротнасьць у аналягічных сытуацыях скончылася мноствам адпісак з розных устаноў. Ва ўсіх гэтых адпісках пра гібель людзей — ні слова, затое ў супакойваючых канцоўках паведамляецца, што такая сыстэма адпавядае патрабаваньням. А якім патрабаваньням — пра гэта ня пішуць. Можа, гэта і ёсьць новая тэхналёгія, якой хваляцца ўлады? Пры адсутнасьці лёгікі можна з гэтым пагадзіцца. Але я — за лёгіку, безь яе прагрэс немагчымы”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Уладзімер Рачок зь Менску.
Правілаў, інструкцыяў і дырэктываў на такія выпадкі напісана і зацьверджана мноства, спадар Рачок. Недахопу ў іх няма. Іншая справа, што нядбайны электрык, які пераблытаў правады, альбо абыякавы сьлесар, які не замацаваў як сьлед дзіцячыя арэлі ў двары ўшацкага дома, на тыя шматлікія інструкцыі і дырэктывы ня надта зважаюць. Часткова — таму, што працуюць гэтак здаўна, нядбайнасьць — у нядобрай традыцыі. Але не ў апошнюю чаргу і з той прычыны, што адказнасьць за трагедыю часта несувымерная зь яе наступствамі. Выпадак з ушацкім хлопчыкам у гэтым сэнсе — вельмі красамоўны.
На заканчэньне — кароткі ліст Марыі Яроменкі зь Менску пра сэктантаў, якія схаваліся ў пячоры пад Пензай, чакаючы канца сьвету. Слухачка піша:
“Многае залежыць ад вашага, журналісты, разуменьня неабходнасьці і немінучасьці крутога павароту чалавецтва да Бога, каб не перапынілася само існаваньне чалавека.
І калі мы станем разумнейшымі? Як у часы праведнага Ноя людзі не разумелі яго, калі будаваў каўчэг дзеля выратаваньня ад Божага гневу, так і зараз людзі не разумеюць тых праведнікаў, якія схаваліся ад гневу Ўсявышняга пад зямлю”, —
— напісала Марыя Яроменка зь Менску.
Гневу Ўсявышняга і канца сьвету сэктанты не дачакаліся, а вось ад выкліканага паводкай абвалу скляпеньняў пацярпелі.
Нагадаю: у лістападзе 2007 году 35 чалавек, у тым ліку некалькі грамадзян Беларусі зь дзецьмі, зачыніліся ў пячоры ў Расеі, пад Пензай. На гэты момант большасьць іх сваю схованку пакінулі. Радыё Свабода падрабязна распавядала пра гэтую сытуацыю і працягвае сачыць за ёй.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by