Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Папоў: “Надышоў час абмеркаваць мараторый”


Кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў заявіў сёньня, што “надышоў час, каб абмеркаваць пытаньне аб увядзеньні мараторыя на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі”.


Гэтак ён адказаў на пытаньне “Свабоды” пра ягонае асабістае стаўленьне да гэтай праблемы.

Падставай для майго пытаньня сьпікеру стаў зварот дакладчыка па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні, каб афіцыйны Менск ўвёў мараторый на сьмяротнае пакараньне. Гэты зварот да кіраўнікоў абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу нават надрукавала “Народная газэта” – афіцыйнае выданьне парлямэнту Рэспублікі Беларусь.

Вадзім Папоў, дарэчы, прызнаў: “многія казалі, што не патрэбна друкаваць матэрыял Рыгоні, маўляў, народ абурыцца”.

“Мы надрукавалі даклад Рыгоні. Цяпер давайце паглядзім, як будзе рэагаваць на гэта насельніцтва. Дыскусія будзе ці ня будзе? Як народ да гэтага паставіцца? А потым будзем думаць, што рабіць далей.

Натуральна, з адмены сьмяротнага пакараньня не пачнеш. Можа, спачатку мараторый? І тут трэба працягваць працаваць з насельніцтвам. Ну, а як інакш, калі на рэфэрэндуме 86% грамадзянаў Беларусі прагаласавалі супраць адмены сьмяротнага пакараньня? Уявіце, дэпутаты прымуць іншае рашэньне. Пра якія правы чалавека, пра якую дэмакратыю тады можна казаць, калі б мы падтрымалі Эўропу і выканалі яе просьбу?

Давайце будзем разам рыхтаваць грамадзкую думку да таго, што сасьпелі ўмовы для таго, каб прыняць такое рашэньне. Але ж ёсьць такія злачынствы, якія проста ўзрываюць людзей. Вось у чым бяда”.

У лісьце Андрэа Рыгоні зьвяртае ўвагу на тое, што з 2004 году ў Беларусі не назіраецца прагрэсу ў справе ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Больш таго, летась Беларусь выступіла супраць рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН аб такім мараторыі. Такім чынам Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, дзе сьмяротнае пакараньне дагэтуль выконваецца.

Камэнтуючы высновы спадара Рыгоні Вадзім Папоў адзначыў:

“Зноў жа прад’яўляюць прэтэнзіі да Беларусі. А чаму не прад’яўляюць да ЗША, дзе дзейнічае сьмяротнае пакараньне? Ды й у іншых дзяржавах нашай плянэты яно існуе”.

На рытарычнае пытаньне старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова адказвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае:

“Па-першае, з нашымі грамадзянамі на гэтую тэму асабліва ніхто не працаваў. Па-другое, у бальшыні краінаў сьвету бальшыня насельніцтва якраз выступае за наяўнасьць інстытуту пакараньня сьмерцю. І на гэтую акалічнасьць, я думаю, можна не зьвяртаць асаблівай увагі. Таму што кіраўніцтва краіны мусіць разумець, што забойства чалавека ад імя дзяржавы гэткае ж амаральнае, як і забойства, якое зьдзейсьніў гэты чалавек”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG