Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БСДП (Грамада): раскол замест кансалідацыі?


У БСДП (Грамада) ствараецца фракцыя “За ўнутрыпартыйную дэмакратыю”. Стваральнікі незадаволеныя стылем кіраўніцтва партыі, які дэманструюць некаторыя члены прэзыдыюму ЦК.


Як паведаміў сябра БСДП (Грамада) Віктар Крываль, рашэньне аб стварэньні фракцыі было прынята на паседжаньні ЦК партыі. Неабходнасьць стварэньня фракцыі выкліканая адсутнасьцю дэмакратыі ў арганізацыі, кажа Віктар Крываль:

Крываль: “Прычым, ня толькі адсутнасьцю дэмакратыі, а прысутнасьцю ня проста аўтакратыі, а ледзь не дыктатуры ўнутры дэмакратычнай партыі”.

Карэспандэнтка: “Ці ня будзе гэта канчатковым расколам?”

Крываль: “Ні ў якім разе фракцыя ня ставіць за мэту раскол ці распад партыі. Стварэньне фракцыі накіраванае на аздараўленьне партыі і наагул, на аздараўленьне сацыял-дэмакратычнай ідэі ў Беларусі. Неабходнасьць нешта ствараць, каб змагацца з такім становішчам ў партыі, зьявілася бадай адразу пасьля таго, як старшыні БСДП (Грамада) Аляксандар Казулін быў арыштаваны. Але мы проста, як кажуць, не выносілі сьмецьце з хаты. У нас засталася апошняя магчымасьць кансалідаваць, скажам, ўнутрыпартыйную апазыцыю, хаця гэта не зусім так – проста людзей са здаровым сэнсам”.

Спадар Крываль кажа, што стварэньне фракцыі падтрымалі намесьнік старшыні партыі Ігар Рынкевіч, прадстаўнікі Менскай гарадзкой, Магілёўскай і Менскай абласной партыйных арганізацыяў.

Старшыня партыі Анатоль Ляўковіч у інтэрвію агенцтву БелаПАН заявіў, што пакуль “у пытаньні стварэньня фракцыі ня бачыць прадмету для размовы", што “сёньня партыя "ідэйна адзіная".

Старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі, сябра Прэзыдыюму ЦК БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі прызнаўся, што даведаўся пра стварэньне фракцыі ад журналістаў:

Маслоўскі: “Ня думаю, што гэта можа прывесьці да нейкага расколу. Гэта меркаваньне асабіста спадара Крываля, ня больш таго”.

Карэспандэнтка: “Вы лічыце, што ў партыі ўсё трывала, усё больш-менш нармальна?”

Маслоўскі: “Я сапраўды лічу, што ў партыі ўсё трывала, у тых арганізацыях, якія працуюць стала, там няма ніякіх галаслоўных заяваў. Нагадаю толькі адно: пры сустрэчы прэзыдыюма зь лідэрам партыі Аляксандрам Казуліным было выказана агульнае меркаваньне аб адзінстве, падтрымцы адзін аднаго, і ва ўсёй партыі, таму ніякіх не павінна быць разьмежаваньняў і расколаў”.

Рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль выказаў такое меркаваньне:

Кароль: “Такі гістарычны этап – маргіналізацыя партыі ў гістарычных адносінах. Заўсёды і паўсюль гэта адбываецца. Захаваецца нешта здаровае – пры пэўнай зьмене сытуацыі будзе адраджацца, папаўняцца новымі людзьмі і мяняцца, як гэта і бывала ў гісторыі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG